Пасля таго як Дыгары доўгі час глядзеў на лес, ён заўважыў дзяўчынку, што ляжала на спіне каля дрэва. Яе вочы былі прымружаныя, нібыта яна знаходзілася паміж сном і явай. Ён доўга моўчкі глядзеў на яе. Нарэшце дзяўчынка расплюшчыла вочы і нейкі час глядзела на Дыгары, таксама моўчкі. Потым яна прамовіла сонным і задаволеным голасам:
– Мне здаецца, я бачыла цябе раней.
– Мне таксама так здаецца, – зазначыў Дыгары. – Ты даўно тут?
– О, вечнасць, – сказала дзяўчынка. – Прынамсі, не ведаю, вельмі доўга.
– І я таксама, – адказаў Дыгары.
– Няпраўда, – сказала яна. – Я толькі што бачыла, як ты з’явіўся з таго возера.
– І сапраўды, – збянтэжана пагадзіўся Дыгары. – Я й забыўся.
Потым яны абодва доўга маўчалі.
– Слухай, – сказала дзяўчынка праз некаторы час. – Цікава, мы сапраўды некалі бачыліся? Я ўзгадваю – нібыта малюнак у галаве – хлопчыка і дзяўчынку, падобных да нас, якія жывуць недзе ў зусім іншым месцы і робяць розныя рэчы. Магчыма, гэта проста сон.
– Думаю, мне сніўся такі ж сон, – адказаў Дыгары. – Пра хлопчыка і дзяўчынку, якія жылі ў суседніх дамах… і пра нейкае поўзанне сярод бэлек. Я памятаю, што ў дзяўчынкі быў брудны твар.
– А ты нічога не блытаеш? У маім сне брудны твар быў у хлопчыка.
– Я не памятаю яго твару, – сказаў Дыгары і потым дадаў: – Што гэта там?
– Нішто сабе! Гэта марская свінка, – здзівілася дзяўчынка. І сапраўды – гэта была тлустая марская свінка, якая нешта вынюхвала ў траве. Пасярэдзіне тулава яна была пераматаная стужкай з замацаваным яскравым жоўтым пярсцёнкам.
– Глядзі! Глядзі! – закрычаў Дыгары. – Пярсцёнак! І зірні! У цябе на пальцы такі ж. І ў мяне таксама.
Цяпер дзяўчынка села, нарэшце сапраўды зацікавіўшыся. Яны вельмі пільна паглядзелі адно на аднаго, спрабуючы ўзгадаць. І потым, у адзін і той жа момант, яна ўсклікнула: “Містар Кэтэрлі!”, а ён: “Дзядзька Эндру!” – і дзеці зразумелі, хто яны, і пачалі прыгадваць усю гісторыю. Праз некалькі хвілін жвавай гутаркі ўсё было высветлена. Дыгары распавёў, якім бесчалавечным аказаўся дзядзька Эндру.
– Што будзем рабіць? – запыталася Полі. – Возьмем марскую свінку і вернемся дамоў?
– Нам няма куды спяшацца, – сказаў Дыгары, шырока пазяхаючы.
– Думаю, ёсць, – адказала Полі. – Тут занадта ціха. Тут так… так сонна. Ты амаль задрамаў. Калі мы абодва заснем, то так і будзем ляжаць і спаць вечна.
– Тут вельмі добра, – запярэчыў Дыгары.
– Так, – пагадзілася Полі. – Але нам трэба вяртацца.
Яна паднялася і асцярожна пайшла да марской свінкі. Але пасля перадумала.
– Лепей пакінем яе тут, – сказала Полі. – Тут яна шчаслівая, а твой дзядзька зробіць з ёй што-небудзь кепскае, калі мы вернем яе.
– Не сумняваюся, – адказаў Дыгары. – Дастаткова ўзгадаць, як ён абышоўся з намі. Дарэчы, а як нам вярнуцца дамоў?
– Скокнуць назад у возера, думаю.
Яны ўдваіх падышлі да краю азярка і спыніліся, гледзячы ў спакойную ваду. Яна адлюстроўвала зялёныя, поўныя лістоты галіны, і таму азярко выглядала вельмі глыбокім.
– У нас няма ў чым плаваць, – сказала Полі.
– А нам нічога і не трэба, – адказаў Дыгары. – Можна нырнуць і ў вопратцы. Ці ты не памятаеш, што мы не намоклі, калі трапілі сюды?
– А ты ўмееш плаваць?
– Крыху. А ты?
– Ну, не зусім добра.
– Не думаю, што давядзецца плысці, – сказаў Дыгары. – Мы ж хочам спусціцца ўніз, так?
Ім абодвум не вельмі падабалася ідэя скокнуць у возера, але ніхто не вымавіў гэтага ўголас. Яны ўзяліся за рукі, сказалі: “Адзін – два – тры – давай!” – і скокнулі. Атрымаўся вялікі ўсплеск, і, вядома, дзеці зажмурыліся. Але, калі Полі і Дыгары расплюшчылі вочы, аказалася, што яны ўсё яшчэ пасярод зялёнага лесу, трымаюцца за рукі і стаяць у вадзе, якая ледзь даходзіць да шчыкалатак. Возера, відаць, было ўсяго некалькі сантыметраў глыбінёй. Яны пашлёпалі назад, на сухую зямлю.
– Чаму ў нас нічога не атрымалася? – спыталася Полі спужаным голасам, але не настолькі спужаным, як вы маглі б падумаць, бо ў тым лесе было складана сапраўды спужацца. Ён быў такі мірны.
– Зразумеў! – сказаў Дыгары. – Вядома ж, не атрымалася. Жоўтыя пярсцёнкі ўсё яшчэ надзетыя. Яны для перамяшчэння ў Іншае Месца. Зялёныя перанясуць нас дамоў. Трэба памяняць іх. У цябе ёсць кішэні? Добра. Пакладзі жоўты пярсцёнак у левую. У мяне два зялёныя. Вось адзін табе.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да возера, але тут Дыгары ўсклікнуў: “Чакай!”
– Што здарылася? – запыталася Полі.
– Мне ў галаву толькі што прыйшла цудоўная ідэя, – сказаў Дыгары. – А што ва ўсіх іншых азярках?
Читать дальше