У тых словах Мікола пачуў не дакор, а прыхаванае захапленне і лёгкае адценне зайздрасці. Ён засмяяўся:
– Супакоюся, але не хутка!
Ён не пакрыўдзіўся. Захапленне няможна зрабіць прафесіяй. Яго прафесія – жывапіс. I яшчэ – графіка. А жанчыны – заўсёдны стымул для творчасці. Яны ляцелі да яго, бы матылькі на агеньчык. Ішлі проста ў рукі. Дык чаму ён павінен адмаўляцца? Уцякаць ад іх – ці што? Рабіць з сябе святога?
Мікола нікому не прызнаваўся ў каханні, нічога не абяцаў і таму не парушаў абяцанняў. Сумленне яго чыстае. Пачуцці жанчын былі чароўным нектарам, які жывіў творчасць. Як мастак ён меў густ і выбіраў не абы-каго. Яго пасіі былі пераважна асобы вытанчаныя, з цікавым і далікатным унутраным светам – артысткі, мастачкі, перакладчыцы. Але абавязкова прыгажуні.
Праз пэўны час ён мусіў, павінен быў сыходзіць ад іх, каб не згубіць у душы адчуванне душэўнага ўздыму, якое давалі яму нейчыя сардэчныя захапленні. Часта Мікола не памятаў імёнаў гэтых жанчын, але як мастак, які мае бязмежную зрокавую памяць, памятаў іх твары ў хвіліны кахання. Памятаў тыя словы пяшчоты і захаплення, якія яны горача шапталі яму. Гэта цешыла, грэла душу, здавалася, узнімала над зямлёй, над іншымі людзьмі, у каго не было такіх прыгажунь і каму незвычайныя жанчыны не шапталі падобныя пяшчотныя словы. Застацца з кімсьці назусім – значыла здрадзіць мастацтву.
Тых, з кім ён расстаўся, Мікола амаль ніколі не ўспамінаў. Прывязаны да некага, да жонкі і дзяцей, ён мусіў бы бясконца зарабляць грошы. Спачатку на кватэру, лецішча і машыну, потым на іх начынне: мэблю, тэлевізары, відэакамеры. Потым на бясконцыя абноўкі: плашчы, курткі, сумкі, джынсы. I так да знямогі! Хіба мог бы ён тады аб’ехаць усю Еўропу і трапіць з уласнымі творамі ў лепшыя выставачныя залы? Тут трэба выбіраць штосьці адно. I свой выбар ён даўно зрабіў.
Некалі Мікола быў жанаты. З Людай яны разам вучыліся ў мастацкім інстытуце, толькі на розных аддзяленнях: ён – на жывапісу, яна – на мадэляванні. Але штосьці ў іх не склалася. Цяпер ён і не сказаў бы што, бо новыя ўражанні засланілі падзеі дваццацігадовай даўнасці. Спачатку ўсё ладзілася, але потым пачаліся папрокі, сцэны, капрызы, а ў дадатак слёзы. Канфлікты перашкаджалі працаваць, надоўга выбівалі з патрэбнага настрою. Мікола кепска пераносіў жаночыя слёзы, бо не ведаў, што рабіць, а таму не любіў адчуванне ўласнае разгубленасці і бяссілля.
Дзяцей яны з Людай не заводзілі. Спачатку хацелася скончыць вучобу, потым крыху пажыць для сябе. Таму адзін ці два разы Люда пазбавілася ад таго, што мелася быць дзіцем. Пазней, калі яна зразумела, што ўзрост прыспешвае, і захацела зацяжарыць, нічога не атрымалася. Тая сцэна, што адбылася паміж імі, аказалася апошняй кропляй, якая перапоўніла Міколава цярпенне. Люда плакала, казала, што ён эгаіст, заўсёды думае пра сябе. Што яму ніхто не патрэбен, толькі мастацтва, і што гэта ён двойчы прымусіў яе пазбавіцца ад цяжарнасці, а цяпер у яе наогул дзяцей не будзе…
– Люда, перахрысціся! – абурыўся ён. – Я табе сказаў, і добра памятаю, як хочаш, так і рабі – хочаш пакідай, хочаш – не…
Навошта яна шукае вінаватых? Але Люда плакала так несуцешна, што трэба было нешта зрабіць. Але што, ён не ведаў.
Неўзабаве яны разышліся, і Мікола вырашыў, што банальнае сямейнае жыццё – не яго сфера. Дастаткова паглядзець на Алега, блізкага сябра Міколы, таленавітага мастака, каб пераканацца, што робіць сям’я і побыт з чалавекам здольным. Яшчэ ў студэнцкія гады Алег ажаніўся з Аленай, таксама мастачкай. Міколу яна не вельмі падабалася, ён аддаваў перавагу жанчынам больш эфектным і кідкім. З іх так цікава пісаць партрэты! Алена скончыла графічнае аддзяленне і афармляла дзіцячыя кніжкі. Але ў жыцці яна здавалася не надта выразнай, бляклай, з дробнымі, амаль птушынымі рысамі твару. Мікола не разумеў, што ў ёй знайшоў сябра. Але ж нешта знайшоў…
Праз некалькі гадоў пасля іхняга вяселля Мікола зазірнуў да Алега і Алены ў госці. Карціна іх сямейнага жыцця расчаравала яго яшчэ больш. За вялікія грошы сябар з жонкай здымалі пакой. Іхняй дачцэ споўнілася тады два ці тры гады. Алена выглядала знерваванай і змэнчанай, Алег – таксама. На іхніх тварах было напісана адно жаданне – як след выспацца.
Напэўна, Мікола прыйшоў не ў пару. Ён нядаўна вярнуўся з першага замежнага падарожжа і спадзяваўся расказаць пра яго сябрам. Пасядзець, пагутарыць – як у былыя бестурботныя студэнцкія часы. Але з таго нічога не атрымалася. Не паспелі яны сесці на кухні за стол, як туды прыбегла малая. Дзяўчынка на нешта хварэла. Яе шчокі і рукі былі шчодра памазаны зялёнкай, і ўся яна, ускудлачаная, нагадвала нейкага чорціка, які вылез з балотнай твані і нікому спакойна жыць не дае. Малая патрабавала, каб бацька ці маці гулялі з ёй, бо адной ёй сумна, плакала, капрызіла, адмаўлялася есці і атруціла тыя некалькі гадзін, пакуль Мікола сядзеў у гасцях.
Читать дальше