Стары засмяяўся.
— Не-не, Том, я не Бог, толькi прыкiдваюся. Я Фiлд. — Ён зноў засмяяўся. Гэта ж трэба! Я гавару так, нiбыта ён можа ведаць, хто такi Фiлд. Том, я Фiлд, фiнансавы туз — кланяйся нiжэй, цалуй у руку. Я Генры Фiлд, мне падабаюцца твае кнiгi. Я перанёс цябе сюды. Падыдзi блiжэй.
I стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.
— Бачыш у небе агнi, Том?
— Ага, сэр.
— Феерверк бачыш?
— Бачу.
— Гэта зусiм не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае лiпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасцi. Чалавек абвясцiў, што ён вольны ад Зямлi. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скiнута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляцiць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. I яшчэ — бачыш, колькi iх? — жоўтыя, блакiтныя. Гэта мiжпланетныя караблi.
Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велiкан, зачараваны шматкаляровымi агнявымi цудамi, што зiхацяць i кружаць у лiпеньскiм змроку, i загараюцца, i разрываюцца з аглушальным трэскам.
— Якi цяпер год?
— Год ракеты. Глядзi! — Стары дакрануўся да нейкiх раслiн, i ў яго пад рукою яны раптам расцвiлi. Кветкi былi нiбы белае i блакiтнае полымя. Яны палалi, iскрылiся халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi. Чашачкi iхнiя былi футы два ўпоперак i холадна сiнелi, быццам асеннi месяц. — Гэта кветкi з Месяца, — сказаў Фiлд. — З таго боку Месяца. — Ён злёгку дакрануўся да iх, i яны асыпалiся сярэбраным дажджом, пырснулi белыя iскры i расталi ў паветры. Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслi цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзiны чалавек, якi здольны саўладаць з Сонцам i не ператварыцца ў нiкчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, — з Сонцам, i з Зоркамi, i з усiм, што ўбачыш па дарозе на Марс.
— На Марс? — Томас Вулф азiрнуўся, схапiў старога за плячо, нахiлiўся, недаверлiва ўзiраючыся яму ў твар.
— Так. Ты ляцiш сёння ў шэсць.
Стары ўзняў ружовы бiлецiк, якi, здавалася, аж трапятаў у паветры, i чакаў, калi Том здагадаецца яго ўзяць.
Было пяць гадзiн.
— Так-так, вядома, я вельмi цаню ўсё, што вы зрабiлi! — усклiкнуў Томас Вулф.
— Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.
— Дайце дагаварыць, мiстэр Фiлд, дайце мне закончыць, я павiнен выказаць усё да канца.
— Мы ўжо столькi гадзiн спрачаемся, — зняможана прамовiў Фiлд.
Яны прагаманiлi ад ранiшняга сняданка да полудня i ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзiлi з аднаго пакоя ў другi (а iх было тузiн) i ад аднаго доваду да другога (а iх было дзесяць тузiнаў); абодвум рабiлася то горача, то холадна, то зноў горача.
— Усё зводзiцца вось да чаго, — сказаў нарэшце Томас Вулф. — Я не магу тут заставацца, мiстэр Фiлд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелi права ўмешвацца…
— Але…
— Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнiгу я яшчэ не пачынаў i раптам вы хапаеце мяне i пераносiце на тры стагоддзi наперад. Паклiчце прафесара Боўлтана, мiстэр Фiлд. Няхай ён пасадзiць мяне ў сваю машыну, якая яна там нi ёсць, i адправiць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час i маё месца. Больш мне ад вас нiчога не трэба.
— Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс?
— Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне навалiцца лавiна ўражанняў, якiя я не здолею змясцiць у мае кнiгi, калi вярнуся дадому.
— Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш.
— Цудоўна разумею, вы эгаiст.
— Эгаiст? — перапытаў стары. — Так, вядома, i яшчэ якi! Дзеля сябе i дзеля iншых.
— Я хачу вярнуцца дадому.
— Паслухай, Том…
— Паклiчце прафесара Боўлтана!
— Том, я вельмi не хацеў табе казаць… Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакiдаеш мне выбару.
Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону i адкрыў вялiкi белы экран, потым пачаў круцiць дыск i набiраць нейкiя лiчбы; экран замiгцеў, ажыў, агнi ў пакоi павольна згаслi — i перад вачамi ўзнiклi могiлкi.
— Што вы робiце? — рэзка спытаў Вулф, зрабiў крок уперад i ўтаропiўся на экран.
— Я зусiм гэтага не хацеў, - сказаў стары. — Глядзi.
Могiлкi ляжалi перад iмi ў яркiм святле летняга поўдня. З экрана дыхнула гарачым пахам летняй зямлi, разагрэтага гранiту, свежасцю ручая, што цурчаў дзесьцi непадалёку. У голлi дрэва пасвiствала нейкая птушачка. Сярод надмагiльных камянёў пакалыхвалiся пунсовыя i жоўтыя кветкi, экран рухаўся, неба паварочвалася, стары круцiў дыск, усё павялiчваючы i нiбы наблiжаючы малюнак… i вось пасярод экрана вырасла змрочная гранiтная глыба — яна расце, наблiжаецца, запаланяе ўсё, яны ўжо нiчога больш не бачаць i не адчуваюць, i ў цемнаватым пакоi Томас Вулф, узняўшы вочы, чытае высечаныя на гранiце словы раз, другi, трэцi, i, задыхнуўшыся, перачытвае зноў, бо гэта яго iмя:
Читать дальше