Маці зноў напакавала сумку, на гэты раз з разлікам на Стахавых суседзяў. Дзеля такога выпадку закалолі гусака, баба Домна абскубла, абсмаліла і палову акуратна ўкруціла ў чыстую марлю.
Дзверы адчыніў Стах. Ён пахістваўся, і ад яго несла віном. На Петрыкава з маці “добры дзень” адказаў: – Чулі, Броню “хуткая” забрала?
На пытанне, дзе жонка, ён зноў адказаў пра Броню: – Баяцца, што спералізуе. Я ж вас спералізую!..
– Дзе Таня, я пытаю?
Высветлілася, што Таня сёння ў начную змену. Распрануліся, сумку распакавалі. Нязвыкла было бачыць голы стол, на якім толькі пляшка віна і шклянка. Пакуль Петрык забаўляўся з Цішаю, якая хадзіла на задніх лапках, маці пачала заварваць гарбату, а дзядзька Стах сеў за стол і выпіў віна. – Хто ў вас памёр? – Усе жывуць, – стомлена сказала маці. – Вось восем гадоў хлопцу заўтра…
– Заўтра?!
Стах імгненна стаў сур’ёзны. Апусціў галаву, задумаўся. Потым сказаў: – Годы сваё бяруць, – яшчэ падумаў крыху і паўтарыў: – Усё цячэ, усё змяняецца… Ах, ты мая Ціша. – Малы… падарунка чакае.
– А я яго ў лазню, у парылку зваджу. – Куды яго ў парылку, сэрца лопне, ён жа малы!
Маці з Петрыкам селі піць гарбату. Дзядзька Стах быў зусім развезены і нязвыкла маўклівы. Потым ні з таго ні з сяго ўспомніў пра “кулака” – брата Стэфана, і ўзарваўся: – Ты сама бачыш, як я жыву! А ён?! – Бачу, бачу – багата жывеш.
– А ён хваліцца, што ў яго зямля! Ды ў яго, як у латыша – хрэн ды душа! – Паехалі, сынок…
Маці з Петрыкам ўжо сабраліся, апрануліся, стаялі з пустой сумкай у парозе, а Стах, хістаючыся, з Цішаю на руках, усё не мог супакоіцца, і паўтараў, што ў Стэфана “як у латыша”. Потым пусціў Цішу, пайшоў у пакой. Вярнуўся з гітараю ў руцэ.
– На! Табе падарунак. На дзень нараджэння. Будзеш скрыпачом. Лена некалі іграла…
У Петрыка сэрца зайшлося ад радасці. Ён і марыць не мог пра гітару! Гітара была хоць не новая, але ад таго здавалася яшчэ лепшай, як чытаная-перачытаная кніга здаецца лепшай, цікавейшай за новую. На двары, на вуліцы, і потым, калі стаялі на прыпынку, хаваючыся ад восеньскага ветру, маці ўсё не магла даць веры, што вось так, з адной гітараю, Стах іх адпусціў.
– Можа, калі мы на кухні сядзелі, паклаў табе ў кішэню? Каб мы не бачылі? Сюрпрыз каб зрабіць? Паглядзі, сынок, у кішэнях…
Разам абшукалі, абмацалі кішэні паліто. Пуста! Зрэшты, Пятрок не разумеў матчынай засмучонасці.
– Мама, – радасны, брынькаў на гітары, – чуеш, якія струны тугія? Мяне дзед Аўрам іграць навучыць, калі ў бабы вячоркі будуць…
– Ды якія вячоркі? – адказала маці, думаючы пра сваё. – Даўно ж ужо не збіраюцца. І баба, бачыш, як хварэе…
На другі дзень, ужо на сапраўдныя імяніны, маці выправіла сына да другога дзядзькі. О, туды Петрык пабег з радасцю! Ён любіў дзядзьку Стэфана больш, чым дзядзьку Стаха, і хоць маці наказвала яму прыглядацца да Стаха і ў яго вучыцца, як жыць, Петрык быў упэўнены, што прыглядацца і вучыцца трэба акурат у Стэфана.
Яму падабалася, як Стэфан зваў яго – нябож. Падабалася, што ён кажа не веласіпед, а “веламашына”, не прыпынак, а “аўтастаянка”, не аэрапорт, а “рапорт”, не запальнічка, а “машынка для здабывання агню”, не нажніцы, а “ножны”, не падстрыгчы, а “апратаць”… Падабалася, што ён верыць у Бога – ніколі не біў кабана, не перахрысціўшыся, і нават калі даваў папругі свайму Валіку, як той быў яшчэ малы, – таксама перад гэтым асяняў лоб крыжам. Цяпер Валік служыў у арміі, у Бірабіджане, прынамсі, адтуль прыходзілі лісты, але дзядзька Стэфан чамусьці быў упэўнены, што гэта для канспірацыі, а на самой справе яго сын служыць у Афганістане, таму ўважліва праглядаў газеты, слухаў навіны па тэлевізары і круціў рожкі настройкі свайго “Акіяна”, прыпадаючы да яго вухам. Звычайна прыёмнік трашчаў, пішчаў, шыпеў, але аднойчы Петрык стаў сведкам, як прагучала чыста, гучна, выразна: – …“И в афганских песках белеют косточки советских ребят…”
Голас маладзенькай дыктаркі быў да таго нязвыклы, настолькі адрозніваўся ад афіцыйных галасоў савецкіх дыктараў, што па інтанацыі абсалютна не зразумець было, злараднічае яна ці шкадуе тых савецкіх хлопцаў.
Кароткі прагляд газет, тэлевізар і “Акіян” з’яўляліся для Стэфана адзіным адпачынкам. Увесь астатні час ён не мог без працы – усё нешта габляваў, стукаў, капаў, альбо, калі ўжо зусім не было чаго рабіць, падмятаў двор, на якім і так ні акурачка, ні трэсачкі, ні саламінкі; але дзядзька Стэфан усё роўна гадзінамі мог вышкрэбваць зямлю венікам. Цётка Поля, яго жонка, па сакрэце расказвала Петрыкавай маці, што нават уночы ў ложку ён не мае спакою, варочаецца, уздыхае, не любіць спаць, лічачы сон марнай тратай часу.
Читать дальше