Але лёс быў на іх баку і, пры пагрозе арышту, яны здолелі зысьці да партызанаў, дзе і працягвалі сваю барацьбу ўжо трохі ў іншай якасьці. Калі нарадзіўся я ішоў на Беларусі ўжо трэці мірны год, тата з маці разам працавалі ў Дзяржпартархіву ЦК КПБ, пасады былі самыя ніжэйшыя, але ж кватэру бацькі атрымалі, бо тая хацінка лупалаўская, дзе яны туліліся, ў вайну згарэла. Дом, у якім мы жылі, двухпавярховы, старажытны, стяў у самым цэнтры галоўнай магілёўскай вуліцы Першамайскай, на рагу з Камсамольскім скверам, увесь першы паверх займаў вядомы колісь Дзявяты гастраном, ды з двара колькі пакояў было да часу аддадзена пад абласны Клуб глуханемых, а вось на другім жылі, з большага, супрацоўнікі вышэйзгаданага архіву.
Кватэры былі камунальныя, але нават калі і было там «38 комнаток», дык прыбіральні не было ніводнай, вадаправоду не было таксама, была электрычнасьць, але не было разетак, што давала працу мудрагелістым «вынаходнікам», якія выраблялі т.з. жулікі, каб употай красьці дзяржаўную электраэнэргію. Ацяпленьне было пячное. На камунальнай кухні, прыкладам у нас, стялі то пяць, то сем прымусаў, керагазаў, ці газовак (керасінак па-руску), калі раптам усім трэба было гатаваць, ствараліся праблемы, але скандалаў я не памятаю. Харчаваліся па сваіх пакоях, кухня была толькі працоўным месцам гаспадынь, зрэдку і нам малым выпадаў час пагуляць на ёй, іншы раз гэта было месцам перамоваў нашых бацькоў аб жыцьці…
Калі па ваду даводзілася хадзіць у суседні двор метраў за 150, то прыбіральня была амаль побач з домам, з гарбылёў зьбітая, метрах у 30, ля маленькіх, ды ўсё ж сваіх, хлявочкаў. Відаць адпаведна полавым прыкметам былі дзьве, так бы мовіць, кабінкі аднаасобныя з дзіркамі ў падлозе, ніякага асьвятленьня вядома ж не было. Гэта амаль як у кіно, не дзеля дзяцей да шаснаццаці год. Дзецям жа, а іх у нашым доме было, прызначаліся «начныя вазы».
Даруйце вымушанае захапленьне натуралізмам, але інакш не выпадае…
Ні ў садок, ні ў ясьлі я не хадзіў, гадавалі мяне маці ды вуліца. У нашым двары ды ў суседніх дварах хапала дзятвы блізкіх па ўзросьце і старэйшых. А яшчэ тады навокал было даволі шмат пакалечаных вайною інвалідаў і бязногіх, і бязрукіх, і сьляпых, і абгарэлых, большасьць з іх не працавалі, шмат хто не меў ні жытла, ні сем'яў, хто жабраваў, хто проста сьпіваўся па-ціху, але ўсё гэта ў сукупнасьці і былі мае першыя ўрокі жыцьця. Дастатак тады быў у людзей амаль роўны, мала ў каго што-небудзь захавалася з гаспадарчых рэчаў пасьля тае разбуральнай вайны. У нашай дзьвухпакаёўцы было два вакны у двор, балкон, па адной лямпачцы зьвісала на дроце са столі, ложак бацькам ды па ложку нам з братам, было тры ці чатыры зэдлікі, два самаробных сталы, ды, бадай самае каштоўнае – швацкая машынка «Зінгер». Была яшчэ радыёкропка, галоўная, не, адзіная крыніца інфармацыі. Кампутар, тэлевізар, пральная машина, ці мікрахвалевая печка, лядоўня, куханны камбайн, тэлефон, пыласос – толькі гэты маленькі пералік, які сёньня бадай кожнай сямьі па кішэні, на той час быў не толькі недасяжны, але нават назвы былі невядомыя.
З галадухі мы не паміралі, але іншы раз апроч нішчымнай адваранай бульбы нічога і паесьці ня было, тады маці выпраўляла мяне з пустым глечыкам у гародніную крамку праз скверык, там можна было задарма ўзяць гурковага рассолу з бочкі да нашае бульбы. Было гэтак не часта, мо таму і помніцца….
На той жа час крама на першым паверсе, працуючы з рана да поўначы, прапанавала ікру чорную ды чырвоную ці ў слоіках, ці то нўпрост з бочкі, а бляшанкі з крабамі ды з вантробамі траскі нават іржа прыхоплівала, але куплялі людзі больш ліверныя каўбасы, салёную рыбу, абаранкі, і, як прысмакі, цукеркі. Ды найбольш хадавыя былі «падушачкі» з павідлам у сярэдзіне.
Дом маленства і юнацтва
Жыць над крамай было нам малым карысна, бо даволі часта былі перабоі ці то з крупамі, ці з цукрам, часьцей з хлебам.
Зьбіраліся чэргі пакупнікоў, у краме ім месца не хапала, гандаль наладжвалі тады з двара, здаралася нехта і начаваў у чаканьні, а тавару давалі лімітавана, то бок на асобу ці два боханы хлебу, ці пэўную колькасьць таго, чаго там прадавалі ў адны рукі.
А людзям, асабліва вяскоўцам, трэба было і суседскія наказы выканаць, ды й ня кожны дзень на той горад выбрацца можна было. Вось тут і працавала нашая дзіцячая біржа, мы ж, знаўцы справы, толькі стаялі ў баку, а нас то адна бабулька, то другі дзядулька на сваё падмацаваньне цягнуць, ды й не задарма, капеек нейкіх там, ці нават рубель за ходку давалі, а ў той час квіток на дзіцячы сэанс у кіно, ці порцыя марозіва каштавалі блізка таго… Такі быў наш тагачасны «бізнес».…
Читать дальше