– Шмат наш край, – сказаў я, – зазнаў розных перамен шчасця і няшчасця; знікнуць тыя чорныя хмары і цёмная бура, дасць Бог, закрасуе вясна, прыйдзе заможнасць і на нашы лугі ды палі.
– Шмат праўды ў народных паданнях, – сказаў Севярын. – Памятаю, у Полацкім павеце ў гаворцы сялян пра схаваныя ў зямлі скарбы пачуў я такую гісторыю, якая добра стасуецца з нашай сённяшняй размоваю.
У Сітнянскіх лясах недалёка ад рэчкі Страдань ёсць пагоркі, якія нібыта насыпалі самі людзі. Кажуць, там быў калісьці горад, разбураны ворагамі; а праз некалькі стагоддзяў на тым месцы стаяў маёнтак. Жыў у ім пан; імя яго – Дамінік – і дасюль яшчэ памятаюць людзі. Там, на гары, блізу маёнтка, правалілася зямля. Заўважыўшы гэтае дзіва, слугі адразу ж далажылі пану. Той загадаў памераць глыбіню, але найдаўжэйшая жэрдка не дастала да дна гэтае прорвы. “Там мусяць быць багатыя скарбы, – сказаў пан. – Хачу паслаць у тую падземную схову; няхай хто-небудзь, спушчаны на вяроўцы, з ліхтаром у руках агледзіць тыя цёмныя лёхі”. Але калі ўбачыў, што ўсіх апанаваў страх і не было ахвотнікаў выканаць яго волю, паслаў аднаго свайго чалавека, кажучы, што калі не паслухаецца, дык загіне і на зямлі.
Той мусіў выконваць панскі загад. Калі апынуўся на самым дне ямы з ліхтаром у руках, убачыў адчыненыя дзверы, скляпенне на слупах, усюды магільная ціша; са страхам мінае ён пусткі і ўрэшце заходзіць у велізарны пакой. Тут, асветленая агнём ліхтара, зіхацелі на сценах срэбным і залатым бляскам зброя і розныя аздобы. На крэсле каля стала спала кабета, паклаўшы галаву на правую руку. Доўгія валасы бязладна падалі на плечы, на бледным твары відаць былі слёзы, яе чорны ўбор быў знакам цяжкае жалобы, ля яе ног спалі велізарныя страшныя мядзведзі. І яшчэ бачыў Дамінікаў пасланец незлічоныя скарбы ў адчыненых жалезных скрынях.
І пакуль на ўсё гэта паглядаў спалохана – прачнулася кабета і кажа:
– Ты шукаеш скарбаў у гэтым падземным палацы?! Ад вашае хцівасці нідзе мне няма спакою.
Пасля яе слоў прачнуліся лютыя звяры. Гарэлі іх страшныя вочы, і тапырылася поўсць на спіне.
– Прабач, пані, – залямантаваў той бедны чалавек. – Я не хачу скарбаў, але воля раз’юшанага пана паслала мяне ў гэты падземны палац. Я мусіў выканаць загад, бо загінуў бы за непаслушэнства.
Кабета супакоіла велізарных звяроў, вочы яе заліліся слязьмі, і сказала яна засмучаным голасам:
– О, нешчаслівыя! Яшчэ не выкінулі са свайго сэрца пыхі і лютасці. Памёр бы ты на гэтым месцы, калі б прыйшоў сюды па сваёй волі. Дарую табе, ідзі і скажы жорсткім людзям: “Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не змякчыць вашае сэрца, гэтыя зямныя дарункі ўзбагачаюць тых, хто ў іншым чалавеку бачыць бліжняга свайго і брата”.
Так, адпачываючы пад шатамі дрэваў, доўга размаўлялі мы пра зменлівасць лёсу: як некалі Бог блаславіў працу продкаў, шчодрыя былі ўраджаі на палях і велізарныя статкі пасвіліся на пагорках; як пасля беднасць і голад распаўзліся па цэлым краі; пра цяперашнія ўраджаі і пра людскія пакуты, пра старых, што выправіліся ў вечнасць, і пра тых, што шукаюць шчасця ў далёкіх чужых краях.
Сонца хілілася да захаду. Севярын устаў, падрыхтаваўся ісці і сказаў:
– Хадзем далей. Пакуль сонца сядзе, буду табе таварышыць. А там прыйдзем на месца, дзе разыходзяцца дзве дарогі, яны нас і разлучаць.
Ідучы лясамі і палеткамі, Севярын апавядаў мне пра ўсходнія і паўднёвыя краіны, якія прыгожыя краявіды сустракаў там, у далёкіх краях, якія вялікія чароды пасуцца ў стэпах і на гарах, як зямля, не вымагаючы вялікае працы, кожны год узнагароджвае багатым ураджаем, і пра выгоды тамтэйшых жыхароў.
У размовах хутка праляцеў час. І вось я ўжо бачу перад сабою могілкі, каплічку, драўляныя крыжы і дзве дарогі: адна ў густы лес, другая – далей праз палі і пагоркі.
– Тут і канец нашае супольнае вандроўкі і нашым размовам, – сказаў Севярын, сеўшы на магільны камень. Ён глянуў у неба і аддаўся нейкім маркотным думкам. І мяне апанаваў смутак. У гэты час мы абодва нагадвалі журботныя магільныя помнікі.
Хавалася на захадзе за рубінавым воблакам сонца, неба было пагоднае, рэчка свяцілася здалёку, як люстэрка, паветра такое ціхае, што чуваць было, як дзесьці пераляталі начаваць на далёкае возера качкі, зайграла ў пушчы музыка лясных птушак, заспяваў чароўным голасам салавей у блізкім хмызняку.
– Як шчыра ўся прырода цешыцца вясною ў такое ціхае надвор’е, – сказаў Севярын. – Чалавеку не дадзена сапраўднае весялосці: багатыя, калі сонца сядае, маркоцяцца, што як адзін дзень, так і цэлае жыццё іх міне, схаваецца ад іх назаўсёды, смерць забярэ ў іх уцехі і вясёлыя забавы. Бедныя засмучаюцца, калі сонца ўзыходзіць, – што абудзіла іх да пакутаў і працы. А той, хто зазірнуў у таямніцы людскога жыцця, узважыў, ацаніў іх жаданні і пачуцці, заразіў свой розум, прытупіў зрок, – вандруе па свеце, не бачыць зоркі-надзеі; шлях усюды высыпаны цернямі, і пад ранішнім сонцам абыякава паглядае гэты чалавек на магілы.
Читать дальше