Я быў там цэлы дзень; блукалі з ім па гарах і лясах, і ён несціхаючы гаварыў пра свае мроі. Затрымаў мяне і на ноч. І ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялі. А ўначы ён часта ўсхопліваўся з ложка, уставаў і хадзіў па пакоі, дык і я спаў не шмат, бо кожную гадзіну мой сон перапыняўся.
Наступнага дня, калі мы прачнуліся, сонца было ўжо высока. Ён прывітаў мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маіх знаёмых, пра суседзяў, пра мяне самога, ці часта я быў дома пасля таго, як мы развіталіся пасля школы, якія я наведаў краіны і як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калі я сказаў запрагаць коней, каб раней выехаць, ён міла ўпрошваў мяне застацца на абед. І я не мог адмовіць яго шчырай просьбе.
Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага віна, якое меў з даўняга часу.
– Давай вып’ем, – сказаў ён. – Гэта апошняе развітанне, убачымся ўжо хіба што на тым свеце.
Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне і развітаўся са слязьмі.
І сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын пакінуў той дамок, дзе некалі жылі ягоныя бацькі, выехаў назаўсёды, і цяпер ніхто не ведае, дзе ён. Ці жыве яшчэ, ці, можа, памёр ужо ў чужым краі і між чужога народа.
Пан Зямельскі загаварыў да мяне:
– Вось так і мой даўні сябар пакінуў Бацькаўшчыну, і васемнаццаць гадоў не ведалі мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край і лепшыя людзі. Бог яго ведае, нашы бацькі жылі і тут спакойна, нам жа наканавана іншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзіўся. Можа, дасць Бог, і косці мае тут спачнуць.
– Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калі б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамінаў бы ўсю гісторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроі прымушалі мяне туляцца па ўсім свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалі буду цешыцца ўспамінамі мінулых маіх спраў і спакойна памру сярод сваіх землякоў. Але Бог наканаваў інакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлі, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу…
Сказаў так стары Ротмістар і слёзы паліліся з ягоных вачэй. Гэта засмуціла мне сэрца і думкі.
– Бог вялікі і Ўсемагутны, – сказаў я, – і на яго трэба спадзявацца.
Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмістар, выціраючы хусцінкай слёзы нарэшце абазваўся:
– Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.
І тут перад нашымі вачыма з’явіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла.
Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова. Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш пакой гаспадыня.
– Што такое? – дзівіцца яна. – Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.
– Пан Ротмістар, – сказаў Зямельскі, – так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.
– У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: “Маліся!”
Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што – прачытаць не магу. Зноў падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:
– Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: “Бог справядлівых уславіць перад светам”.
Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і прыйшла расказаць сон.
Сказаўшы гэта, яна выйшла.
Ротмістар уздыхнуў і сказаў:
– Вялікая міласэрнасць Божая! – і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.
Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.
Читать дальше