Цяпер я дакладна не баюся старэць: я ведаю, як бавіць час на пенсіі, калі буду дзедам.
* * *
Свайго дзеда я ніколі не бачыў, ніколі не сядзеў у яго на каленях.
У 1931 годзе, у чатырнаццацігадовым узросце, ён быў «признан виновным в том, что являлся участником контрреволюционной повстанческой организации».
А я ў трыццаць адзін прыбіраю смецце. От як!
* * *
Хто-небудзь мо збіраецца неўзабаве ехаць у бок Палесся і потым вярнуцца ў Мінск? Патрэбна жменя роднай зямлі.
* * *
Для мяне тэлефонныя размовы з мамай – гэта як чытаць «Беларусь у фантастычных апавяданнях», толькі тыя гісторыі, якія Баршчэўскі не паспеў сабраць.
Сёння пачуў гісторыю, як мая баба Ганна пасварылася са сваёй свякрухай – маёй прабабкай Ёўгай. І прабабка зашаптала бабуліну карову. Карова перастала даваць малако. Мая бабуля паехала да сваёй цёткі ў Боруск, тая зрабіла процітруту: зашаптала хлеб для каровы і наказала бабулі адзін дзень нікому нічога не даваць, хто б ні прасіў.
Як толькі карова атрымала антыдот, бабу Ёўгу пачало круціць – месца сабе не знаходзіла.
Прыйшла да маёй бабкі:
– Ганно, дай хлеба.
– Не дам. Карову лячу, нікому нічога сёння не даю.
– Ат, што ты ўздумала! Мы ж амаль у адной хаце жывем, – і сама ўзяла хлебную лусту.
Карова ноччу здохла.
* * *
Усё, я цалкам шчаслівы, бо ў мяне ёсць паўкіло палескай зямлі. Яна пахне хвоямі. Калі я хачу дадому, я высыпаю зямлю на газетку і станаўлюся на яе басанож. Заплюшчваю вочы і чую Прыпяць.
Зямлю мне перадала маці. Каб патлумачыць, навошта яна мне, прыдумаў гісторыю пра тое, што маім сябрам-біёлагам трэба зрабіць аналіз палескай глебы.
* * *
З маёй чароўнай палескай зямлі ва ўсе бакі лезуць палескія казяўкі. Не паспяваю кідаць іх на клумбу. Цяпер не толькі я тут палеская навалач.
* * *
Адных толькі заробкаў дворніка мне не хапае. Сёння быў мой першы працоўны дзень у жаночым манастыры.
* * *
Вельмі складана расказваць пра сваю новую працу, бо амаль немагчыма размежаваць, дзе шчырыя пачуцці, а з чаго можна кпіць.
От сёння ў суседнім кабінеце працяглы час адбываўся канфлікт, а мае каляжанкі запалілі свечкі і ціхенька маліліся, каб канфлікт хутка скончыўся. Я не разумею, як да гэтага ставіцца. Жыццё, дзе ёсць смецце і аканомка Іосіфаўна, нашмат прасцейшае. Заўтра а сёмай раніцы я буду сядзець у сваёй тэатральнай каморы на падлозе, піць кефір і думаць, як ставіцца да таго, што манашкі ў фоташопе апрацоўваюць выявы Хрыста. І ці правільна падчас працы слухаць беларускія аўдыякнігі, пакуль знаходзішся ў эпіцэнтры расійскай культуры.
* * *
У манастыры падчас малебну я разглядаў ногі каляжанкі Евы. Цудоўна, што ў манастыр дзяўчынам забараняецца надзяваць порткі. Прасці, Госпадзі.
* * *
Дзе ў Мінску набыць жывую лаванду? Ева любіць лаванду.
* * *
У галаве адна Ева. Сёння не захацеў ісці на працу.
Я кажу:
– Іосіфаўна, у мяне тэмпература трыццаць восем, як у Турцыі.
А яна мне:
– Ну і мужыкі пайшлі! З тэмпературай трыццаць восем не могуць выйсці на працу!
Бляха, ну і аканомкі пайшлі! Усё, мне не сорамна за гэты падман пра тэмпературу. І гэта не завод – гэта тэатр, дзе тонкая душэўная арганізацыя ёсць нават у швабры.
Манастырская дырэктарка на просьбу не выходзіць сёння адказала:
– Задзёўб ужо, Андрушка.
Усіх я задзёўб.
* * *
Ева расчулілася ад лаванды. Цікава, як яна адрэагуе на тое, што з раніцы я дворнік і корпаюся ў смецці? Дзяўчаты, як вы рэагуеце на тое, што вашыя хлопцы корпаюцца ў смецці?
* * *
Мне падабаецца штодня мыць галаву не дома, а ў Купалаўскім тэатры. Я нашу ў заплечніку шампунь і пасля прыбірання тэрыторыі мыю валасы ў сваім цесным пакойчыку над рукамыйнікам. Гэтая дробязь надае ўсяму майму жыццю пах бясконцых вандровак. Потым хаваю мокрыя валасы пад капялюш, і, пакуль даязджаю да манастыра, яны высыхаюць. А ў манастыры слухаю Лявона Вольскага і назіраю, як манашка ў навушніках робіць мантаж фільма пра бацюшку. Простыя словы. Простыя зʼявы.
Сказаў Еве, што я дворнік. Яна зноў расчулілася.
* * *
Не, адназначна, у мяне ў галаве каша. Тэатр, манастыр, Ева…
На днях паеду ў Каленкавічы, потым у Польшчу. Буду глядзець у акно цягніка і думаць сваю кашу.
Читать дальше