– Так-так, як і расейцы таксама! – жыва падтрымаў нітку размовы Лявон.
– Але ж Гумілёў карыстаецца тэрмінам «пасіянарнасць», што азначае высокі дух, нацыянальны ўздым, перыяд актыўнай творчай рупнасці. Ён падводзіць да думкі, што Беларусь дажыла да сваёй апошняй фазы, ператвараючыся ў старажытнаславянскі запаведнік.
– Адным словам, ад народа, дзяржавы, культуры застаўся гістарычны рэлікт?..
– Амаль што… Пасіянарнасць згасла, як згасае гук закранутай струны.
– Не паверу! – катэгарычна заявіў Лявон. – Яна мо прыціхла? Пэўна! Дый то не сама па сабе. Бо колькі разоў ліхадзеі, ворагі нашы, рэзалі, рвалі тонкія струны, а яны ж узнаўляліся і гучалі па-новаму. Прыгадайце пачатак дваццатага стагоддзя, асабліва рэвалюцыйныя і першыя савецкія гады.
Навуковец Максім глядзеў на паэта ўтрапёным позіркам. Ён, пэўна, радаваўся Лявону і спачуваў, спачуваў і зайздросціў, бо, калі шчыра, сумаваў таксама па нацыянальнай направе, па мове, з якой знаўся ў дзяцінстве і ад якой потым у рускамоўных вучэльнях адвык ды больш не насмельваўся да яе вярнуцца, як і багата хто з беларусаў, пры гэтым Максім пачуваў сябе ніякавата, не тут будзе сказана, бы ў скуры здрадніка. Гэтакае адчуванне ўзрасло, узмацнілася, калі ён вычытаў у Гумілёва, што слова «нацыя», уласна, паходзіць ад лацінскага – нараджэнне, у літаральным сэнсе: нараджэнне мовы і тэрыторыі. От што ёсць нацыя! Таму цяпер, так ці інакш адмаўляючыся ад роднай мовы, ён здраджвае сваёй зямлі, сваёй нацыі, ператвараецца ў маргінала. Гэткае ўяўленне ў яго ішло з падсвядомасці.
Я разумеў сваіх дружбакоў, аднаго і другога, і, калі Лявон, шукаючы лагоды ў душы, чытаў свае вершы, мне раптам легла на думку, што тэма нашай гутаркі заўжды была блізкай і зразумелай багата каму з беларусаў, хвалюючай і балючай. Нездарма ж вядомы ваявода і дзяржаўны дзеяч сярэднявечча, публіцыст і, пры ўсім, стараста Оршы Кміта-Чарнабыльскі ў сваіх лістах да суайчыннікаў закранаў уласцівае ім прастадушша, памяркоўнасць, залішнюю даверлівасць і недаацэнку небяспекі з боку хіжых суседзяў. Уважаючы на гэта, ён усклікваў: «Ото, государю пане, от таковых бед люди топятса! Ото с таковых нендз давятса! Ото с того в неволю даютса!»
Тэма нязжытая, нязношаная, яна па-свойму будзе адлюстравана ў мастацкай тканіне твора і, спадзяюся, не пакіне раўнадушнымі чытачоў. Няхай бы!
А Лявон тым часам чытаў:
Бывае, што неспадзяванку
Ці то ўвечар, ці то ўранку
Боль ціха сэрца працінае
І сэрца весці пачынае
З табою даўнюю гаворку.
І мне тады бывае горка…
. . . . . . . . . . . .
Зямлі маёй крыжы і крылы,
Вас столькі многа, што хапіла б
На больш вялікія дзяржавы!..
Хто сёння мы? Дзе наша слава?
Ёй апладзіравалі, і не паспеў твар жанчыны асвяціцца радасцю, як аднекуль з сярэдзіны ўзнялася новая, гарачая хваля, напоўніла сэрца, ахапіла ўсю. Пачуцці змяшаліся, і акуратная сцішаная зала людзей, што належалі да ўплывовай суполкі «Rotary Club», паплыла перад вачыма.
– Ах, дзядуля, дзядуля…
Не ведаючы сама, ці то на поўны голас, ці толькі ў думках, прамовіла яна:
– Ах, дзядуля-дзядуля, каб жа ты мог пабачыць, якая доля выпала тваёй унучцы, якога гонару выстарчыла ёй!
Узрушэнне ад нечаканага наплыву гаркоты, неспатоленай крыўды, узноўленай абразы ды замілавання сабой было такім моцным, што, спазнаўшы поспех, спадарыня не стрымала слёз, а яе ўважлівыя і строгія слухачы, якіх у гэтай чужой ёй краіне цяжка было чым-небудзь расчуліць, ажывіліся, паўставалі з месцаў, рушылі да невысокай трыбуны, за якой яна выцірала вочы хусцінкай. Даклад «Аб прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў» і пытанні, якія ёй задалі, бадай, былі вычарпаны. Дакладчыца пранікнёна гаварыла аб наспелым, надзённым і выявіла ў сабе дасведчанага і добрага кардыёлага. Ім жа, спрактыкаваным у жыццёвым гармідары піцбуржцам, цікавымі падаліся думкі наконт найбольш распаўсюджаных прычын захворванняў і іх магчымага папярэджання ў гэтай акрузе. Аднак не былі б яны сапраўднымі амерыканцамі, калі б не ўбачылі ў ёй дзіўную асобу, прастата, шчырасць і пранікнёнасць якой, пэўна, пераходзілі ў чуллівасць. Таму і слёзы, загадкавыя слёзы, што перапоўнілі чашу спакутаванай жаночай душы.
Марыя Дзямковіч гаварыла па-ангельску з няпэўным славянскім акцэнтам у голасе:
– Прабачце… Найшло. У вас такая адметная і вольная краіна! А я… я згадала сваю і не стрымалася… Зразумейце мяне.
– О’кэй! – сказаў ёй, усміхаючыся, кіраўнік клуба, высокі лысаваты мужчына з чорнай бародкай. – О’кэй, доктар Дзямковіч, сэнк’ю!
Читать дальше