«Спынiўся эвальвентар, замерлi iншыя апараты, пагаслi экраны — эксперымент быў скончаны» — так пiша Пасвячоны.
Ноблы, сцвярджае ён, выглядалi цяпер змарнелымi, нават нiбы пастарэлi так абвастрылiся рысы iх твараў. Настаўнiк выняў з кiшэнi штаноў бамбукавую люльку i распалiў яе ад лазернай запальнiчкi. Маладыя пераглянулiся.
— Гэта, — растлумачыў ён спакойным голасам, у якiм, аднак, улоўлiвалася прыўзнятасць, — мясцовы звычай адзначаць канец працы.
Другi паглядзеў прасiцельна; Настаўнiк даў люльку; юнак зацягнуўся, выпусцiў дым.
— Гэта незвычайна, Настаўнiк.
— Пасля некалькiх сеансаў гэта робiцца жаданым.
— Настаўнiк! — Другi ўсмiхнуўся. — Што з сябе ўяўляюць «спецыфiчныя токi планеты Хi», пра якiя ты так часта ўпамiнаў?
— Iх вельмi многа — катэгорыi, падкатэгорыi, разрады, класы. Усё разам называецца словам «страхi». Iх можна адчуваць. Мы далёкiя ад такiх спраў, аднак жыхары Хi моцныя на розныя страхi.
— Па-мойму, я ўжо адчуваю…
— Настаўнiк! — стомлены позiрк Першага спынiўся на старэйшым. — Ты атрымаў i экранiзаваў iнфармацыю гэтай дзiўнай птушкi!
— Запiскi Крумкача? — задуменна перапытаў Настаўнiк. — У такiм разе як жа быць з той часткай экранiзацыi, якая iдзе за смерцю брамнiка?
— У птушкi былi меркаваннi, прагноз. Ты экранiзаваў гэты прагноз. З таго, што зафiксавалася ў яе мозгу, лёгка стварыць лагiчны ланцуг. I калi ён абарваны, не цяжка будзе яго ўзнавiць.
— Нас вучылi, Настаўнiк, што ты можаш усё, — смеючыся, сказаў Другi.
— Вы, мабыць, вырашылi, што я ашукаў вас?
— Не, — сумеўся Другi. — У цябе, вiдаць, была пэўная вучэбная мэта.
— У цябе была мэта, — згадзiўся Першы.
— Так, — сказаў Настаўнiк. — У мяне была вучэбная мэта. Вы сталi сведкамi эвалюцыi нiжэйшага. Падрыхтоўчы этап скончаны. Што цябе бянтэжыць? — звярнуўся ён да Першага. — Эвалюцыя лонаў Хi не скапiравала эвалюцыi нашых лонаў, якую табе прадэманстраваў вучнёўскi эвальвентар? А табе хацелася б, каб скапiравала?
— Не.
— Дык што ж цябе бянтэжыць? Ты ж цяпер пераканаўся, што нашы лоны i гэтыя — розняцца. На жаль, у цябе былi прабелы — вучнёўскi эвальвентар быў недасканалы, i ты не ўбачыў пiка эвалюцыi. Затое ты ўбачыў пiк гэтай эвалюцыi. Так, вынiкi супалi. Але ж гэта не азначае, што i пiкi супадаюць, цi не так? Або цябе бянтэжыць магчымасць экранiзацыi чыёй-небудзь iнфармацыi i прагнозаў. Урэшце, цi чыстая тут работа эвальвентара або экранiзацыя паслядоўнай iнфармацыi — у любым выпадку ты ўбачыў сапраўдны малюнак. Што ж усё-такi цябе бянтэжыць?
— Я, — цiха прашаптаў Першы i апусцiў вочы, — i тады бачыў пiк. Мой вучнёўскi эвальвентар працаваў нармальна.
— Значыць, ты ведаў! — радасна ўсклiкнуў Другi. — Ведаў, што тэорыя Спiу правiльная?!
— Ён ведаў, - мякка сказаў Настаўнiк, пыхкаючы люлькай. — Ён бачыў пацвярджэнне тэорыi Спiу, але не верыў сваiм вачам. Так, мы паходзiм ад лонаў. Шматмiльённагадовая эвалюцыя зрабiла нас такiмi, якiя мы ёсць. Мы рынулiся на планету Хi. Але тут нам па незразумелых прычынах здрадзiлi наша мэтанакiраванасць, наша стойкасць i рашучасць. Мы чамусьцi зрабiлiся вялыя i маларухомыя, мы пачалi дапускаць шматзначныя адказы на пытаннi, намi авалодалi «страхi», мы пачулi ў сабе незразумелыя хваляваннi, нашу iснасць пачалi хваляваць гукi, пахi i фарбы, малюнкi прыроды, якiя мяняюцца. Але гэтыя акалiчнасцi не прыгняталi нас, а, наадварот, як бы вызвалялi ад чагосьцi пакутлiвага i цяжкога. Спецыфiка планеты?.. Урэшце, многiя з нас пазбавiлiся ваяўнiчых памкненняў i змяшалiся з мясцовымi, а iншыя, хто спалохаўся такiх дзiўных зменаў, пайшлi назад, дамоў, i там вымерлi. Ты гэта бачыў, мой хлопчык?
— Так, Настаўнiк, — нiбы паўсонны, адклiкнуўся Першы. — I таму тут апынулiся лоны… Але я не мог зразумець, як мы, якiя настолькi пераўзыходзiм iх ва ўсiх галiнах ведаў, як мы аказалiся пераможанымi? Што гэта за невядомая зброя, дзякуючы якой яны перамаглi?
— Гэта — каханне, — сказаў Настаўнiк.
Яны доўга маўчалi. Нарэшце Першы прагаварыў:
— Я не быў гатовы да палёту. Але не мог прызнацца нi табе, нi Савету Студыi.
— Ты быў гатовы, — кiўнуў Настаўнiк. — Быў гатовы.
— Нам далi няправiльную iнфармацыю! Мы нiчога не ведаем пра жыхароў Хi!
— Мы ведаем аднабакова. I няма нiчога горшага за аднабаковыя веды. Каб ведаць iх, трэба жыць з iмi.
Другi сеў на траву, потым лёг.
— Настаўнiк! Я не чую, пра што ў вас гаворка. Я не хачу слухаць. I не магу зразумець, чаму гэта так. Ты навучыў нас iх мове, iх звычам, iх манерам адчуваць i выказваць сваё адчуванне. I мне хочацца сказаць на iх мове: мне добра тут… Ты казаў «фарбы, гукi, каханне…». Пакажы ж нам яго — я не хачу нiякiх эксперыментаў.
Читать дальше