Вось ужо і скончыўся дзень, на лагі апусцілася смуга і змрок ахутаў зямлю. Вось і канец нашага кароткага падарожжа, вось і канец нашым размовам. Сёння не так як некалі – развітваемся ля магілы, убачымся пасля смерці.
Сказаўшы гэта, ён паціснуў мне руку, пайшоў шпарка сваёю дарогаю і хутка схаваўся ў пушчы, якая, як чорная хмара, хавала далягляды.
Яшчэ нейкі час я моўчкі, як помнік, пастаяў над магілаю і самотны пайшоў далей з цяжкім смуткам на душы.
Сціжмы зорак уверсе то гаснуць, то ззяюць,
Хмары ночы схавалі нябёсаў скляпенні,
У цямрэчы усё навакол патанае,
Мне ж заснуць не даюць даўніх дзён маіх цені.
Гэй, сябры! Мы жылі шчаслівейшай парою,
Сёння ж церні і глогі жыццё уздымае;
Колькі люду шукае на свеце спакою,
След крывавы гаркоты у сэрцы трымае.
Той няшчасны, і гэта яго прызначэнне,
Хто чытае у сэрцах і годнасць, і ваду,
Хто навек успаміны свае і імкненні
Затаіў у грудзях, як атрутнага гада.
Гэты свет яму дзікай пустэльняй здаецца,
Ні душу, ані вока няма чым спатоліць;
Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б’ецца
У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.
Адчыняецца чорнае хмары заслона,
Абшар нябёс бялее там, на ўсходнім краі,
І, як запаленая лямпа ў хмарах сонных,
Ярчэй за іншыя нам гэта зорка ззяе.
Вясляр, стамлёны штормам ў водах Акіяна,
Плыве пад зоркаю надзеі без трывогі;
Пяскамі Афрыкі вандруюць караваны,
Што, ў неба глянуўшы, выходзяць у дарогі.
О, зорка! Да цябе заўжды узносіць вочы
Блукалец, што камень тугі нясе у сэрцы,
Калі жалобы хмара светач думкі змрочыць,
Часінай буры супыніўшы ў паняверцы.
Дарма халодны розум шчасця дзесь шукае,
Дарма магутны розум лічыць слуг бясконца;
Сумленнага прадбачнасць акрыляе,
Што ўночы зоркі, тое ўдзень запаліць сонца.
Ранак высвеціў поле і бор напаўсонны,
А на ўсходзе аблокі гараць, як рубіны;
Шмат чуваць журавоў над вазёрным затонам
І ў зялёнай гушчэчы хароў салаўіных.
Божа! Колькі падзякі Табе у прыродзе!
Загадаеш, і краскай вясна нас вітае,
Загадаеш, як слотная восень прыходзіць
І у вырай вандроўнае птаства злятае.
А даброты Твае ўсе стварэнні зазналі,
Там, дзе моры пяскоў пад адвечнай спякотай
Там, дзе моры ільдоў назаўсёды паўсталі,
Ёсць апека Твая над найменшай істотай.
На дарогах жыцця церні раняць глыбока.
Спі ж, вандроўнік самотны, ў пустэльным спакоі,
Бачыць гадаў атрутных тут Божае вока,
І Ягоны анёл назаўсёды з табою.
Быў змрочны дзень у палове сакавіка, на панадворку падаў мокры снег. У хаце дзядзька размаўляў з рыбаком Родзькам пра рыбацкую ўдачу, пра гаспадарку ды пра клопаты бедных сялян, якім не будзе чым сёлета сеяць, калі палеткі вызваляцца з-пад снегу. Я падчас тае гаворкі думаў пра падарожжа і марыў, што ў чужых краях зусім іншы свет, пякнейшыя краявіды, прыгажэй цвітуць лугі, больш багатыя ўраджаі на палетках і людзі стакроць шчаслівейшыя. Дзядзька парушыў мой одум, кажучы:
– Янка доўга гасцяваў у пана Марагоўскага, бываў і ў іншых дамах заможных нашых суседзяў, палюбіў іх ветлівасць, пасябраваў з сім-тым з маладзёнаў і нібыта назаўсёды з імі развітаўся; заўсёды маркотны, задуманы і гэтай вясною хоча нас пакінуць, мяркуючы, што дзесьці там, у далёкіх краях, багацце плыве ракою.
– Я не шукаю багацця, – адказваю, – а хачу пазнаёміцца з думкамі і жыццём людзей у тых далёкіх краях; у маладосці трэба вучыцца, трэба пабачыць свет.
– Убачыш, зазнаеш і спасцігнеш, што і там, дзе зямля шчодра адорвае земляроба, дзе лясы цвітуць накшталт зямнога раю, – людзі ўсюды такія самыя, там толькі шчасце, дзе чалавек жыве так, як Бог загадаў: працуе рупліва і без хцівасці, не забывае бліжніх і спадзяецца на лепшае. У нашым краі доўгая і зменлівая зіма, часам мокрая, часам марозная і завейная, у лагчынах вада, а на пагорках паўночны вецер нішчыць пшаніцу і жыта, аднак жа дбайнасць і праца можа перамагчы ўсё. Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю добрыя сенажаці, завёў жывёлу, цяпер, дзякуй Богу, і палеткі родзяць. Паны, што маюць прыгонных, марнуюць багацце на карэты, уборы і карты; няраз вясною, калі ім бракуе грошай, ідуць да шляхціца Завальні. Хто працуе і спадзяецца на Бога – можа і тут быць шчаслівы і спакойны.
Читать дальше