– Бо ён такія подзвігі рабіў, што яго асобна пахавалі. Хто ў брацкай магіле, той меншы герой, а хто ў асобнай – той большы.
Пятрусь слухаў з недаверам, але бабуля казала так упэўнена, пераканаўча, што ён быў зусім супакоіўся. Але тут зноў крыўда нахлынула.
– А яны дражняцца! Кажуць, што я… – і зноў не адважыўся вымавіць уголас, азірнуўся, як і з маці, і пачырванеў, і паманіў бабу, каб нахілілася. Прашаптаў ёй на вуха.
Бабуля выпрасталася, стала строгай, урачыстай.
– Ніколі больш такога не кажы! І не паўтарай! Ні ў голас, ні сам сабе не кажы, бо гэта самае брыдкае, самае страшнае слова, якое толькі можа вымавіць чалавечы язык!
– Горш за мацернае? – прашаптаў Петрык, у якога аж мурашкі па спіне папаўзлі ад яе біблейскага тону.
– Горш! І таго, хто гэта кажа, у турму пасадзяць, і Бог на небе пакарае так, што язык адсохне, і рукі-ногі паадсыхаюць!
– А Галька сказала, – заміраючы ад страху, прашаптаў Петрык. – Не пабаялася… І што ёй за гэта будзе?
– Бог пакарае.
– Калі?
– Ну, не адразу… Трошачкі пасля таго, як сказала. – Тут бабуля прыслухалася, прыпала да вакна: – Нехта ідзе да нас…
Але дзверы ўжо стукнулі. Петрыку і соладка было, і страшна, і так шкада Гальку! А раптам у яе язык адсохне? Ці рукі адымуцца? Яна такая прыгожая… Жывая, жвавая… Пругкая, як ікрынкі мойвы. І Петрыку было заўсёды прыемна, калі яна мерылася ростам і прыціскала яго да грудзей. Ах, што ж яна сама сабе нарабіла, дурніца! Цяпер ён і рады быў бы памагчы, ды ўжо, відаць, ніяк.
– А яны яшчэ дражнілі мяне разумным, – ні з таго ні з сяго ўспомніў ён.
– А ты не паказвай крыўду. Бо яны толькі таго і чакаюць. І калі ты злуешся, дык яшчэ больш будуць дзяўбаць. Яны табе – разумны, а ты адказвай – яшчэ і які разумны, разумнейшы, скажы, за вас! Я, скажы, такі разумны, як Брэжнеў.
– А яны крычалі, дзеўкі ў мяне не будзе, – адно за адным прыгадваў Петрык.
– А ты скажы – мае дзеўкі яшчэ не нарадзіліся, яны не роўня вашым, мае, скажы, дзеўкі будуць з чыстага золата!
Параўнанне не вельмі спадабалася ўнуку – лепш было б, каб яго дзеўкі былі жывыя і цёплыя, як Галька, а не з мёртвага халоднага золата. Але ўсё адно яму прыемна было слухаць, і лягчэй рабілася на сэрцы. Ён бачыў, што бабуля шкадуе яго, хоча абараніць, і таму знарок перабольшвае.
– Яшчэ казалі, што ў армію не возьмуць…
– А ты скажы – і возьмуць, і выберуць у генералы, і я буду ў сухім штабе сядзець, а вы ў акопах мокнуць, – мякка слала баба Домна.
А сама цукеркі падсоўвае, і ўсё свеціцца дабром. Кошачка падыйшла, стала ласціцца аб ногі. І сцены добрыя тут, і тэлевізар добры, і так прыемна пахне абрыкосавай настойкаю…
– Ну, бабулечка, я цябе так любіць буду, не ведаю як!
Радасны, супакоены – з такой навукай не прападзе цяпер! – пабег Петрык на веранду. А там Галькін бацька, трактарыст Карл Капора. Сядзіць за сталом і есць мойву. – … А я бачу, нешта не так. Пцьфу-пцьфу… Галя ледзь не плача. Што такое? Я пытаю – маўчаць. Я за папругу – маўчаць. Я здымаю папругу… Тут Тамаш прызнаўся. Галя, кажа, дражніцца! Петрыка, кажа, задражніла. А яна перажывае, во яно як… Ну, думаю, раз так – схаджу, гляну. Думаю, трэба схадзіць, глянуць. Пцьфу! Схаджу, думаю, адведаю, – усё паўтараў Капора, відаць, ставіў сабе ў заслугу свой прыход.
– Не плюйся… Усе дзеці спрадвеку дражняцца.
Маці наклала на талерку рыбы, зверху лусту хлеба, падала сыну: – Бабулі аднясі… Бо яна ганарыстая, сама не прыдзе, – патлумачыла Капору. – Пакрыўдзілася, што я мо не так сказала пра яе ўчарашнія гулі.
Петрык аднёс і хуценька назад – паслухаць.
– …Дык я думаю, гляну. Як хлопцу пасля таго, як яго пакрыўдзілі. Наўрад ці яму соладка на душы, – разважаў Капора. – Няможна такім словам дражніць чалавека. Калі ўжо так не церпіцца, ну, скажы, дапусцім, яўрэй. Чалавек жа не вінаваты, што яўрэй, правільна? Што ж тады, не жыць? – Абы-што ты плявузгаеш! – злавалася маці. – Чалавека ніяк не трэба дражніць! Ніякім словам! Ды не плюйся ты!
Капора меў дурную звычку – казаць перыядычна “пцьфу-пцьфу”. Праўда, сліна не ляцела, але было непрыгожа, непрыемна, бо здавалася, што вось-вось сліна выляціць. А так як заходзіў ён часта, любіў пасядзець, і чалавекам лічыўся важным, патрэбным са сваім трактарам і сваімі ўмелымі рукамі – такога не выганіш, дык, бывала, маці, стаміўшыся рабіць яму заўвагі, дэманстратыўна прыносіла і расцілала на падлозе каля яго ног газету.
Цяпер маці марна старалася змяніць тэму.
– Усё! Каб больш не вучыў гэтаму сваіх дзяцей. На гурка вазьмі.
Читать дальше