Пачуліся жарты, зашамацелі цэлафанавыя пакеты, пасярод салона на адным з пухлых чамаданаў, які чарнявы хлопец (а ён быў у іх кампаніі за галоўнага) кульнуў набок, зазіхацела пляшка гарэлкі. Каля яе імгненна ўзнік паўлітровы слоік з марынаванымі грыбочкамі, з’явіліся каўбаска, вэнджаніна, марынаваныя гурочкі. Шафёр у люстэрка пажадліва пазіраў на чамадан з пачосткай, цікаваў за манеўрамі маўклівага, падобнага да цыгана хлопца і, сустрэўшыся позіркам з кімсьці з пасажырак, шматзначна, з хцівым агеньчыкам у вачах падміргваў: маўляў, усё ідзе як трэба, можаце не хвалявацца.
– Мо лепш прыпыніцца на перакус? – прапанавала вастраносая дзяўчына, што сядзела на апошнім справа сядзенні, і, прыпаліўшы цыгарэту, з цяжкасцю прачыняючы акенца, ад напругі ажно пачырванеў твар, незадаволена дадала: – Амаль суткі ў дарозе, можна і адпачыць.
– Не насядзелася на мытні? – імгненна абурыўся шафёр, нават твар пачырванеў. – Можаш спаць, жраць, піць, але прама тут, у машыне. Ніхто не перашкодзіць. А ў мяне графік! Я сёння павінен перасекчы нямецкую мяжу.
– Дзмітрый кажа праўду, – глухім, прастуджаным голасам падтрымаў шафёра цыганаваты. – Вось яна, – чарнявы паклаў руку Любе на плячо, – згодна з дамовай абавязана ўжо сёння быць на месцы. Немцы, як вядома, народ пунктуальны: спознішся – могуць і не прыняць. Назад, у Мінск, мы і яе, і кожную з вас, канечне, завязём, але ж за асобную плату, якая, зразумела, будзе ўдвая большая. З Нямеччыны вяртаюцца ўжо багаценькімі…
– Дзяўчаткі, пра які уікэнд вы гаворыце? – пырснула, зайшлася ад смеху дзяўчына, што сядзела за Любінай спінай і да гэтага часу амаль усю дарогу спала. У Мінску яе праводзіла вясёлая, на добрым падпітку кампанія, і суседку з песняй пра «дальнюю дорогу» некалькі чалавек амаль занеслі ў машыну. Не зусім працверазелая, яна з цяжкасцю трымалася на мытні, але цяпер, калі мяжа была пройдзена, усялякая боязь знікла. – Я не першы раз еду і ведаю, што да чаго…
Убачыўшы чамадан з бутэлькай гарэлкі і раскладзенымі на ім закускамі, дзяўчына імгненна змяніла тэму гаворкі.
– Ого, – ускрыкнула яна, – ужо і стол накрыты і, зразумела, за кошт фірмы?.. Ашот, Дзмітрый, а дзе шампанскае? Няўжо зажылілі?
– Наколькі я памятаю, у цябе, Ірына, ад шампанскага жывот пушыць, – выцягваючы з чорнай дарожнай сумкі пластмасавыя кілішкі, спакойна сказаў Ашот.
– Дзяўчаткі, нас рабуюць, за ўсё заплачана, – раз’ятрана, п’яна затупала нагамі Ірына. – А пра пуза не хвалюйся, няхай яно хоць трэсне, але маё – аддай. Я за справядлівасць… Немец і той, перш чым зацягнуць у ложак, шнапсам ці хоць бы півам, але пачастуе…
– Ірка, не баламуць і не пужай дзяўчат немчурой, – падаў голас шафёр. – Ты адна ў нас вандроўніца, астатнія едуць капейчыну зарабляць.
– Ха, вандроўніца? – істэрычна засмяялася дзяўчына. – Скажы лепш – валацужніца… І невядома, хто з нас больш «бабак» заробіць… Я не толькі іх маю на ўвазе, – дзяўчына падхапілася на ногі і, тэатральна раскінуўшы рукі, крыкнула: – Я больш зараблю і за цябе, і за Ашота… Ды што казаць, я больш зараблю за ўсіх вас разам узятых. Паўгода – і трохпакаёвая кватэра ў кішэні… І не загаворвай мне зубы – гані шампуньку.
Гэтая размова, і асабліва шматзначны, бессаромна-істэрычны Ірынін смех, непрыемным халадком закралася ў Любіну душу. Адразу ўзгадалася рослая, як не пад два метры, касцістая, мужчынападобная начальніца аддзела кадраў трамвайнага дэпо, якая, аддаючы працоўную кніжку, брыдка скрывілася і скрозь зубы працадзіла: «Усім вядома, чаго нашы дзяўчаты туды едуць, але ніколі не думала, што і ты – блудніца».
Люба скоса зірнула на суседку, якая ноччу, калі ад’язджалі з Мінска, назвалася Кацярынай, і, сустрэўшыся з ёй позіркам, паспрабавала ўсміхнуцца. Гэткая ж вымучаная, палахлівая ўсмешка кранула і Кацярыніны вусны.
– Мне прапанавалі месца рэпетытаркі музыкі для васьмігадовага хлопчыка, – нясмелым стомленым голасам сказала дзяўчына, – з веданнем рускай мовы.
– А ў мяне кантракт пакаёўкі ў доме, дзе жыве калека… Ён паралізаваны, ногі не ходзяць.
– Хоць бы гэтая «Чарадзейка» не падвяла, – цяжка ўздыхнула Кацярына.
– Фірма надзейная, – упэўнена сказала Люба. – Муж маёй лепшай сяброўкі там за галоўнага.
– Запрашаю ўсіх да нашага стала-чамадана, а ў каго рукі караткаватыя, лічыце мяне афіцыянтам: усё, што пажадаеце, паднясу, – уладна абвясціў Ашот. – Як кажуць, служба службай, а абед па распарадку.
– Баюся я гэтага Ашота, ці не бандыт? – паспешліва прашаптала Кацярына. – Падазрона маўчыць, імя не нашае, хоць і прамаўляе без акцэнту.
Читать дальше