— Лепш будзе, калі ён не вернецца, — сказаў Раман.
— Розум пакідае цябе, баярын, — сказаў блазан жорстка. — Мажэй аддана служыў табе шмат гадоў.
— Горад не выстаіць, нават калі ўся літва прыйдзе на дапамогу.
— Калі загіне епіскап, будзе справядліва.
— І рыцары адпомсцяць нам люта. Мы загінем.
— Мы выйграем дзень. Прыйдзе літва.
— Я думаю пра самае галоўнае. Я на парозе тайны. Яшчэ дзень, тыдзень, месяц — і сакрэт філасофскага каменя ў мяне ў руках. Я стану вялікі… Князі дзяржаваў і царквы будуць у мяне ў нагах… Ніхто не адважыцца адабраць у мяне Магдалену.
— Дурань, — сказаў спакойна блазан, — разумны, а дурнейшы за мяне. Епіскап…
— А што, епіскапу золата не патрэбна? Улада не патрэбна? Епіскап будзе берагчы мяне, як залатую птушку.
— Але ў клетцы, дзядзечка.
— Умовы будуць мае.
— Птушка ў клетцы загадала гаспадару яду падаваць?
— Будуць падаваць. Як міленькія.
— Рыцары прыб'юць цябе, не будуць разбірацца…
— Епіскап ведае, што я тут. Не дасць мяне ў крыўду.
— А ты яго таму беражэш?
— Гэта праўда. Не дзеля мяне — дзеля вялікай тайны.
— Ой, баярын, загляні сабе ў душу. Хіба не страшна?
— Страшна, страшна… страшна! — Тады ўцякай! Усё кідай! Раман раптам выхапіў нож.
— Я заб'ю цябе!
— Нельга! — крыкнуў блазан. З нечаканым спрытам ён пераскочыў цераз адчынены люк, перад слаба асветленай пашчай якога спыніўся Раман. Ухмылка не знікла з яго твару. Ён кінуўся на двор, Кін ледзь паспеў адхіліцца. На ганку блазан спыніўся, нібы не разумеючы, як там апынуўся, потым натапырыўся, увабраўшы галаву ў шырокія плечы.
— Дожджык, — сказаў ён, — дожджык які… Да скону свету дожджык… Жыцця няма, праўды няма, адзін дожджык.
Зарыпелі прыступкі. Блазан выйшаў на двор…
Кін стаяў пасярод верхняй святліцы. Раман спусціўся ў склеп, але люк застаўся адчынены.
Кін асцярожна заглянуў у люк, і шар, завіснуўшы над ім, глядзеў тудысама.
Раман стаяў каля стала, пастукваючы кончыкамі пальцаў па яго краі. Раптам ён сцепануўся. Ён убачыў, што каля печы, у якой ужо патухла, стаіць змерзлы мокры хлопец.
— Ты чаму маўчыш? — спытаўся Раман.
— Я не дагнаў яго, — сказаў хлопец.
— Я і не чакаў, што ты яго дагоніш. А там ты быў?
— Я быў, — адказаў хлопец.
— Што сказалі?
— Сказалі, апоўначы.
— Ты грэйся, грэйся, — сказаў Раман. — Потым дапаможаш мне.
— Дрыжыкі бяруць мяне, — сказаў хлопец. — Ці прыме нас ордэн?
— Ты не бойся. Мяне ўсюды ведаюць. Мяне ў Венецыі ведаюць. І ў Магдабурзе, і ў Майнцы ведаюць… мяне забіць нельга…
У гэты момант усё і здарылася.
Шар вісеў над самай галавою ў Кіна. Таму адразу было незразумела, хто стукнуў Кіна ззаду. На імгненне выява ў шары прапала, потым узнік здзіўлены Кінаў твар, які імкнуўся павярнуцца і тут жа страціў раўнавагу і рухнуў у люк, павольна спаўзаючы ў падвал па прыступках лесвіцы.
— Стой! Ён жа разаб'ецца!
Зверху мільгануў аркан — за секунду блазан паспеў дастаць і кінуць яго так, што вяроўка абхапіла Кіна за плечы і спыніла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кіна апусцілася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубінай — у другой. Раман і хлопец адхіснуліся ад люка, замерлі. Раман першы скеміў, што да чаго.
— Хто? — спытаўся ён.
— Ён мне з самага пачатку не спадабаўся — няма ў нас такога ў стражніках. У мяне, ведаеш, якая памяць на твары. Падслухоўваў. Думаю, лазутчык епіскапаў.
Вочы ў Кіна былі заплюшчаныя.
— Ты яго не забіў? — спытаўся Раман.
— У нас, літоўцаў, галава жалезная, — сказаў блазан.
— Што ж рабіць? — сказала Ганна. — Яны яго заб'юць. Ну зрабі што-небудзь, Жуль, міленькі! Выцягні яго назад.
— Без яго дапамогі не магу.
— То прыдумай.
— Ды пачакай ты! — агрызнуўся Жуль. — Ты думаеш, ён на шпацыр пайшоў? Выблытаецца. Абавязкова выблытаецца. Нічога…
— Трэба яго дапытаць, — сказаў Раман.
— Толькі вазьмі ў яго… гэта. Блазан нагнуўся, выхапіў у Кіна меч, арканам звязаў рукі. У гэты момант у люку паказаўся твар другога стражніка.
— А, Явайла, — сказаў блазан. — Ты гэтага земляка не прызнаеш?
— Не, — адказаў той хутка. — За варотамі князь.
— Гэтага яшчэ не хапала, — сказаў Раман. — Акіплеша, прымі, хутчэй, хутчэй, ну! Глузд, дапамажы яму!
Яны адцягнулі Кіна ўбок, у цень, Раман кінуў зверху кучу лахманоў… Сцэна была злавесная — цені мітусіліся на сценах, спляталіся, быццам у бойцы.
Князь хутка спусціўся ўніз, прыступкі прагіналіся, за ім следам яцвяг у чорнай куртцы і чырвоным каўпаку. Князь быў у кальчузе, кароткі плашч прамок, прыліп да кальчугі, рыжыя валасы ўскудлачаныя. Князь быў сярдзіты:
Читать дальше