— А колькі вы плаціце, містэр?
— Дзевяноста цэнтаў.
— Мы пойдзем на збор. Кажуць, у наступным годзе семдзесят пяць будуць плаціць, а то і шэсцьдзесят.
— Я таксама такое чуў.
— Дабром гэта не скончыцца, — сказала маці.
— Вядома. Я сам ведаю. У такой драбязы, як я, выбару няма. Плату ўстанаўлівае Асацыяцыя, а з ёю не лічыцца нельга. Не палічышся — прапала твая ферма. На дробных гаспадароў увесь час наступаюць.
Яны падышлі да лагера.
— Мы пойдзем да вас, — сказала маці. — У нас тут бавоўны зусім ужо мала засталося. — Яна збочыла да крайняга вагона і паднялася па сходках. Цьмянае святло ліхтара кідала змрочныя цені навокал. Бацька, дзядзька Джон і трэці — пажылы мужчына сядзелі на кукішках, прыхінуўшыся да сцяны.
— Хэло, — сказала маці. — Добры вечар, містэр Уэйнрайт.
Уэйнрайт падняў галаву. Рысы твару ў яго былі тонкія, быццам вытачаныя, вочы сядзелі глыбока пад густымі брывамі. Мяккія сівыя валасы адлівалі блакітам. Чэрненае срэбра барады закрывала яго скулы і падбародак.
— Вечар добры, мэм, — адказаў ён.
— Заўтра пойдзем на збор, — паведаміла маці. — Каля мілі на поўнач адсюль. Дваццаць акраў.
— Відаць, лепш паехаць на грузавіку, — сказаў бацька. — Раней прыедзем — больш збяром.
Уэйнрайт парывіста ўскінуў галаву:
— А што, калі і нам пайсці?
— Канешне. Мы з гаспадаром разам ішлі сюды. Яму патрэбны зборшчыкі.
— Тут ужо мала што засталося. Другі раз амаль няма чаго збіраць. Нічога не заробіш. З першага разу ўсё падчыстую бяруць.
— Вы з намі можаце паехаць, — прапанавала маці. — Бензін папалам.
— Вось гэта па-сяброўску, мэм.
— І нам і вам выгада, — сказала маці.
Бацька сказаў:
— У містэра Ўэйнрайта праблема — прыйшоў да нас на раду. Мы тут сядзелі, разважалі.
— А што такое?
Уэйнрайт апусціў вочы.
— Ды вось Эгі, — сказаў ён. — Падрасла дзяўчына… шаснаццаты год канчаецца, зусім дарослая стала.
— Эгі ў вас прыгожанькая, — сказала маці.
— А ты перш паслухай, — абарваў яе бацька.
— Эгі і ваш Эл кожны вечар гуляюць. Эгі дзяўчына здаровая, нармальная, ёй мужа трэба, а то бяды чакаць нядоўга. У нас у сям'і ніколі нічога такога не было. А цяпер мы жывём у нястачы. Вось мы з місіс Уэйнрайт і непакоімся. Што, калі бяда з ёю здарыцца?
Маці расклала матрац і села на яго.
— Яны разам гуляць пайшлі? — запыталася яна.
— Заўсёды разам, — адказаў Уэйнрайт. — І так кожны вечар.
— Гм… Што ж, Эл хлопец добры. Пеўнік — гэта ў ім трохі ёсць, але хлопец ён добры, стойкі. Я лепшага сына і не хацела б.
— На Эла мы і не скардзімся! Як чалавек ён нам падабаецца. Але чаго мы з жонкай баімся… разумееце, Эгі ўжо дарослая дзяўчына. Вось мы куды-небудзь адлучымся ці вы, а вернемся і… Што тады? У нас у сям'і такой ганьбы ніколі не было.
Маці мякка прамовіла:
— Мы падумаем, параімся… Ганьбіць вас не будзем.
Госць паспешліва падняўся на ногі.
— Дзякую вам, мэм. Эгі ўжо дарослая. Яна дзяўчына добрая… добрая і сціплая. Калі ўберажаце яе ад ганьбы, мы будзем вам вельмі ўдзячныя. Эгі не вінаватая — вырасла дзяўчына.
— Бацька наш пагаворыць з Элам, — сказала маці. — Калі не захоча, дык я пагавару з ім.
Уэйнрайт сказаў:
— Дык добрай вам ночы, і вялікі дзякуй. — Ён пайшоў за брызентавы полаг. Чутно было, як ён на сваёй палове паведамляў жонцы пра вынікі перамоваў.
Маці з хвіліну прыслухоўвалася, потым сказала мужчынам:
— Перасядзьце сюды, бліжэй.
Бацька і дзядзька Джон цяжка падняліся з кукішак. Яны селі на матрац побач з маці.
— А малыя дзе?
Бацька паказаў на кут:
— Руці накінулася на Ўінфілда і ўрэзала яму. Я загадаў ім легчы спаць. Пэўна, заснулі. Разашарна пайшла да нейкай знаёмай жанчыны.
Маці ўздыхнула і ціха прамовіла:
— Я знайшла Тома. І… сказала, каб ён ішоў адгэтуль. Куды-небудзь далёка.
Бацька паволі паківаў галавой. Дзядзька Джон уткнуўся падбародкам у грудзі.
— Нічога больш яму не застаецца, — сказаў бацька. — Як ты думаеш, Джон?
Дзядзька Джон падняў галаву.
— Нічога разумнага я вам не скажу, — адказаў ён. — Апошнім часам жыву як у сне.
— Том у нас добры, — сказала маці. Потым дадала, нібы просячы прабачэння: — Гэта я не ў крыўду табе сказала, што сама пагавару з Элам.
— Я ведаю, — спакойна сказаў бацька. — Ад мяне цяпер карысці мала. Увесь час толькі і думаю пра тое, як было раней. Толькі і думаю пра наш дом там, у Аклахоме. Я яго больш ніколі ўжо не ўбачу.
— Тут мясціны лепшыя… прыгажэйшыя, — сказала маці.
— Яно так. Але я тут нічога нават не заўважаю — у думках бачу, як з нашай вярбы лісце асыпаецца. Бывае, раптам успомню: трэба дзірку забіць у плоце, што з паўднёвага боку. Дзіўна: жанчына кіруе сям'ёй! Жанчына камандуе: тое зробім, туды паедзем… А мне хоць бы што.
Читать дальше