Яку – якава, а Тыку – тыкава. Хіба ёсць сумневы? Ёсць! Бо Як лічыць найгалоўнейшым у рэчы якасць, а Тык у рэчы любіць функцыянальнасць. Як яскравы, а Тык тэхнічны. Сыдуцца Як з Тыкам і спрачаюцца. Спрэчка зазвычай пераходзіць у сварку, а тая часам і бойкай заканчваецца. Як якасна б’е Тыку ў нюхаўку, а той наносіць тэхнічны ўдар Яку ў вуха. Сілы ў Яка і Тыка аднолькавыя, таму бойкі заканчваюцца хутка. Гэта першая сутычка Яка з Тыкам была доўгай, а скончылася ўсё адно нічым, бо Тыку – тыкава, а Яку – якава. Усе ведаюць, што кожнаму сваё. Толькі Як з Тыкам ніяк не прымуць простай ісціны: спрачаюцца, сварацца і б’юцца бясконца.
Ева кідала Адаму ў твар кавалкі непатрэбнай яму свабоды… І быў вечар, і была раніца, і была свабода.
Белая нітка і новая сталіца
Казку гэтую я пачуў ад сваёй бабы Броні. Пачуў я казку пра Белую нітку даўно, пачуў і забыўся, а тут пабачыў кончык звычайнай чорнай ніткі, што вытыркалася з-пад гузіка на кашулі, пабачыў і пацягнуў за яго. Ёсць у кончыка ніткі такая якасць – прымушае пацягнуць. Трэба ці не трэба, а пацягнеш. Пацягнуў – і выцягнуў усю нітку з гузіка, той адваліўся ад кашулі, упаў на падлогу, падскочыў і пакаціўся пад канапу. Давялося класціся на падлогу і даставаць гузік. Дастаў, тут і згадалася казка пра хлопчыка-пастуха, які пасвіў авечкі каля возера Свіцязь. Падышоў хлопчык да возера, а вада ў Свіцязі чыстая-чыстая, светлая-светлая, празрыстая-празрыстая. І ўбачыў пастух Белую нітку на вадзе ў Свіцязі. Узяў хлопец канец ніткі і пачаў цягнуць, а нітка цягнецца і цягнецца, цягнецца ды не сканчаецца. Пачаў пастух змотваць Белую нітку ў клубок. Калі зматаў ён клубок памерам з гусінае яйка, пабачыў, як з возера выплывае горад. Хлопчык цягне нітку і выцягвае з-пад вады цэлы горад з палацамі ды касцёламі, з цэрквамі ды кірмашамі… У горадзе тым народу процьма, і ўсе вясёлыя…
Адно што сабака злы выскачыў з-пад крамнай брамы ды паляцеў з брэхам наўпрост на пастуха. Той спалохаўся, кінуў клубок у Свіцязь і – уцякаць. Адбегся, азірнуўся, а горад ужо зноў схаваўся пад азёрнай вадою. Людзі кажуць, што каб хлопец не змотваў Белую нітку ў клубок, а прывязаў яе да хвойкі, дык чароўны горад Свіцязь так і застаўся б стаяць, а Беларусь атрымала б новую сталіцу. Чарадзейства чарадзействам, а пакуль сталіца ў нас яшчэ старая, давядзецца мне простай ніткаю прышыць да простай кашулі просты гузік.
Дарыць залатыя завушніцы. Расшпільваць станік. Нямоцна пакусваць смочкі. Лашчыць жаночы гузік. Зазіраць у пупок. Любіць цябе на сабе. Любіць сябе ў табе. Любіць.
У прыгажуні Дабраначы сем мужоў, сем злыдняў – Панядзелак, Аўторак, Сярэднік, Чацвер, Пятнік, Суботнік і Нядзельнік. Дабранач добрая, а мужы ў яе злосныя і жорсткія. Добра, што Дабранач бачыць кожнага з іх толькі раз на тыдзень. Добра, што кожны з мужоў думае і верыць, нібыта ён у Дабраначы адзіны і непаўторны. Добра, што мужы Дабраначы ніколі не бачылі і не ўбачаць адзін аднога, а то б… Лепей пра такое не думаць і такога не ўяўляць. Жыве сабе Дабранач і жыве са сваімі злыднямі. І няхай іх сумеснае жыццё будзе вечнае.
Малы Цемрык і цвік-страла
Мужчына заўважыў Малога Цемрыка краем вока. Мужчына зайшоў у цёмнае памяшканне, запаліў святло і пабачыў, як Малы Цемрык пабег на танюткіх ножках у чорны закутак пад батарэяю. Тамака Цемрык і прапаў, як заўжды. Не тое каб ён моцна раздражняў мужчыну ці палохаў яго сваімі нечаканымі з’яўленнямі. Не. І шкоды ніякай вялікай Малы Цемрык не ўтвараў, але мужчына вырашыў прыбіць пачварку. Мужчына задумаў прыстрэліць Малога Цемрыка, каб той не круціўся пад нагамі. Мужчына зрабіў невялічкі арбалет, які мог стрэліць цвікам-стралой з такой сілаю, што дошка на тры сантыметры таўшчынёю лёгка прабівалася навылёт. Мужчына зайшоў у цёмны пакой, пстрыкнуў выключальнікам, навёў арбалет на Цемрыка і пусціў стралу. Цвік прабіў Малога Цемрыка і напалову загнаўся ў бетонную сцяну. Чорная, як нафта, кроў хутка выцекла з маленечкага чалавечка. Мужчына сабраў кроў анучай, якую запіхнуў у цалафанавы пакет разам з вялым цельцам застрэленай пачваркі. Мужчына першы раз пашкадаваў Малога Цемрыка ў той момант, калі пакет выкідаўся ў смеццеправодную трубу. Другі і апошні раз ён пашкадаваў Цемрыка, калі абцугамі вырываў са сцяны цвік-стралу.
Калодзежная жонка і Залаты грабянец
Читать дальше