Уладзімір Караткевіч
Лятучы Галандзец
Паэт Лявон Касачэўскі даведаўся, што яму здрадзіла нявеста.
Месца, у якое ён уцёк гаіць сардэчную рану, было рыбацкім латвійскім гарадком, маленькім, як цацка. Уранку Касачэўскі прачнуўся, пачуў, як дождж шапаціць па лісцях, і засмяяўся, што няма больш нявесты, усё засталося ззаду, што прыйшла, магчыма, другая маладосць.
Але такое пачуццё было толькі ў першы дзень, пасля вярнулася туга. Ён сумаваў па Анэлі, па яе бязвольных далонях, па нахабных прыжмураных вачах. Пасля адышло і гэта, і толькі травяністы пах першых астраў нагадваў яму часам мінулую восень, шчасце.
Гарадок быў увесь заплецены мокрымі сецямі, прапахнуў рыбай і ёдам. Гэта была спрадвечная Балтыка, не захватаная да агіды рукамі цікаўна-абыякавых турыстаў. Пасівераныя рыбакі, бабулі з вялікімі чорнымі рукамі, бялявыя дзяўчаты.
І, вядома, дзюны - прыбалтыйскія піраміды з іхнім халодным пяском, спічастымі верхавінамі і жоўтай, таксама халоднай істужкай вячэрняй зары, што гарыць над імі.
Лявон атрымаў якраз ганарар за кнігу і вырашыў жыць тут, сціпла і бедна, да таго часу, пакуль хопіць грошай. Яму абрыдлі камяніцы горада, брудная рэчка, спрэчкі ў рэдакцыях. Абрыдла і вёска, дзе жыла яго адзіная сястра і дзе ён стаў амаль такім самым паважаным чалавекам, як Аўтух Купа, сын цёткі Юхіміхі, сяржант мінскай міліцыі.
Ён не хацеў сустрэч з людзьмі, і людзі не ведалі, што гэты непрыгожы чалавек год трыццаці - вядомы паэт. Яны проста бачылі яго нязграбную моцную постаць, шырокія крокі, якімі ён мераў чысцюткія вуліцы гарадка. А ён любіў толькі кампанію дзяцей і вельмі старых рыбакоў, ды і то рэдка.
Звычайна ён браў з сабою сабаку гаспадыні, істоту рухавую і дрэнна выхаваную, і забрыдаў на цэлы дзень куды-небудзь далёка ў поле або на дзюны. Надыбаўшыся да таго, што ставала млосна ў нагах, ён сядаў на пясок і сумленна дзяліў хлеб з сабакам, пасля клаўся на зямлю дагары тварам і сачыў за хмарамі, а сабака, атрымаўшы ўсё, што трэба, здрадліва кідаў яго і бег кудысьці па сваіх сабачых справах.
Лявону было цяжка... Да дваццаці васьмі год ён жыў жыццём чыстым і халодным, не разумеючы сяброў, якія проста так хадзілі "на вечарок" сёння да адной, праз тыдзень да другой і казалі, што гэта натуральна, што ўсім кабетам толькі таго і трэба. Ён быў па-пурытанску, насуперак усяму, упэўнены, што каханне - гэта зусім не тое, што рабілі сябры. Ён не папікаў сяброў, ён ведаў, што большасць людзей гэтага проста не ведае, - але для сябе выбраў другі шлях: або ўсё, або нічога.
І тут прарвалася тое, жахлівае, што аж дагэтуль мучыла ўсю яго істоту.
Яшчэ і яшчэ раз ставіў ён перад сабою пытанне, якое з пачатку дзён ставяць усе вельмі разумныя, але вельмі дурныя мужчыны: "Што я ў ёй знайшоў?" Гожая, з наўскос прарэзанымі вачыма, падобная на егіпцянку - людзі на вуліцах азіраліся на яе. Хіба што толькі гэта?
Аднак цэлы год ён гарнуўся да Анэлі, думаў толькі пра яе, не мог без яе.
І сяброўкі ў яе былі такія самыя. Флірт без ценю дасціпнасці, размовы пра тое, што нейкі французскі артыст накупляў у Маскве бялізны і пасля адкрыў у Парыжы выстаўку, на смех розным сытым ранцье. З захапленнем перадавалі словы нейкай этуалі: "Як у іх пры такой бялізне нараджаюцца дзеці?!"
Касачэўскі ніколі не быў артадоксам, але яго так абурыла іх слепата, што яго ўзарвала.
Некалькі дзён пасля таго ён не размаўляў з Анэляй, але яна прыйшла да яго сама і так міла шчабятала, рабіла такія нявінныя вочы, што ён не вытрымаў.
Ён памятаў, як аднойчы, калі яны ўжо былі жаніхом і нявестай, ім давялося сустракаць дзень нараджэння ў адной Анэлінай сяброўкі. Вечар скончыўся позна, дача была далёка за горадам.
Ім паслалі ў адным пакоі, перагарадзіўшы яго шырмаю. Пры гэтым гаспадыня дачы (Касачэўскі мог бы пабажыцца) з выразнасцю паглядзела на сяброўку, і ў вачах яе Лявон заўважыў прытоеную ўсмешку. Лявон, вядома, не думаў адмаўляцца, выглядаць у яе вачах смешным. Але гэта было так непрыкрыта і так бессаромна, што ён пайшоў на веранду і курыў там, пакуль усе не заснулі.
У пакоі ён доўга глядзеў на спячую. Напружаны нават у сне твар, раскрыты рот (паліпы ў носе, ці што?). Нічога ад яе дзённага зачаравання не было ў гэтым вобліку, толькі ніколі раней Лявона так не цягнула да яе, не быў ён такі блізкі з ёю - да апошняй мяжы. Насланнё нейкае!
Але ён шкадаваў нявесту і памятаў выразны позірк гаспадыні. Шырма засталася стаяць.
Што ж гэта было? Толькі не каханне, бо разляцелася ў трэскі ад першага позірку хлюста, што стаў на іхняй дарозе за месяц да вяселля. Ён выпадкова ўбачыў іх разам, але яна пры апошнім спатканні хлусіла яму, выкручвалася, як вужака пад віламі. І самае дрэннае было тое, што ён ведаў, ведаў усё, пагарджаў ёю, не паважаў ані на шэлег, - і ўсё ж гарнуўся да яе, так гарнуўся, што ўсё мог дараваць.
Читать дальше