Аднак пасля такіх прызнанняў яны засталіся стаяць на адлегласці. Дзяніс глядзеў Іры ў спіну, а яна не вырашалася азірнуцца, ёй здавалася, што яна расчыніла перад ім таямніцу, якую доўгі час хавала. Дзяніс падышоў да яе і дужа прыціснуў да сваіх грудзей. І раптам ён адчуў, як яе цела змякла і пачало сутаргава скалынацца. Дзяніс зразумеў, што яна плача, стрымана, але плача. Ён некаторы час не ведаў, што яму рабіць, а потым па інэрцыі пацалаваў яе ў галаву.
— Іра, што ты?.. — разгублена прамовіў ён.
Яна азірнулася і Дзяніс убачыў яе вільготныя вочы, сумныя і такія прыгожыя, нібы росныя васількі на сенажаці.
— Маленькая мая, ну што ты, што з табой, што такое?.. — паўтараў Дзяніс і спрабаваў суцешыць яе пацалункамі, ад чаго слёзы па яе шчоках каціліся яшчэ больш.
— Прабач мяне, — сарвалася з яе мокрых вуснаў.
— За што?.. — не зразумеў Дзяніс.
— А давай проста сядзем… Добра?.. Проста зноў сядзем… — сказала Іра. — Сядзем і аб чым-небудзь пагаворым…
Прытуліўшыся адзін да аднаго, яны зваротна селі на гарачы руберойд. Маўчалі.
— Аб чым жа будзем размаўляць?.. — урэшце спытаў Дзяніс.
— Аб тым, калі нам было добра.
— Чаму ты кажаш аб гэтым у мінулым часе? — не зразумеў ён, а калі скеміў, што задаў вельмі вострае пытанне, адразу перахацеў аб гэтым ведаць. Няхай сама расказвае.
Іра ўздыхнула. Выцерла далонямі вільготныя шчокі і паспрабавала супакоіцца. Дзяніс адчуў, як яе дыханне паступова пачало запавольвацца, пакуль канчаткова не нармалізавалася.
— Памятаеш той дзень, калі мы разам пайшлі ў кінатэатр “Перамога”? — прыгадала яна.
— Як жа не памятаць. Быў пахмурны восеньскі вечар, злёгку церушыў дождж…
— У паветры стаяў водар сапрэлага лісця…
— Людзі вакол былі як-быццам ап’янёныя…
— І ты цалаваў мяне на вуліцы, цалаваў у засмокт, горача, моцна да сябе прыціскаючы…
— А ты напявала песню Beatles, толькі не памятаю якую…
— “Boys”…
— Ага…
— Потым мы зайшлі ў кіназал…
— Людзей было на рэдкасць няшмат і яны сядзелі невялікімі купкамі то тут, то там…
— Мы селі пасярэдзіне…
— У той вечар паказвалі Фасбіндэра…
— “Трэцяе пакаленне”, калі не памыляюся…
— Я быў у захапленні…
— Цудоўная рэжысёрская пастаноўка…
У небе над іх галовамі праляцеў самалёт і менавіта на даху гук яго турбін здаваўся непамерна гучным, ад чаго дрыготкай працінала ўсё нутро.
— Кіно — гэта страшны наркотык, — заўважыла Іра, — вядома, пасля кавы і цыгарэт. Люблю глядзець кіно адной, гэта, як усё роўна, чытаць кнігу — у поўнай цішыні і спакоі.
— Магчыма, толькі калі гэта дрэннае кіно, аднаразовая жованка, добрае кіно трэба глядзець выключна з кімсьці. Мне заўжды патрэбна фонавая эмоцыя, якой мне не хапае, таму я чэрпаю яе ад іншых. Вось з табой кіно глядзець — сапраўдная асалода.
— Па-твойму я эмацыйная?
— Хіба ты сама не ведаеш?
— Я хачу пачуць гэта ад цябе…
— Хутчэй так, чым не, але твая эмацыянальнасць утоеная пад пластам зваротнай рэакцыі, якую ты чакаеш ад мяне, і, калі яе не адбываецца, твае эмоцыі зрываюцца, як вязень з доўгатэрміновага зняволення.
Іра паклала сваю галаву на плячо Дзянісу.
— А потым, што было потым? — спытала яна.
Дзяніс, успамінаючы, усміхнуўся.
— Верагодна, адна з лепшых начэй у маім жыцці.
— Гіпербала.
— Аднак, мне здаецца, што мы адхіліліся ад тэмы “кіно”, — сказаў Дзяніс.
— Добра, тады назаві мой любімы фільм? — спытала Іра.
— Любімы фільм? У цябе ёсць любімы фільм? Раней я думаў, што ў цябе іх плойма. Хаця, судзячы па фільму, які мы першы раз глядзеў — гэта “Сіні аксаміт” Дэвіда Лінча.
— Ты памятаеш аб гэтым? Цікава. А твой, значыць — “Сід і Нэнсі”?
— Не, — зморшчыўся Дзяніс, — гэты фільм я паказаў, таму што хацеў цябе трохі эпатаваць.
— Не атрымалася. Мацюкі ніколі мяне не ўражвалі.
— Цяпер я ведаю, лепей бы паглядзелі “Кантроль” пра Joy Division, [16] Joy Division — ангельскі інды-рок гурт.
але, на жаль, у той час у мяне не было гэтага фільма.
— Таксама пра панкаў?
— Пост-панкаў. Ад іх, дарэчы, пайшоў інды-рок і ўсе гэтыя брыт-попы з яскравым увасабленнем у тваіх любімчыках The Killers. [17] The Killers — амерыканскі рок-гурт.
— Прашу заўважыць — адных з любімчыкаў.
— Прабач, як жа можна забыцца на ліверпульскую чацвёрку з усёй хіпі-брыдой.
— Я разглядаю Beatles толькі з пункту гледжання музыкі.
— Вось бы класна было б табе апынуцца ў ЗША ў шасцідзесятых і жыць разам з валасатым мужыком у іржавым трэйлеры. Ён бы кожны вечар найграваў табе на гітары лірычныя балады аб пацыфізме, аб тым, што маладосць гэта выдатная пара і гэтым трэба карыстацца, накшталт: “О, дзетка, давай, не саромейся, давай, я гатовы прыняць тваё каханне…” і г.д.
Читать дальше