— Затое я ведаю цябе наскрозь, — зразумеўшы, што прайграў дуэль позіркаў, сказаў Дзяніс.
— Наскрозь? — абурылася Іра і Дзянісу не спадабаўся такі тон. — Ты, мой хлопчык, глыбока памыляешся, калі робіш такія гучныя высновы. Наскрозь, — пагардліва паўтарыла яна.
— Так, наскрозь, — не збіраючыся здавацца, заявіў ён.
Дзянісу захацелася падражніць Іру, паказытаць яе слабыя месцы.
— Я ведаю кожную радзімую плямку на тваім целе, ведаю твой пах, тваю хаду, міміку, твой голас, смех, нават твой нумар тэлефона… І гэта яшчэ не ўсё… Працягваць далей?
Іра расчаравана ўздыхнула.
— Так я і думала: на твар менавіта ўсе знешнія фактары. І гэты чалавек сцвярджае, што ведае мяне наскрозь?
Дзяніс ніколі не любіў, калі ў размове з ім пытанне ставілася да ўмоўнай трэцяй асобы. Але Дзяніс ніякім чынам не хацеў сварыцца і асабліва ў такі дзень.
А дзень быў шыкоўны, як і сотні іншых, праведзеных ім разам з Ірай. Таму Дзяніс згадзіўся, калі яна прапанавала яму залезці на дах гэтага дома. Бліжэй да абеду Іра патэлефанавала яму, сказала, што ёй непамерна адзінока, і надта хочацца выйсці на вуліцу пагуляць. Яна, вядома, разумела, што, магчыма, абцяжарвае яму адпачынак пасля працы, але калі ёй быў патрэбен кантакт, ён цалкам разумеў яе і гатовы быў сарвацца да яе хоць з іншага кантынента.
Іра дастала з пачка цыгарэту і запаліла. Яна запаліла з першага курсу, яшчэ тады, калі Дзяніс вучыўся ў школе. Ён не пытаў яе, па якой прычыне яна падсела на гэты лёгкі наркотык. Яго гэта проста не турбавала. Хаця сам ён не паліў і таму ў нашым постсавецкім грамадстве дзіўна было бачыць дзяўчыну, якая паліць побач з хлопцам абыякавым да цыгарэт. Дзяніса ніякім чынам не бянтэжыў гэты факт, наадварот — з цыгарэтай у руцэ, Іра здавалася яму яшчэ сэксуальней і ўзбуджала ў яго галаве фрывольныя фантазіі. Аднак бацькі Дзяніса, прытрымліваючыся кансерватыўных нораваў, не падзялялі яго запалу да Іры. Дзяўчына, якая паліла, выключалася з складу нармальных. Уся яе прывабнасць і абаяльнасць адразу ж перакрэсліваліся знакам забароны. Дзяніс, быўшы прыстойным палюбоўнікам, далёка пляваў на гэтае табуяванне і бацькоўскія забабоны.
Яна запаліла і яе твар набыў рысы задумення. Сур’ёзнай Іра выглядала, як дама высакароднага прозвішча. Ёй вельмі пасавала гэтая маска. Да ўсяго яна была досыць фотагенічнай. З любых ракурсаў яе твар выглядаў захапляльна прывабным.
— На той фатаграфіі ў цябе быў зморшчаны лоб, — сказаў Дзяніс.
Іра скірпаціла нос і лагодна вымавіла:
— Сонца свяціла мне прама ў вочы.
— І ўсё ткі на тым фотаздымку ты падобная не на турыстку, — не зважаючы на яе словы, працягнуў ён.
— А на каго ж?
— На чалавека, які не ведае, што яму рабіць далей…
— Я скажу болей, — ажывілася яна, — я нагадваю матылька, які лунае ў паветры, памятаеш яго рухі, — яны такія імпэтныя. Вось і я. Магчыма, мне вядома, што рабіць далей, але я яшчэ пакуль не вырашылася для далёкага палёту.
— Матылёк, звычайна, цягнецца да святла.
— Ты не падумай, я зусім не хачу апраўдваць апазіцыю, а калі б і жадала, то ўжо нейкім іншым чынам. Тым больш апазіцыя ўжо не тая, якой была да 1997 года.
— Кучка купленых блазнаў, — падсумаваў Дзяніс.
— Але яна хаця б неяк супрацьстаіць гэтаму рэжыму.
— А мне, шчыра кажучы, пляваць, што на адных, што на другіх, я заўжды буду супраць усіх гэтых выскачак, палітыка — гэта поўная лажа.
— І гэта, дарэчы, тыповая беларуская ментальнасць.
— Памыляешся, гэта зусім не мае дачынення да беларуская ментальнасці. Гэта, хутчэй, мая пазіцыя, я бліжэй да ментальнасці анархічнай, калі так можна выказацца, чым да беларускай. У іх, як бачна, ёсць падабенства, але ў адрозненне ад першай, анархічная ментальнасць схільная да формаў пратэсту: “Ненавіджу дзяржаву і ўсё такое”. Беларуская ментальнасць заключаецца ў больш маральных асновах, якія падрывалі на працягу шматлікіх стагоддзяў і асабліва ў трыццатыя гады.
— Проста так склалася гістарычна, што нашая краіна апынулася паміж двума светамі: еўрапейскім і азіяцкім. І гэтыя абставіны пакінулі адметныя сляды лавіравання паміж абодвума. Мы цалкам не належым да аднаго з іх. Адсюль паходзіць сепаратызм думак, і як следства — у нас няма адзінай рухаючай сілы, якая б здолела аб’яднаць народ. Таму для такіх краін уласцівы дэспатызм.
— Эх ты, апазіцыянерка, — гарэзліва вымавіў Дзяніс. — Дэспатызм ёй не падабаецца, на гэтым дэспатызме сучасная Беларусь і трымаецца.
Іра пагардліва затушыла недапалак аб нагрэты руберойд.
Читать дальше