Дамінік пагарэў на хцівасці. Высокі, самавіты, выкшталцоны малады мужчына вырашыў парукацца з чортам. З-за чаго? А з-за прыступкі на службовай лесвіцы. З ніжэйшага сярэдняга звяна Дамініку карцела пералезці ў цэнтральнае сярэдняе звяно. Так яму праглася службовага павышэння, што сам чорт угледзеў Дамінікаву прагу кар’еры. Падкаціўся чорт да амбітнага Дамініка і прапанаваў хуткае павышэнне. Мужчына, вядома, запытаўся пра кошт паслугі. Чорт падміргнуў Дамініку і сказаў, што душу забіраць не будзе, бо не час, а пакіне сабе адно маленечкае права – падміргваць людзям Дамінікавым правым вокам. Так чалавек з чортам і дамовіліся. Дамінік хутка перапоўз на цэнтральную прыступку сярэдняга звяна, як і дакляраваў чорт. Дамініка прызначылі кіраваць палітычна-інфармацыйным сайтам і запрасілі на сустрэчу з прэзідэнтам. Дамінік падрыхтаваў і зацвердзіў пытанні. Дамінік апрануў белую кашулю пад новы чорны гарнітур ды выправіўся на прэс-канферэнцыю. Чорт, вядома, не спаў у шапку. Калі Дамінік устаў, каб задаць пытанне, галава ягоная торгнулася, а правае вока падміргнула прэзідэнту. Дамінік яшчэ тры разы паспеў высока ўскінуць падбароддзе і крыва падміргнуць першай асобе, пакуль яго вывалоквалі з залі моцнарукія ахоўнікі. За дурнаватую выхадку Дамініка выгналі з працы. Дамінік запіў. Ён бы і спіўся зусім, каб не чорт. Але, кажуць, нават чорт сваіх памагатых у бядзе не пакідае. Чорт падкаціўся раніцай да неапахмеленага Дамініка і вытаргаваў у яго душу. За што? А за шклянку гарэлкі. Пасля той шклянкі бядоты і гароты Дамініка скончыліся раз і назаўжды, бо ён выпіў усё да кроплі і перадаў чорту душу і цела.
Ісціна спадарыні Багушэвіч
«Што ёсць ісціна?» – спытала спадарыня Пілатовіч у спадарыні Багушэвіч. «Чэлес! Калі чэлес стаіць! Ісціна ў паўставанні і стаянні мужчынскага чэлеса!» – адказала спадарыня Багушэвіч. «Хіба паўставанне мужчынскага чэлеса можна назваць ісцінаю?» – засумнявалася Пілатовіч. «Вядома, калі ты – жанчына. У мужчын на гэты конт ёсць іншая версія, але нам, жанчынам, яна малацікавая. Павер!»
Вера, абізян, п’яніца і чалавечыя рогі
У Веры быў нікчэмны муж. Бедны, дробны, зайздрослівы, аблавухі, зласлівы, брыдкатвары, пустаслоўны, крываногі, баязлівы і спрэс валасаты. Не чалавек, а натуральны абізян! Сівыя валасы раслі ў абізяна нават на вушах і на носе. Вера свайго сівавухага абізяна нават палюблівала, але яна палюблівала і розных іншых. Вера зазвычай палюблівала людзей высокіх і заможных. Але галодных і брудных Вера таксама палюблівала. Яна давала ўсім, хто прасіў, бо мела свой адметны погляд на хутказменлівае ды хуткаплыннае жыццё. «Сягоння адмовіш, сягоння не дасі, сягоння не адсмокчаш, а заўтра ніхто і не папросіць!» – шаптала Вера сяброўкам. Вера давала, смактала, падмахвала, падстаўлялася, ракам станавілася. Вера жыла! Але была ў Веры адна бяда. У Веры не раслі рогі. Там, дзе ў звычайных жанчын растуць рогі, у Веры былі ямкі, бо яе сівалобы абізян нікому не падабаўся. Абізян не здраджваў Веры не таму, што не хацеў, а таму, што не мог. Вера таксама не магла яму ў гэткай далікатнай справе дапамагчы. Спрабавала. Але нават прасталыткі не пагаджаліся даць абізяну. Гідзіліся! Адна дарожная блядзюга была пагадзілася, спакусіўшыся на патроеныя грошы, паспрабавала была падставіцца, але, пабачыўшы распранутага сівацелага, блякласкурага, крывахуяга абізяна, рыганула і ўцякла. Бязрогая Вера так сперажывалася і спакутвалася, што кінула сіваносага абізяна і выйшла замуж за простага, звычайнага, непрыкметнага п’яніцу. Праз тры дні і тры ночы ў Веры выраслі акуратныя чалавечыя рогі.
Снежная баба і марозны дзень
Хлопец Бай зляпіў са снежных шароў сапраўдны замак з вежамі ды байніцамі. Бай пабудаваў у парку беласценны замак, каб дзятва гуляла там у снежкі. Калі Бай скончыў працу і любаваўся плёнам рук сваіх, да яго пад’ехала Снежная баба. Яна лісліва пахваліла Бая і прапанавала ў якасці ўзнагароды пакатацца на ейных санях. Толькі хлопец узлез на сані, толькі прысеў на мяккую падушку, як холад спаралізаваў ягонае цела. Магутны конь панёс сані з зямлі ды ў неба. Белы конь, скачучы па хмарах, прынёс сані ў далёка-далёкае ледзяное царства Снежнай бабы. Тая перасадзіла Бая на ледзяное крэсла і загадала яму складаць са снегу слова «бездань». Рукі ў Бая ледзь варушыліся. Чырвонымі, нягнуткімі, абмерзлымі пальцамі хлопец спрабаваў зляпіць са снегу літары, каб выкласці з іх магічнае слова. Мароз у царстве Снежнай бабы быў моцна-моцны, літары рассыпаліся, слова не атрымлівалася. Але Бай не пакідаў надзеі скласці слова, бо Снежная баба паабяцала за гэта – вызваленне. Пэўна, хлопец замёрз бы цалкам у марозным царстве вечнай зімы, каб не ягоная каханка Анжэла. Яна прачула пра бяду, што здарылася з яе любым, і выправілася ратаваць свайго Бая. Праўдамі і няпраўдамі Анжэла трапіла ў царства Снежнай бабы, знайшла каханка і нацягнула на яго цёплыя кальсоны. «Ты прынесла мне цёплыя споднікі!» – узрадаваўся Бай. «Я прынесла табе цёплыя споднікі!» – узрадавалася Анжэла ад таго, што яе любы ўзрадаваўся. Хлопец станцаваў рок-н-рол разам са сваёй выратавальніцай. Каб хутчэй вярнуцца дамоў, каханкам давялося скрасці ў Снежнай бабы яе белага каня. Конь, скачучы па аблоках, прывёз каханкаў у парк, дзе ў снежным замку дзеці гулялі ў снежкі. Неўзабаве Бай і Анжэла згулялі вяселле, пасля якога пражылі разам сто гадоў і адзін сонечны, кароткі, марозны дзень.
Читать дальше