– Ты не ў сябе дома, у нас за вашыя звычкі забіваюць, – худы праз карычневыя, як яго каптур, зубы выціснуў хмару чорнага смуроду. Кручкаваты погляд, здавалася, драпаў маю шыю.
Праз пэўны час бамбізы зьявіліся зноў.
– На рынку такімі арэхамі гандлююць яшчэ адна старая і малы хлапец. Ніхто зь іх пра дзядка ня чуў… Ён хлусіць.
– Не, гэта ідыёт з самага нізу, ён хлусіць ня ўмее. А вы, спадарыня, – зьвярнуўся да чорнай бабы, – ідзеце дамоў ці гандлюйце тым, што засталося. Калі знойдзем таго дзядка, дык ён вам заплаціць. А ідыёта за тое, што ён ідыёт, мы ўстырнем.
Чорная баба, уся ў сьлязах, праклінаючы мяне, выйшла з пакою.
Я не разумеў, чаму яна на мяне ўзьелася: вінаваты быў дзядок, а ня я… Я ж быў толькі яго інструмэнтам. Рыдлёўку ж ня судзяць, калі ёю ўдарылі чалавека! Калі маральныя перакананьні яе народа дазваляюць заказваць такую працу, якую прапанаваў мне дзядок, то, значыцца, я рабіў правільна.
Аднак худы ня стаў мяне слухаць. Два бамбізы адвалаклі мяне ў глухую кельлю.
Там мне прынесьлі падобную да плястыкавага пюрэ кашу. Трэба сказаць, што яна насамрэч была даволі пажыўнай.
– Паеш, каб каленкі не падкасіліся, – зарагаталі бамбізы. Мне разьвязалі лішнія вяроўкі – пакінулі толькі на руках.
Замкнулі жалезныя дзьверы. Нарэшце я мог нядрэнна выспацца.
Кірмашовaя плошча была цалкам забіта натоўпам. Адчувалася агульнае ўзбуджэньне. Людзі паказвалі на мяне, большасьць з радаснымі грымасамі, але былі сярод іх і тыя, што спачувалі мне.
Пасярэдзіне плошчы ўзвышалася вялікая шыбеніца. У школе я праходзіў старажытную гісторыю і ведаў, што азначае гэткая перакладзіна. У мяне пахаладзелі лыткі. Толькі адна станоўчая думка мільганула ў галаве: «Дзякуй, што ня будуць расьсякаць».
Мяне правялі паўз жывы калідор, заштурхнулі на пастамэнт, паставілі на ўслончык. Перад маім тварам ціха хісталася пятля, тоўстая капронавая вяроўка нібы абрысоўвала вялікага дохлага апалоніка, падвешанага за хвост да алюміневай бэлькі. Агідны, ён некалькі разоў сьлізгануў па маіх пашчэнках.
За ім гуў натоўп, сярод якога можна было разгледзець шляхетных жанчын і мужчын з блакітнымі шклянымі званочкамі ў вушах. Іх мілагучнае тонкае дзынканьне выклікала ціхі экстаз у іх уладальнікаў, чым прытупляла сэнс пачутых словаў. Для мяне гэтыя зыкі паступова ператварыліся ў невыносны шмат разоў узмоцнены камарыны піск.
На пастамэнт выйшаў паліцмайстар, які дапытваў мяне ў пастарунку. Асабіста пакланіўся бургамістру і ягонай жонцы, якія ў яркіх строях сядзелі на пасярэбраных насілках. Старэйшына гораду трымаў чыста-белы плястыкавы скіпэтар з выявай крыжа ў ромбе – сымбаля Зьвязу Цэнтральных Скрыжаваньняў.
– За абразу, нанесеную жыхарам нашага гораду, а тым самым і самому Вялікаму Бургамістру, Сьветлы Суд вынес вырак злачынцу, жыхару сутарэньняў Даляшорзаху ІнЙорму, – сьмяротнае пакараньне на шыбеніцы.
Натоўп ухвальна залямантаваў.
Шалёна зазьвінелі званочкі-завушніцы.
– Зараз нам трэба вызначыць ката.
Грымнуў аркестар сурмаў, дудак, трашчотак і бубнаў, што стаяў непадалёк ад аховы бургамістра.
Пад сіпата-хрыпатыя фанфары на пастамэнт выйшлі чатыры коратка падстрыжаныя дзяўчыны. Галава адной зь іх, высокай, зеленавокай, была ўвянчаная зробленай з мэталю каронай – пераплеценыя чорныя ружы. Варта паднесла дзяўчатам збаночкі з алеем. Худы, які дапытваў мяне, сьвяточна прыняў ад зеленавокай мэталічны вянок. Потым усе дзяўчаты хутка зьнялі зь сябе адзеньне, нашмараваліся алеем. Некаторым дапамагала прыслуга.
Іх статныя целы матава зазьзялі пад сьвятлом белай столі.
Захапляльнымі крыкамі падтрымлівалі дзяўчат іх прыхільнікі. Кожная з прыгажунь, па чарзе, падыходзіла да краю сцэны, прадстаўлялася, паказвала сябе.
Публіка рабіла стаўкі.
Бургамістар і яго сужэнка выбралі сабе дзяўчыну, на якой дагэтуль красаваўся жалезны вянок. Варта паднесла лятарэйны латок, дзяўчаты цягнулі лёсы.
Пачаліся двубоі. Сэнс барацьбы быў зусім няхітры: дзяўчыне трэба было скінуць сваю спаборніцу з пастамэнту. Хто перамагаў – выходзіў у фінал.
Натоўп вішчэў, калыхаўся, быццам водарасьці ва ўскаламучаным чопе вады, віраваў і ўсьпеньваўся, калі бачыў удалы прыём, выкананы якой-небудзь зь дзяўчын.
У фінал выйшла высокая блёндынка, яе глянцавая з-за алею скура зьдзіўляла белізною. Яна была быццам парцалянавая: даўгія ногі – заўсёды напятыя, ад чаго хада яе здавалася рэзкай, пругкай, і пры кожным кроку ганарліва прыўздымаліся невялічкія грудкі. У яе былі мужчынскія плечы і моцныя жылістыя рукі. А пранікнёны і неяк знутры, са спазьненьнем пасьля лагоды, востры і чэпкі, як кіпці кошкі, пагляд зялёных вачэй мог запалохаць, зьбянтэжыць ня толькі спаборніцу, але і самага бясстрашнага ваяра.
Читать дальше