— Думаеш, слова не мае ніякай дзейснай сілы? — пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.
— Чаму ж, мае, але толькі тады, калі яно — дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэнні царквы, і яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але ці ж не на тым грунтуюцца нашы заклікі, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькі тады нешта азначаюць, калі не далей чым за крок ад іх стаіць меч дзеяння.
— Калі я правільна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнанні асоб перад Святым трыбуналам, якія сведчаць за тое, што шмат хто са свецкіх паноў і ўпраўцаў горада Віла-Рэал пагарджае асновамі рэлігіі і не баіцца ўзносіцца з пыхаю там, дзе павінна быць толькі паслушэнства і пакора, — то гэта ці не словы, за якімі стаіць меч дзеяння?
Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позірку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.
— Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваімі вуснамі. Здаецца мне, ты зразумеў асабліва важны прынцып.
— Ці маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, які сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна ні была, схаваныя пахібнасці веры?
Тарквемада прыплюшчыў вочы і нічога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзіраўся ў яго з напружанай увагай.
— Калі б мы хацелі і маглі глыбей і праніклівей глядзець на людскія памылкі, — азваўся праз хвіліну, — тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.
Тарквемада ўзвёў павекі.
— Ойча Бласка, — сказаў задумліва, — я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, які шчыра любіць…
— Слухаю цябе, ойча.
— Сапраўдны хрысціянін не можа мець ніякіх асабістых мэт, якія б пярэчылі мэтам царквы.
— Так, ойча, гэта праўда.
— Усе нашы дзеянні, думкі і жаданні належаць царкве. Лічу таксама, што менавіта таму хрысціянін не толькі можа, але і павінен песціць у сабе жаданні, хай вельмі асабістыя, але каб яны адпавядалі мэтам царквы. Скажы яшчэ, ці маеш асабістае пажаданне, асабліва табе дарагое, адно замілаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваіх зямных імкненняў?
Падрэ дэ ла Куэста хвіліну маўчаў.
— Калі быць шчырым, ойча, як на споведзі…
— Будзь!
— Прызнаюся, ужо колькі гадоў горача і нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, і хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калі-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасці кардынала дэ Мендоза, сесці на трон арцыбіскупаў Таледа.
У цэлі стала ціха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схіленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялікі інквізітар маўчаў.
Якраз выходзіў месяц, і бляск яго прабіваўся ў келлю імглістай яснотаю.
— Ойча вялебны, — ціха азваўся прыёр, — магчыма, маё прызнанне ўразіла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваімі марамі. Аднак мне хацелася б…
— Ідзі спаць, ойча, — суха сказаў Тарквемада. — Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.
Падрэ дэ ла Куэста збялеў.
— Божа літасцівы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калі лічыш, што я не годны такога вялікага гонару…
— Маўчы! Няўжо ты сапраўды такі сляпы і глухі, калі не разумееш, што адкідаеш, выбіраючы славу і бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбіскупскую інфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамініканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабіў з сабою, у якія сеткі ўблытаўся? Хвіліну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлівасці, што залічу цябе да найвышэйшай годнасці змагара царквы, назначыўшы адным з інквізітараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбіскупам Таледа!
— Ойча!
— Ці не разумееш, што годнасць інквізітара, якая ўскладае на плечы не учту, а цвёрдыя абавязкі, азначае стакроць больш, чым усе біскупскія троны? Больш, чым кардынальская пурпура? Больш нават, чым тыяра папы! Ідзі спаць, бедны ойча, памыліўся я ў табе.
Падрэ дэ ла Куэста асунуўся на калені.
— Ойча вялебны, дзякую табе, адкрыў мне вочы, бачу цяпер, што сапраўды пыха засланіла мне свет, што я цяжка саграшыў, але ў імя памяці нашага вялікага патрона, святога Дамініка, заклінаю цябе, не пагарджай мною, даруй гэтую хвіліну слабасці і зацьмення.
— Не! — піскліва крыкнуў Тарквемада. — Не дарую. Ты не дзіця, якое толькі ўчора ўступіла ў веру. Ты прыёр, кіраўнік некалькіх сотняў душ. Настаўнік маладых. Валасы сівеюць. Колькі ж гадоў жывеш у кляштарных сценах?
— Мінула трыццаць.
Читать дальше