Залатая завіруха
Замятае маю скруху
Ды сцяжынкі замятае,
І лісцё на дрэвах тае.
Другі ж, ніжэйшы і таксама зграбны, не быў ні філосафам, ні паэтам, а толькі, як і першы, меў цікавасць да ўсяго – працаваў у навуковай установе геолагам. Абодва – мае прыяцелі; навуковец, праўда, адказваў на сакавітую беларускую мову выключна па-руску. Паэту (яго звалі Лявонам) нічога не абыходзіла перайсці ад лірычных матываў на іншыя.
– Калі прыкінуць, колькі разоў на вяку во гэтак ахвяравальна адгарае і ападае лістота вось з гэтых годных клёнаў і прыгажунь-ліп, то лік падасца не такім і значным. Бо што такое сто разоў лісце апала або – нават пяцьсот! – усклікнуў зварушліва ён. – Пяцьсот ліставеяў ад жыцця нашых продкаў у сярэднявеччы! Якіх-небудзь дваццаць – дваццаць пяць пакаленняў адсыпалася. А там жа ў дзяржаве быў росквіт і, як вядома, прававой мудрасці – больш, чым на долю нам прыпала.
– Але ж, але ж, – пагаджаўся геолаг, які, што казаць, не так багата і ведаў з мінулага краіны, у якой нарадзіўся, як што ў гады ягонай асветы, узмужання не было прынята корпацца ў радаводзе, у гісторыі сваёй зямлі, сваіх продкаў.
Ды Лявон шырыў тэзу:
– Здзіўляе, браце, не столькі розніца ў мысленні, хоць і гэта важна, колькі тое, што адбылося ў характары цывілізацыі наогул. Раней дзяржава дзяржаву гвалтавала – дзялілі і ніяк не маглі падзяліць тэрыторыі. Ці ж не на Гітлеры эпоха падзелу скончылася?
– Не, бадай… Яшчэ не-не дый назіраюцца рэцыдывы. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба, – заўважыў геолаг Максім.
– Магчыма… Толькі ж цяпер час іншых намераў, памкненняў, якія абарочваюцца глабалізацыяй. Над усімі дзяржавамі пачынаюць браць верх ліхвяры, мультыміліардэры, транснацыянальныя карпарацыі, узброеныя найноўшымі інфармацыйнымі і вытворчымі тэхналогіямі. Цяпер менавіта яны здзіраюць скальп з народаў.
– Удакладнім: з якіх народаў?
– З усяго чалавецтва.
– Дапусцім…
– Час чырванаскурых індзейцаў мінуў. Толькі для транснацыянальных кампаній усе людзі – індзейцы з прэрый!
– Так, згодзен, і мы не выключэнне! Мы нават свядома пэцкаем сябе ў чырвоны колер – героі! – адрэагаваў на высокай ноце спадар геолаг. – Я, між іншым, колькі тыдняў нашу з сабой газету. У ёй інфармацыя з амерыканскіх крыніц. Дзейнічае сусветны, так бы мовіць, урад – клуб Бельдэрбергераў, дзе за некаранаванага караля – трыльянер Барух. Клуб валодае львінай доляй багаццяў на нашай планеце, здратаванай хцівасцю. У клубе 63 залатыя галавы і сярод іх адна рыжая – з Расеі. На падыходзе калегі – казнакрады, нуворышы… Як вам гэта падабаецца?
– Э-ей! Мяркую, аднак, што гэта толькі для нас навіна, а там, за акіянам, – сакрэт палішынеля. Тары-бары!.. Бачыце, у які бок свет пайшоў. Цяпер кампаніям, якія трымаюць грашовую плынь у сваіх руках, наогул не трэба валодаць калоніямі. Ім даволі ў той ці іншай краіне выклікаць фінансавы крызіс, а потым ужо, «дапамагаючы», яны прыбяруць да сваіх рук прадпрыемствы, нетры, шляхі зносін, трубаправоды… Сюды, на Беларусь, ужо цягнуцца шчупальцы спрутаў з усходу.
– Шаноўныя! – слухаючы заўзятую гаману, уткнуў і я свой грош. – Ад шкодніцы-глабалізацыі ёсць, бадай, адзін паратунак – з’яднаны народ, яго несмяротная духоўная спадчына! Не выпадкова ж ЮНЕСКА прыняла Усеагульную Дэкларацыю аб культурнай разнастайнасці, якая спрыяе абароне кожнай краінай сваёй самастойнасці, самавітасці – культуры, мовы, калі хочаце, свайго нацыянальнага характару.
– Спрыяе… – Лявон уставіўся на мяне сваім асціста-выпрабавальным позіркам. – Спрыяе… Яно добра, калі ёсць каму спрыяць! А нам, пасля ўсяго, што прарабілі з нашым народам, патрэбна сур’ёзная рэканструкцыя храма духоўнай культуры або, як мовяць палякі, направа быту, чым мы з нашымі маргіналамі ад культуры ніяк не можам заняцца.
І, звяртаючыся да Максіма, паэт прадэкламаваў:
У хворым асляпленні
Мы йдзём да выраджэння.
І скажуць, як аб прусах,
Пра зніклых беларусаў.
– Ці ж не так?.. – спытаўся ён.
– Так-так, – пагадзіўся я. – Да смяротнай шкадобы!
– У мяне ёсць кніга Гумілёва. – Максім прыпыніў крок, разглядаючы яркі, дзівосна сатканы з апалай лістоты дыван. – Гумілёў піша пра старажытныя плямёны, ды не абмінае ўвагай і нас. У беларусах ён бачыць самавітае старажытнарускае, варта толькі падкрэсліць – не расейскае, а наша племя, якое, мала змяніўшыся, сягнула аж сюды, у наша стагоддзе. Яго не закранулі, прынамсі, не згвалцілі і не разубожылі ні татарска-акерманскія орды з поўдня, ні нямецкія рыцары, якім далі запамінальны ўрок пры Грунвальдзе. Я думаю, дарэчы было б сказаць, што і палякі яго не растварылі…
Читать дальше