Усё дарэмна. Страшныя думкi, якiя круцiлiся ў галаве, набывалi ўсё больш пэўныя абрысы, я ўжо не паўтараў: «Гэта сон», я даўно перастаў верыць у яго, зараз я думаў: «Трэба абараняцца». Я паглядаў на спiну Хэры, на лiнiю бядра, на босыя ногi, якiя звiсалi з ложка. Я выцягнуў руку i асцярожна пакратаў яе ружовую пятку, правёў пальцам па падэшве.
Яна была далiкатная, як у немаўляцi.
Зараз я быў перакананы: гэта не Хэры, я амаль што безаглядна верыў у гэта — нават яна сама не ведае аб тым.
Яе босая ступня здрыганулася ў маёй далонi, цёмныя губы Хэры трэслiся ад бязгучнага смеху.
— Перастань… — прашаптала яна.
Я цiхенька вызвалiў руку з-пад яе шчакi, устаў i пачаў спешна апранацца. Хэры сядзела на ложку i пазiрала на мяне.
— Дзе твае рэчы? — спытаўся я i адразу ж пашкадаваў пра гэта.
— Мае рэчы?
— Няўжо ў цябе толькi адна сукенка?
Зараз гэта была ўжо гульня. Я iмкнуўся трымацца будзённа, свабодна, быццам мы рассталiся толькi ўчора, не, быццам мы наогул нiколi не разлучалiся. Хэры ўстала, знаёмым лёгкiм i моцным рухам паправiла сукенку. Мае словы заiнтрыгавалi Хэры, але яна прамаўчала. Толькi цяпер яна ўважлiва ўсё агледзела i, вiдаць, здзiўленая павярнулася да мяне.
— Не ведаю, — прамовiла яна бездапаможна, — магчыма, у шафе?.. — дадала Хэры i адчынiла дзверы.
— Не, там толькi камбiнезоны, — адказаў я.
Я знайшоў каля рукамыйнiка электрабрытву i пачаў галiцца. Стараўся не стаць плячыма да дзяўчыны, кiм бы яна нi была.
Хэры хадзiла па кабiне, зазiрала ва ўсе куткi, углядалася ў iлюмiнатар, нарэшце падышла да мяне i прамовiла:
— Крыс, у мяне такое адчуванне, быццам нешта здарылася.
I змоўкла. Я выключыў брытву i чакаў.
— Быццам я нешта забылася… быццам шмат што забылася. Ведаю… памятаю толькi цябе… i… i нiчога больш.
Я слухаў яе, стараючыся нiяк не выявiць сябе.
— Я была… хворая?
— Ну… можна сказаць i так. Нейкi час ты хварэла.
— Ага, вось, значыць, у чым справа.
Хэры адразу супакоiлася. Я не магу перадаць мой стан: калi яна маўчала, хадзiла, сядзела, усмiхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлiвую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькi яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькiх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблiзiлася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамi ў мае грудзi i спыталася:
— Як у нас з табой? Добра цi дрэнна?
— Цудоўна, — адказаў я.
Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася.
— Калi ты так гаворыш, значыць, дрэнна.
— Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсцi, — хуценька прамовiў я. — Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? — дадаў я i раптам сам захацеў есцi.
— Галодная? Не. — Яна пакруцiла галавой, яе валасы рассыпалiся па плячах. — Мне чакаць цябе? Доўга?
— З гадзiну… — пачаў я.
— Я пайду з табой, — перабiла Хэры.
— Табе нельга iсцi са мной, мне трэба працаваць.
— Я пайду з табой.
Гэта была зусiм iншая Хэры: тая ў падобных выпадках нiколi не настойвала. Нiколi.
— Дзiцятка маё, гэта немажлiва…
Яна пазiрала на мяне знiзу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае i цёплае. Зусiм не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая iстота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усiм аргументам, насуперак страху.
З усяе сiлы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў:
— Хэры, гэта немагчыма, ты павiнна застацца.
— Не.
Як гэта прагучала!
— Чаму?
— Н-не… ведаю.
Яна азiрнулася i зноў падняла вочы на мяне.
— Я не магу… — прамовiла яна цiха.
— Чаму?!
— Не ведаю. Не магу. Мне здаецца… Мне здаецца…
Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калi знайшла, то i для яе самой ён прагучаў нечакана:
— Мне здаецца, што я павiнна бачыць цябе… заўсёды.
Спакойная iнтанацыя хавала не пачуццi, а нешта зусiм iншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па-ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але пацiху пачаў заломваць ёй рукi за спiну, нерашучыя рухi сталi ўпэўненымi — я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе.
Яе локцi, адведзеныя мною назад, стукнулiся i адначасова напружылiся з такой сiлай, якая звяла на нiшто мае намаганнi. Я змагаўся мо хвiлiну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогi. У такiм становiшчы нават атлет не здолеў бы супрацiўляцца. А яна, няпэўна ўсмiхаючыся, вызвалiлася з маiх абдымкаў, выпрасталася i апусцiла рукi. Твар яе нават не здрыгануўся.
Яе вочы сачылi за мной гэтак жа спакойна, з цiкаўнасцю, як i напачатку, калi я прачнуўся. Яна, вiдаць, нават не заўважыла маiх адчайных высiлкаў, выклiканых прылiвам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзiўленая, нiбыта нечага чакаючы.
Читать дальше