І яшчэ: хто ведае, колькі ахвяр панеслі ў слонімскіх лясах партызаны-яўрэі, калі, паводле спецыяльнага ўказу, падпалі пад каварную расправу – стрэлы ў спіну падчас сутычак партызан з паліцаямі ці пры блакадзе партызан акупацыйнымі войскамі?
Армія Краёва была даволі шматлюднай і зацятай, і яшчэ праз дзесяць гадоў пасля вайны ў Налібоцкай пушчы, напрыклад, у ваколіцы вёскі Мель-Бярозы, дзейнічаў адзін з яе атрадаў.
Не здзівіўся лічбе банд у Заходняй Беларусі ў пасляваенны час, якую мне ўпотай назваў на пачатку 70-х гадоў Кірыл Грак – выкладчык марксізму-ленінізму. Аб дзевяцістах бандах ён мне гаварыў…
Канешне, у пасляваенны час займаліся разбоем, рабункамі і проста марадзёры, якія прывыклі падчас акупацыі да таго, што яскрава паказвае В.Якавенка ў сваёй трылогіі.
Але, напэўна, былі сярод лясных зухвальнікаў і свядомыя супраціўнікі бальшавіцкай ідэі. Складаныя сітуацыі былі, няпростыя гісторыі і гісторыйкі чалавечых лёсаў, у цэлым жыцця народнага, аб’ёмна раскрытай пісьменнікам у яго творы.
Трылогія Якавенкі наватарская яшчэ і тым, як паказвае мотальскае гета, пагромы і ратаванне іюдзеяў мотальцамі, праваслаўным святаром Георгіем. Беларуская пасляваенная літаратура мала, вельмі мала выказала пачуццяў жалю і скрухі з-за Халакосту ў Беларусі.
Паўтаруся, што трылогія «Пакутны век» – твор наватарскі.Прычым па многіх параметрах. І праўдай паказу Заходняй Беларусі пасля верасня 1939 года, і паказам народнага жыцця ў акупацыі, у пасляваенны час. Асабліва – адлюстраваннем перыпетый нацыянальнага руху ў Беларусі падчас акупацыі і ў савецкі час. Такой поўнай нікім яшчэ не паказвалася Беларусь, у тым ліку ў адлюстраванні дзеячаў беларускага Адраджэння – да таго ж без ідэалізацыі і без ахайвання, апаскуджвання, якое спрэс панавала ў савецкі час. Чытачу прапануецца рабіць свае высновы аб ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскім і Радаславу Астроўскім, баранавіцкім бургамістру Сабалеўскім і паэтэсе Наталлі Арсенневай, Раману Скірмунту і Янку Геніюшу, Барысу Кіту і Мікалаю Шчорсу.
Большасць галоўных раманных герояў, а іх шмат – удача пісьменніка: гэта сям’я селяніна Пятра Пісарчука, асабліва вобразы самога Пятра, яго сына Барыса, унучкі Мані, святара Раздзялоўскага – айца Георгія, капітана Сяргея Калінічэнкі, а таксама Кубэ, сына Сталіна Якава Джугашвілі… Дарэчы, у поле зроку пісьменніка трапляюць яшчэ і мотальскі рэфарматар калгаса, мільянер, расеец Апанас Стрыгуноў дый Хрушчоў і Мазураў…
Заслуга Якавенкі – у пераканаўчым паказе атмасферы перадваеннага часу, калі падпісваўся Молатавым і Рыбентропам звыродны акт размеркавання ўплываў ва Усходняй Еўропе, Прыбалтыцы. Гэта надзвычай актуальна і важна сёння, калі дзіву даешся рэтраграднаму паўтору прапагандысцкай дэмагогіі дзеля вуалявання тых трагічных для чалавецтва падзей у сучасным кінематографе. Але як жа цяпер, калі прыадчынілася сутнасць многіх падзей, пакідаць па-за ўвагай подласць тагачасных палітыкаў, подласць прапаганды – як?! Гэтая подласць каштавала мільёнаў і мільёнаў людскіх жыццяў. Таму замоўчванню балючай праўды гісторыі даравання не можа быць!
Калі хочаце, яшчэ пра наватарства і сакрэт поспеху аўтара. Ён гуманіст і разглядае падзеі і характары, зыходзячы з агульначалавечых пазіцый, а не прынцыпаў сацрэалізму, што ўвайшло было ў традыцыю.
І апошняе, пра што хочацца сказаць. Дзякуючы сінтэзу ўласна мастацкага, гратэскавага, метафарычнага, філасофскага, публіцыстычнага, узвышана лірычнага, у творы добра адчуваецца толькі яму ўласцівая атмасфера, якой надзелены далёка не ўсе нават добрыя кнігі мастацкай літаратуры.
Не памылюся, калі скажу: эпапея па сваім мастацкім і сэнсавым напаўненні, па сваім шматгранным характары вартая таго, каб прэзентаваць у свеце беларускі народ і стаць яго візітнай карткай.
Алег ЛОЙКА, паэт, прафесар, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа
Восень. Мяккі супакой у шызым сыраватым паветры, і даволі лёгкага подыху ў навакольнай прасторы, каб заварушыліся сцішаныя, дрымотныя галінкі дрэў і, сарваўшыся, паляцела на зямлю з клёнаў і ліп вільготнае лісце, яркае, бы выштукаванае з сапраўднага золата; ад мяккага, насычанага водсвету яго на душы ў прахожых рабілася ўрачыста, утульна. Разам з тым чамусьці нагортваўся сум.
Па сталічным бульвары, засыпаным жаўталісцем, ішлі трое, разам з аўтарам гэтых радкоў. Высокі, станісты, з вусамі, на якія зверху навісала хрыбціна носа, чытаў лірычныя вершы ўласнага вырабу:
Читать дальше