— Жанчыне лягчэй перамяніцца, — заспакойліва сказала маці. — У жанчыны ўсё яе жыццё ў яе на руках. А ў мужчыны — у галаве. Ты не тужы. Можа… можа, у наступным годзе ў нас будзе свой кут.
— У нас нічога няма, — сказаў бацька. — Цяпер ужо доўга не знойдзем работы, ураджаі сабраныя… Што далей будзем рабіць? Што есці будзем? Разашарне ўжо час падыходзіць. Так ужо нас прыціснула, што і падумаць страшна. Вось я і капаюся ў мінулым, каб думкі неяк адцягнуць. Відаць, скончана наша жыццё.
— Не, не скончана. — Маці ўсміхнулася. — Не скончана, бацька. Гэта жанчыне таксама дадзена ведаць. І вось што я заўважыла. Мужчына, ён жыве рыўкамі: дзіця народзіцца, памрэ хто — рывок; ферму купіць, страціць сваю ферму — рывок. А ў жанчыны жыццё цячэ роўна, як рэчка — дзе крыху завіецца на вірах, закіпіць на вадаскатах, але рэчка бяжыць усё далей і далей. Вось як жанчына разважае. Усе мы не памрэм. Народ, ён будзе жыць — можа, і пераменіцца трохі, але жыць будзе заўсёды.
— Адкуль ты ведаеш? — папытаўся дзядзька Джон. — Што можа перашкодзіць жыццю спыніцца? Людзі стаміліся, ім толькі каб легчы і забыцца.
Маці задумалася. Яна пацерла тыльны блішчасты бок адной рукі далонню другой і перапляла пальцы.
— На гэта адразу не адкажаш, — сказала яна. — Мне здаецца: усё, што мы робім, усё вядзе нас далей і далей. Так мне здаецца. Нават калі ты галадаеш, калі хварэеш; некаторыя памруць, але астатнія толькі мацнейшымі робяцца. Трэба дзень за днём трымацца, сённяшнім жыць.
Дзядзька Джон сказаў:
— Калі б яна не памерла тады…
— А ты жыві сённяшнім днём. Не развярэджвай сябе.
— Там у нас, можа, добры ўраджай будзе наступным летам, — сказаў бацька.
Маці страпянулася:
— Ш-ш… Слухайце!
На сходках пачуліся чыесці асцярожлівыя крокі, і з-за полага выступіў Эл.
— Вітанне, — сказаў ён. — А я думаў, вы даўно ўжо спіце.
— Эл, — сказала маці, — мы тут гутарым. Пасядзі з намі.
— Добра. Мне таксама трэба пагаварыць. Я хутка пайду ад вас.
— Табе нельга. Ты нам тут патрэбен. Чаму ты надумаў ісці?
— Ну, мы з Эгі Ўэйнрайт вырашылі пажаніцца, я буду працаваць у гаражы, ноймем домік і… — Ён люта глянуў на бацькоў. — Вось так, і ніхто нас не спыніць!
Усе моўчкі ўтаропіліся на яго.
— Эл, — нарэшце сказала маці, — мы радыя гэтаму. Мы вельмі радыя.
— Сапраўды?
— Ну вядома! Ты ўжо дарослы. Табе пара жаніцца. Толькі так адразу, Эл, не ідзі ад нас.
— Я ўжо абяцаў Эгі, — сказаў Эл. — Не, мы пойдзем адсюль. Мы больш не можам усё гэта цярпець.
— Пачакай да вясны, — упрошвала маці. — Толькі да вясны. Няўжо да вясны не застанешся з намі? Хто грузавік павядзе?
— Ну…
Раптам з-за брызенту высунулася галава місіс Уэйнрайт.
— Вы ўжо ведаеце? — запыталася яна.
— Так. Толькі што даведаліся.
— Ах ты, божачкі! Цяпер… цяпер каб пірог спячы… Вось каб цяпер… пірог ці што-небудзь такое…
— Я звару кавы і спяку аладак, — сказала маці. — А да іх у нас ёсць сіроп.
— Ах ты, божачкі! Вось я… ага, слухайце, я цукру прынясу. Будуць салодкія аладкі.
Маці наламала сухога голля, усунула ў печку, і яно хутка загарэлася ад гарачага вуголля, што засталося пасля гатавання вячэры. Руці і Ўінфілд выпаўзлі з-пад коўдры, як ракі-самотнікі са сваіх шкарлупін. Першыя хвіліны яны паводзілі сябе сціпла, стараючыся разведаць, даравалі ім іхнія правіннасці ці не. Пераканаўшыся, што ніхто не звяртае на іх ніякай увагі, яны асмялелі. Руці праскакала на адной назе да дзвярэй і назад, не дакранаючыся да сценкі.
Маці сыпала ў міску муку, калі Ружа Сарона паднялася па сходках у вагон. Яна выпрасталася ў дзвярах і насцярожана пайшла да маці.
— Што здарылася? — запыталася яна.
— У нас навіна! — усклікнула маці. — Зараз мы наладзім маленькі банкецік з выпадку заручын Эла і Эгі Ўэйнрайт.
Ружа Сарона застыла на месцы. Яна паволі перавяла позірк на Эла, які стаяў разгублены, усхваляваны.
Місіс Уэйнрайт крыкнула з другога канца вагона:
— Я памагаю Эгі надзець свежую сукенку. Мы зараз.
Ружа Сарона паволі павярнулася, падышла да шырокіх дзвярэй вагона і асцярожна спусцілася па сходках. Ступіўшы на зямлю, яна паволі пабрыла да рэчкі, а там пайшла сцежкай, што цягнулася па беразе. Яна ішла туды, куды незадоўга перад тым хадзіла маці, — у густы вярбняк. Вецер дзьмуў цяпер амаль без парываў, і вецце роўна шапацела. Ружа Сарона апусцілася на калені і на карачках палезла ў самы гушчар. Галінкі драпалі ёй твар, чапляліся за валасы, але яна не зважала на гэта. Яна спынілася толькі тады, калі вецце апляло яе з усіх бакоў. Ружа Сарона легла на спіну і адчула цяжар дзіцяці ў сваім улонні.
Читать дальше