– А ўжо колькі гадоў прайшло, – перапыніў я маўчанне, – як развіталіся мы з маладымі нашымі прыяцелямі і настаўнікамі. Шчаслівыя былі часіны! Ці ўспамінаеш цяпер тыя даўнія забавы, размовы, майскія праходкі, прыемныя мары і жарты, у якіх ты заўсёды вёў рэй?
– Мае мары і жарты зніклі назаўсёды. Цяпер у мяне іншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабіцца шчаслівы, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце.
– Як ты перамяніўся! – здзівіўся я. – Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?
– Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухі. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае вакно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А бачыш слёзы на маіх вачах? Іх ты раней ніколі не бачыў, вось якая перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым ціхім маім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іх рознай формы: адны круглыя, шырокія, з крывавымі плямамі, другія – сухія, з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва.
– Вялікая розніца, – сказаў я, – у тваіх мроях. Раней цябе захапляла паэзія грэкаў і шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазія нейкая журботная.
– Але слухай, яшчэ табе штосьці скажу, – прамовіў ён, – пра гэтых нягодных мух. Я любіў чытаць паэтаў, любіў некалі і пісаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць у вершах пра свае пачуцці, якія былі ў мяне да свае сям’і і да Адэлі, якую шчыра кахаў. Я паслаў ёй свае песенькі, з якіх яна магла б зразумець маю сапраўдную прыхільнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але і там мухі, якія, не маючы што рабіць, лёталі ўсюды, здзекаваліся з маіх пачуццяў, звінелі датуль над вухам Адэлі, пакуль яна зусім не забыла пра мяне і мае вершы. Ды яны і цяпер не даюць мне спакою, і цяпер, калі што-небудзь напішу, усё абсмяюць і запэцкаюць, гэтыя прыкрыя мухі.
– Гэтыя мухі, на якіх ты так скардзішся, былі і будуць…
Тут ён перапыніў мяне, схапіў за руку:
– Ці бачыў ты калі саранчу?
– Саранчы ў нашым краі няма, – адказваю. – Яна на ўсходзе. Нападае там на лугі і засеяныя палеткі.
– Не бачыў ты, – кажа, – гэтую вялікую тоўстую жамяру. А на ёй – іерогліфы. Хто ўмее, той выразна прачытае такія словы: “Ка р а Б о ж а я”. А ці ж кара Божая толькі там, недзе далёка на ўсходзе, а не ў нас? Пайшлі ў поле, я табе пакажу саранчу.
Ён вывеў мяне на бераг імклівае рэчкі, дзе ўспененыя хвалі шумелі між камянёў: мінуўшы лугі, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелі на высокім беразе ў засені алешыны. Севярын задумліва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля ветрык, зашумелі дрэвы; ён ачнуўся ад сваіх думак і сказаў мне:
– Я часта наведваю гэтыя мясціны, люблю адзін сядзець тут і прыгадваць мінулае. Успамінаю ўсе размовы, якія меў некалі з Адэляю, хоць яна зусім пра мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалі.
Раптам паказаў рукою на ваду:
– Глядзі, глядзі! Вось ляціць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае і ўсё жарэ ў паветры і на зямлі. Яшчэ што скажу: ніколі яна не гіне, як шатан, з’яўляецца ў розных абліччах. Калі пажоўкнуць трава і лістота на дрэвах, павее халодны восеньскі вецер, яна падае на ваду, скідае з сябе крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла і там жарэ ўсё, што сустрэне. Прыйдзе вясна – у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю пашчаю, як лятучы цмок, і каго напаткае – знішчае. Завалодала гэтая пачвара зямлёю і вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Ці не яна заразіла чалавечыя сэрцы, што людзі прыгнятаюць адзін аднаго.
– Нейкая чорная меланхолія, – сказаў я, – зацьміла твае думкі, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслівы, з такімі думкамі ніколі не прычакаеш спакою.
– Вось і не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнічаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзікім лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават і не ўспомню, бо паміж намі будзе вечнасць. Вечнасць!..
– І родны край забудзеш?
– О, не! – адказаў ён. – Калі не вярнуся на Бацькаўшчыну і памру недзе самотны на вяршыні гары ў чужым краі, крукі занясуць туды мае косці; усё ж лепей быць пасля смерці з птушкамі, а не з чарвякамі.
Читать дальше