Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатнiх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзiў па адным, забiваў i нёс пану; рэшткi ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкi, каб не памерцi з голаду, рылi ў казематах зямлю i харчавалiся карэннямi, гнiллю i мышамi, калi яны траплялiся. Яны зусiм адзiчэлi i, мабыць, неўзабаве пачалi б пажыраць адзiн аднаго, як пацукi, калi б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць iх кожнага асобна.
Невядома, чым жывiўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гiбела Зязюля, затое дакладна вядома, што Цiхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылi ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства iх поўзала, лётала, скакала па ўсiм замку, i Дзятлу заставалася iх спакойна глытаць.
Магутны Арол тым часам зрабiўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманiў толькi са Старэйшым Сокалам i толькi пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў i драмаў i нi пра што не думаў. Нi голад, нi прага яго не даймалi — бо нi галодная i нiякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэннi Старэйшага Сокала з'ядалiся лянiва, па звычцы, без нiякага задавальнення.
А ўвогуле ён не адчуваў нiякай няёмкасцi, яму было проста ўсё роўна. I так днi iшлi i iшлi, але нiчога не мянялася.
Аднойчы вечарам, калi Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелi, за дзвярыма пачулiся галасы.
— Нельга! — чаканiў Старэйшы Сокал.
— Вельмi важна! — настойлiва казаў цiхi голас.
— Яго Недаступнасць адпачываюць!
— Прэч!
Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся i крыкнуў:
— Сокал! Пусцi Дзятла!
I не паспеў Цiхi Дзяцел пераступiць парог, як апынуўся ва ўчэпiстых кiпцюрах уладара. Магутны Арол i сам быў здзiўлены такому спрыту i прылiву гневу i энергii, але раздумваць не стаў.
— Дрэнь! — закрычаў ён лютым голасам. — Колькi, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! — I з гэтымi словамi шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павiсла вясёлка. Але здзiўленне i страх былi настолькi вялiкiя, што Дзяцел умомант апамятаўся i залепятаў:
— Крумкач, Ваша Недаступнасць… Запiскi… Сшытак…
Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабiў крок наперад i наступiў на Дзятла, i той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.
А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:
— Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. — I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.
Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага — успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.
Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.
— Сокал! — паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: — Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух — гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?
— Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! — адразу адказаў целаахоўнiк.
— Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.
I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.
Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:
— Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?
— Разумею, Ваша Недаступнасць, — адказваў Крумкач. — Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.
— Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, цi кепска табе жылося ў мяне?
— Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнiкi Вашай Недаступнасцi два разы разбурылi маё гняздо i перабiлi крумкачанят ды аднойчы зламалi крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нiчога дрэннага не было.
— Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Цi праца была не па сiле?
— Дзякуй богу, па сiле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. I еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлiвы.
— Ну а можа, ты якую асабiстую крыўду таiў?
— Не, Ваша Недаступнасць, асабiстай крыўды не было.
— Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пiшаш нейкiя там запiскi? Завёў сшытак, тоiшся, i я даведваюся пра гэта толькi цяпер!
Читать дальше