І чым больш ён гаварыў, тым больш Ратч ставаў упэўненым чамусьці, што паляшук ні ў чым не павінны. А Румянцаву прыйшло ў галаву, што асуджаны саскнарнічаў у апошнюю хвіліну і не паказаў ім сапраўднай скарбніцы. Ён падумаў трохі (паляшук стаяў ля дрэва і маўчаў, толькі вочы яго з-пад брудных, навіслых на вочы касмылёў глядзелі з нянавісцю) і сказаў палешуку:
— Купі сабе жыццё.
— Мне не трэба жыцця, — адказаў жорстка і холадна паляшук.
Грымнуў залп.
Калі паны-афіцэры пакрочылі ўперад, а знявечанае пякельнай пакутай цела палешука зарылі — адзін з салдат сказаў каротка:
— Эх, паны, на такога бедака грошы паквапіліся.
А другі прадоўжыў:
— А я ўпэўнены, што, калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было — яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты... Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дак нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх.
Абярнуўся да ямкі і нагою асцярожна ссыпаў туды грошы:
— Можа, хто падбярэ.
Ратч і Румянцаў ледзь адышлі ад месца страты, як у гушчары нехта варухнуўся. Абодва прыгледзеліся: ля самай дарогі стаяла нейкая жанчына ў лахманах, з змрочным тварам, падобным на твар зморанай разумнай жывёліны. Двое дробных дзяцей трымаліся за яе падол, трэці вісеў у нейкім лянтуху за плячыма. У яе былі сурова нахмураныя бровы і глыбока запалыя вочы, якія глядзелі некуды ў бок паляны. Пачуўшы трэск галіны пад нагою капітана, яна знікла, як быццам праваліўшыся праз зямлю.
— Гэтай што яшчэ патрэбна? — спытаў Ратч.
— Не ведаю.
Адышлі далей, ззаду паказаліся салдаты, і раптам Ратч, які напружана думаў аб гэтым, стаў.
— Стойце! — закрычаў ён. — Бож-жа ж мой! Здаецца, я пачынаю разумець... Вось чаму ён так прасіўся.
Быццам у падмацаванне яго слоў ззаду, з паляны, пачуўся прарэзлівы крык. Ён быў падобны адначасова і на вой, і на лямант смяротна пакутуючага чалавека.
— Што гэта? — спытаў Румянцаў, усё яшчэ не разумеючы.
— А то, — адказаў Ратч з крывою пасмешачкай. — Жанчына, ваўчыха ці, можа, яшчэ што.
Румянцаў зразумеў, уцягнуў галаву ў плечы і амаль пабег да сяла.
На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток.
І толькі тут Ратч зразумеў усю непавяртальнасць зробленага.
А на паляне лямантавала жанчына, і ў голасе яе адчуваўся такі адчай, такая безнадзейнасць, што здавалася, уся зямля напоўнена ім і болей нічога не засталося на яе абдзёртых, жарбацкіх абшарах.
Вечарам яны смяротна перапіліся. Ратч узняўся і кінуў Румянцаву ў твар абвінавачванне:
— Вы гэта зрабілі ад злосці. Ганарыцеся сваёй сумленнасцю, а самі жадалі абакрасці гэтага бедака.
— А чым вы за мяне лепшы? — адпарыраваў Румянцаў.
Ратч зваліўся на лаву і зарыдаў п'янымі слязьмі. Румянцаў ірвануў каўнер мундзіра:
— І гэтак паўсюль. У мяне пад Калугаю тое ж бачу ў вачах хамскіх. Хутка яны схопяцца за сякеру, і тагды... Мы тут апошнія госці, няпрошаныя на ўсёй зямлі, ненавісныя, прадрачоныя.
А Ратч рыдаў, і праз рыданні чулася:
— О, як яны нас ненавідзяць!.. О, як яны нас ненавідзяць!.. Як жахліва, як холадна нам жыць на зямлі!
Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навакол, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты.