Увогуле ў нас дасюль заставалася і застаецца недастаткова раскрытай праўда аб партызаншчыне ў Беларусі, аб падполлі ў гарадах, аб акупацыі. Так, доўгі час адзіным творам аб атмасферы акупацыйнага часу заставаўся раман Івана Навуменкі «Сорак трэці». Раман «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава быў аб 41-м годзе. Ён, як і «Сорак трэці», – пра ўсходнія вобласці Беларусі, паказваў, як фашысты аднаўлялі там калгасы.
Толькі летась з’явілася трылогія Васіля Якавенкі «Пакутны век», і сітуацыю ў літаратуры яна значна мяняе. Як Навуменка і Чыгрынаў, аўтар трылогіі сам з Усходняй Беларусі, родам са Светлагорскага раёна. А ў цэнтры ягонай трылогіі – Заходняе Палессе, Брэстчына, пільным вокам убачанае і паказанае мястэчка Моталь. Галоўныя героі – ураджэнцы Моталя Пятро Рамановіч (Пісарчук), Барыс Рамановіч, капітан Сяргей Калінічэнка, айцец Георгій, Данік Плюнгер. Але тут жа і род Скірмунтаў, памешчык Раман Скірмунт, былы член Дзяржаўнай Думы, стаяў каля вытокаў фарміравання нацыянальных сіл і ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гэта трылогія – твор, можна сказаць, усебеларускі, эпапея нацыянальнай гісторыі, даваеннага часу, 1939 года, Другой сусветнай вайны, пасляваенных падзей і характараў. У полі зроку аўтара тэрыторыя ўсяе Беларусі, яе мінулае і сучаснасць. У эпапею ўсеславянскую, усееўрапейскую гэты манументальны твор ператварае тое, што і Варшава, і Прага, Берлін і Нью- Ёрк, Масква і Вільня, як і Мінск, Пінск, Баранавічы, Наваградак, Карэлічы і мноства беларускіх вёсак становяцца месцам разгортвання падзей. Шырокі свет адчыняецца цераз скрыжаванне герояў трылогіі з мясцінамі, дзе адбываюцца падзеі, удзельнікамі якіх яны становяцца. Сутычкі іх з рэальнымі персанажамі гісторыі, можна сказаць, энцыклапедызуюць мастацкі твор, робяць яго сапраўдным гістарычным раманам.
Аўтар не абмінае ўвагай Сталіна, Гітлера, Кубэ; паказ ваенных дзеянняў ідзе з прывязкай да канкрэтна названых мясцін, нумароў дзеючых армій, карпусоў, палкоў, прозвішчаў камандзіраў, прычым не толькі савецкіх, а і нямецкіх. Упершыню ў літаратуры ўражліва падаюцца батальныя сцэны ваеннага тэатра 1941 года пад Віцебскам, дзе была зроблена спроба контрудару Чырвонай Арміі сіламі двух танкавых карпусоў у накірунку Сянно – Лепель з адчайна і адважна пастаўленай задачай затрымаць і адкінуць адсюль вераломныя варожыя войскі.
Пад пяром аўтара гарманічна зліваюцца выпісаныя па-мастацку раздзелы і даведачна-біяграфічныя матэрыялы. У трылогіі адчуваецца талент аўтара як пісьменніка, а яшчэ і вопытнага і яскравага нарысіста, публіцыста, якім мы ведалі яго раней. Прычым «публіцыстамі» найчасцей становяцца самі героі трылогіі – тады, напрыклад, калі выяўляюць для чытача, што не толькі гераічнай была ў Беларусі партызанка, але і марадзёрскай, неапраўдана разбуральнай, правакацыйнай, безуважлівай да працоўнага люду, вёскі, якая ў асноўным савецкую партызанку падтрымлівала, карміла, хоць мусіла карміць і акупантаў, паліцаяў, бо іначай бы не выжыць…
Неаднароднасць партызаншчыны ў Беларусі, яе адмоўныя бакі ўпершыню асудзіла ў нас, знаходзячыся ў эміграцыі, Ларыса Геніюш, у вершах супрацьстаўшы аднабаковаму захлёбнаму іх услаўленню. Менавіта праўдзівым, шматпланавым паказам партызанскага руху рэалізм Геніюш падтрымаў і з поспехам развіў Васіль Якавенка. Падчас вайны Беларусь стала тэрыторыяй, арэнай партызанкі не толькі прасавецкай, а і прапольскай, праўкраінскай, беларуска-патрыятычнай. Прапольская Армія Краёва тут ваявала на два франты – супраць бальшавікоў і фашыстаў, брала зброю ў акупантаў на барацьбу з партызанкай, арганізаванай Масквой. А пісьменнік Якавенка сваім творам сведчыць, што быў у АК яшчэ і трэці фронт – змаганне з карэнным беларускім насельніцтвам, масавае знішчэнне яго па некаторых населеных пунктах і раёнах. Прыгадваю, друкаваліся ў нас успаміны аб жорсткай расправе АК у Налібоках з нацыянальна-беларускімі асобнымі атрадамі.
Армія Краёва на Брэстчыне супрацьстаяла бэндэраўцам, а бэндэраўцы – атрадам беларуска-савецкім. Цэлы клубок, да канца не разматаны… Але ж разматванне яго ўжо пачалося ў гэтым творы пісьменніка, дый адразу ўсяго не ахопіш.
А ці асвоены нашым мастацтвам тыя трагедыі і драмы, якія мелі месца зімой 1942–1943 гадоў пры замене Масквой партызанскіх камандзіраў, што раней былі членамі КПЗБ? У Слоніме, напрыклад, ужо ў жніўні 1941 года былы член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Феакціст Міско стаў арганізатарам партызанскага атрада, але Масква на яго месца прыслала новага камандзіра. Сам жа Міско стаў неўзабаве ахвярай шалёнай кулі.
Читать дальше