Ён галантна схіліўся і пацалаваў ёй руку. Той-сёй з ягоных калег зрабіў тое самае. Ушанаваная дакладчыца страчвала рэальнасць, бо ўсё цяпер нагадвала сон. Жанчыны стараліся даўжэй затрымацца каля яе, каб найлепей разгледзець і словам-паўсловам аддзячыць або выклікаць на нейкую новую гаворку. Некаторыя звалі яе проста: доктар Марыя або яшчэ прасцей – Мэры…
Марыя Дзямковіч нарэшце дала рады сваёй расчуленасці, млявасці, што моцна апанавалі яе ў жадную хвіліну, і таму не кінулася прэч адсюль, з вачэй адукаванай публікі, як у роспачы хацелася зрабіць, каб не паказаць сваіх слёз, сваёй слабасці,– усміхалася пакаянна, зычліва. Лекары бачылі на энергічным і прытомленым твары сваёй каляжанкі водсвет трапяткога агню; больш за тое, таму, хто хоць раз сустрэўся з ёй позіркам, рабілася ўтульна і хораша – як пaсля прычасця.
– Доктар Марыя, – прагучаў голас спагадлівай місіс няпэўнага веку, пра якую Дзямковіч ведала, што яна псіхіятр, – нам сказалі, што вы прыехалі з Польшчы, там застаўся родны дом. О, ён заўсёды цяплейшы за астатнія… Праўда?
– Шур! – нейк машынальна адказала яна, што на іхняй мове азначала: «Пэўна!» – Я ў Польшчы вучылася, і там засталіся мае маладыя гады. А цяпер – не схлушу – мне і тут добра. Сэнк’ю! Я ўдзячная вам, удзячная гэтай краіне. А ўвогуле мой родны кут, пра які вы кажаце, яшчэ трохі далей – на ўсход ад Польшчы.
– Russіa… Русь… Расія? – выказалі слухачы здагадку, і мала хто, акрамя псіхіятра, напэўна, мог заўважыць, што па мяккім і вабным твары місіс Дзямковіч прамільгнуў цень.
– Но-о, – пахітала яна галавой і прамовіла пасля паўзы з пэўным напружаннем у голасе: – Беларусь. Не ведаеце?.. Беларусь мая радзіма.
Разыходзіліся. Ніхто са слухачоў, сярод якіх былі і жанчыны-лекаркі, не задумваўся лішне, чаму ў іх не ўзнікла адмоўных пачуццяў, напрыклад, зайздрасці, рэўнасці да місіс Дзямковіч, пры яе такім поспеху ў калег ды вабнай паставе, гожым абліччы…
А яна сваім сэрцам угадвала гэты агульны мілажальны настрой, прыхільнасць да сябе, і сэрца соладка замірала. Толькі ж калі прыехала да сваёй невялічкай камяніцы на два паверхі, паставіла машыну ў гараж пад домам ды паднялася ў пакой – ад святла ўвесь інтэр’ер, лад пакаёвы зайгралі і ўразілі, яшчэ раз падкрэсліваючы яе самавітасць; успамін таго дня не адышоў зусім і зноў вярнуў Марыю ў далёкую вёску, дзе прайшло маленства і дзе пад дзедавымі ласкавымі далонямі ўпершыню праклюнулася і пайшло ў рост каліўца яе годнасці, гонару. Там не было межаў марам ды волі вольнай. Там усё цвіло, і яна пачувала сябе так добра. Па-новаму накацілася хваля, ад якой яна днём ледзь-ледзь не захлынулася.
– Ах, дзядуля-дзядуля, каб жа ты быў жывы і паглядзеў на мяне!
Прыпыніўшыся каля вялікага трумо, спадарыня Марыя кінула туды вокам – заўважыла ў ім сябе і як бы не сябе нават, а свой цень, які незалежна ад яе мільгануў воддаль. Уткнулася ў падушку і заплакала горка, наўсхліп. Ды не заўважыла, як заснула і апынулася далёка-далёка, там, на зямлі ці хутчэй над зямлёй, якая ляжала зялёным дываном паміж Польшчай і Расеяй. Улетку ўсё там вабіла, захапляла, чаравала кветкамі, духмяніла імі, буяла імі, а ўзімку зямля спачывала пад белым пульхным покрывам, ахутвалася ў срабрысты іней, убіралася ў такія адмысловыя строі да самых апошніх галінак дрэў, да вільчыкаў хат і спявала-спявала звонка і тужліва ў трыснягах над возерам і пад імклівымі палазамі саней.
Марыі трызніўся дух дзеда Пятра, які належаў цяпер і гэтай зямлі, і так званаму Космасу ў аднолькавай меры. Ён як бы растварыўся ў шырокай і бясконцай прасторы, што насіла ў сабе прыхаваныя звесткі пра ўсё малое ў вялікім і – наадварот. Тым часам ягоны дух існаваў і сам па сабе, адасоблена, вольна. Ён меў звычай набліжацца ўсутык да зямнога асяродку і да свайго былога котлішча, апускаўся на грэшную зямлю, калі чуў, што там дзеецца нешта лёсавызначальнае, азоранае, боскае, што адпавядала ягонаму разуменню, нахілу, рытму, характару. Дух дзеда любіў назіраць, як творыцца нанова жыццё, якое ён таксама тварыў, атайбаваўшыся ў целе селяніна Пятра. Некалі яму, духу, пашчасціла на гэткае зграбнае цела, у якім кожная жывая кропелька пасылала імпульсы ўсведамленню, душы, і, можа, дзякуючы такому сугуччу пачаткаў, у плоці Пятра не было ні сучка ні задзірынкі – кроў па жылах ішла – аж звінела.
Пятроў дух быў абражаны і ўзбураны адначасова. З гэтым непамысным і страхалюдным для сябе набыткам ён падоўгу затрымліваўся на тым самым месцы, дзе абарвалася нітка жыцця і цела асунулася, і там, на мотальскіх кладах, ля землянога грудка, стаяў і стаяў нябачны, самотны і разам з тым не адрынуты зямлёй, сваякамі і іншымі жыхарамі мястэчка. Стаяў ды стаяў, не раўнуючы, як салдат у ганаровай варце.
Читать дальше