І я выдаў:
Не чакаў тваіх прыветаў —
Думкі нават не трымаў,
Ды, цяплом вачэй прыгрэты,
У сілкі твае папаў.
Валакуся цяпер чынна
За спадніцаю тваёй.
Слёзы лье сяброўка Ніна.
Сам маркочуся па ёй.
Корміш, поіш мяне сытна:
Як у хлеўчуку вяпрук
Прывязаны да карыта —
Так прыбраны я да рук.
Дзень за днём…
Клін жураўліны
Паляцеў за небасхіл.
І мая душа да Ніны
Мкнецца – рвецца
З усіх сіл.
Грымнуў дружны рогат. А калі ён аціх, Каваленка сказаў:
– Нясі свае вершы, што ў «Вожык», што ў «Маладосць». Вось пабачыш – надрукуюць.
У рэдакцыі часопіса «Вожык» я патрапіў да Анэлі Тулупавай. Калі яна праглядвала мае вершы, маладая супрацоўніца, што сядзела за суседнім сталом, ціха, але даволі чутна прамовіла: «Ходзяць тут графаманы… І адкуль яны толькі бяруцца?..»
Я паглядзеў на яе здзіўлена, потым азірнуўся і, вядома ж, нікога больш не ўбачыў. Урэшце дапяў, што гэта было сказана ў мой адрас. Адчуў, як твар успыхнуў агнём.
– Як ты можаш! – усхапілася Тулупава. – Калі хочаш ведаць, ён прынёс добрыя вершы, а ты…
Далейшых слоў я ўжо не чуў, бо хуценька развярнуўся, рвануў на сябе дзверы і літаральна вылецеў з кабінета.
Тады ў мяне ўжо была падрыхтавана нізка вершаў для часопіса «Маладосць», аднак пасля такога калючага прыёму ў «Вожыку» я засумняваўся: наўрад ці мае вершы адпавядаюць узроўню рэспубліканскага часопіса. Таму доўга выбіраў на сваю думку лепшыя, удасканальваў іх праўкамі. І ўжо на наступную сесію пагрукаўся ў дзверы з шыльдай «Маладосць».
У кабінеце сядзелі двое, і калі я патлумачыў мэту свайго візіту, то круглатвары мужчына, гэта быў Казімір Камейша, сказаў:
– Вам да Гардзея, ён на калідоры курыць каля акна. Можаце падысці.
– Адкуль вы? – спытаўся Віктар Канстанцінавіч.
Удумлівыя яго вочы глядзелі на мяне з цікавасцю.
Запрасіў у кабінет. Вершы чытаць не стаў – запісаўшы мае дадзеныя, паклаў нізку ў стол. Стаў распытваць пра вучобу і працу. Мужчыны за суседнімі сталамі таксама ўключыліся ў гамонку.
З размовы я зразумеў, што ўсе яны прайшлі праз факультэт журналістыкі, і гэта надало мне ўпэўненасці: я ж іх паслядоўнік!
Час ішоў. Мяняліся тэмы размовы, і я, ужо добра знаёмы з тым, як працуюць журналісты ў газетах, дзівіўся: яны ж нічога не робяць на працы – толькі размаўляюць між сабой ды па тэлефонах. Вось дзіва…
Пазней Анатоль Казлоў мне патлумачыў:
– Я нават і не спрабую штосьці рабіць за сталом на працы: не дадуць людзі і тэлефон. Усё даводзіцца перабіраць дома вечарамі і ноччу. А колькі трэба прачытаць? Паглядзі!
Ён паклаў руку на кіпу папак з творамі. Анатоль Сяргеевіч загадваў аддзелам прозы.
«Напэўна, тут аб’ёмы паболей, чым мой студэнцкі курс рускай літаратуры ХІХ стагоддзя», – падумаў я.
Першая мая нізка вершаў у часопісе «Маладосць» з’явілася ў 1993 годзе. Безумоўна, Віктарам Гардзеем мне быў выдадзены пэўны творчы аванс, бо вершы яму давялося добра-такі падрэдагаваць. І я адзначыў, што ўсе праўкі ёмка карысныя. Тады і зразумеў, што гэта не што іншае, як урок паэтычнай творчасці, якога на факультэце журналістыкі не атрымаеш. Пра маскоўскі літаратурны інстытут у гады развалу ніхто з беларускіх студэнтаў ужо не марыў.
* * *
Мой аповед пра стасункі з творчым калектывам часопіса «Маладосць» быў бы няпоўным, калі б я не ўзгадаў пра выезды на рыбалку, якія ініцыяваў Уладзімір Саламаха – чалавек энергічны, актыўны, гаваркі. Па-шафёрску пра яго можна сказаць так: рухавік. Калі паведаміў яму, што эканамічныя ўмовы прымусілі мяне з легкавога таксі перасесці на мікрааўтобус, Уладзімір Пятровіч выгукнуў:
– Гэта ж выдатна! Можна арганізаваць выезд на калектыўную рыбалку.
І мы паехалі. Апроч мяне і Саламахі налавіць па меху рыбы збіраліся Віктар Гардзей, Анатоль Казлоў і вайсковец – сябра Уладзіміра Саламахі, прозвішча якога не памятаю. Па дарозе на Асіповіцкае вадасховішча Саламаха як самы вопытны, дасведчаны рыбак і падарожнік прапанаваў спыніцца каля лесу – нарыхтаваць дроў з паваленых сухіх дрэў.
– А што там, ля возера, дрэў няма? – спытаўся Гардзей.
– Ёсць. Але ўсё сухое там даўно павысякалі, – адказаў Уладзімір Пятровіч.
Як мурашы, мы цягнулі з лесу ладныя лясіны і запіхвалі іх паміж сядзеннямі, а людзі, праязджаючы міма, пэўна, думалі: «Што ж гэта за нарыхтоўшчыкі такія?»
Ужо на пад’ездзе да вадасховішча каля дарогі стаялі рыбакі, якія трымалі ў руках вязанкі з рыбай.
– Спыняйся, – закамандаваў мне Саламаха. – Трэба прыкупіць рыбкі.
Читать дальше