— Якая нашая мова?
— Нашая мова адна з найчысьцейшых у славянскай сям'і моваў. Яна харошая, мілагучная, вельмі сьпеўная і гібкая, пра што вельмі надаецца да паэзіі і сьпеваў. Дзеля таго, што мова нашая захавала даўнейшы славянскі характар, яна — як маці у славянскай сям'і моваў. Да яе, як дзеці да маткі, падобныя усе славянскія мовы: маскоўская, сэрбская, чэская. украінская, польская і інш. Але пры гэтым яна зусім асобная, самабытная мова, як і кажная іншая. Ворагі нашага народу лгуць, што мова нашая не самабытная, калі кажуць: «гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў». Гэтак могуць гаварыць толькінашыя зладумцы, або цёмныя людзі. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасьцяў навучаліся нашае мовы і пісалі аб ёй вучоныя кнігі, і усе яны у вадзін голас кажуць, што мова беларуская зусім самабытная, асобная мова, такая-ж самая асобная славянская мова, як польская ці маскоўская.
Даўней нашая мова была аднэй з самых культурных усходня-славянскіх моваў, ёю гаварылі князі нашыя, князі і вяльможы Вялікага Княства Беларускага (літоўскага), ды каралі польскія. Беларуская мова была мовай дыплёматычнай на усходзе Эўропы.
У беларускай мове у Вялікім Княстве Беларускім (літоўскім) пісаліся усе законы, вяліся усе урады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакумэнтаў, кніг, граматаў і усе яны пісаныя чысьцюсенькай нашай беларускай мовай.
— Ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменства)?
— Мы, беларусы, маем багатае сваё асобнае пісьменства. Беларускае пісьменства, літаратура, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі мелі раней за беларусаў падрукаваную біблію у сваёй мове.
Чэская біблія |
выдрукавана у |
1488 г. |
Беларуская |
» |
1517 г. |
Украінская |
» |
1555 г. |
Польская |
» |
1561 г. |
Літоўская |
» |
1660 г. |
Маскоўская |
» |
1751 г. |
Беларусы даўнейшымі часамі мелі вельмі багатае сваё пісьменства. У XVI стагодзьдзі былі напісаныя і надрукаваныя у беларускай мове усе законы, духоўныя кнігі (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і рэфармацкія), гістарычныя, навуковыя і усякія іншыя. Пасьля наш народ заняпаў, яго задушылі, заціснулі, пры гэтым і пісьменнасьць заглушылі. Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі у 1905 годзе, у часе расейскай рэвалюцыі, беларусы дамагліся права друкаваць кнігі ў сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменьнікі напісалі багата харошых і цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру. Цяпер беларусы маюць не малую і новую сваю літаратуру, і шмат газэтаў і часапісаў.
— Ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?
— Беларуская мова адна і тая самая на усёй Беларусі, але як і усе старадаўныя і жывыя мовы, так і нашая мае свае адмены — дыялекты або гаворкі. У нас ёсьць колькі такіх дыялектаў або гаворак, прыкладам, віцебская, смаленская, палеская, цэнтральная (менская, слуцкая) і г. д.
— Чаму іншыя беларусы стараюцца гаварыць чужой мовай заміж сваёй?
— Тыя беларусы, што стараюцца гаварыць чужой мовай, унікаючы свае, бываюць або шэльмы-душапрадаўцы, ды перакіньчыкі, або проста людзі цёмныя, якіх апуталі ворагі нашага народу. Першыя не гавораць пабеларуску дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі у найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго выгубіць. Другія не гавораць праз цемнату сваю, бо паверылі нашым ворагам. што мова нашая «брыдкая», «простая» і за рознымі нашымі зладумцамі ідуць, як авечкі, на бойню. Абавязак кажнага сьведамага беларуса з першымі — ворагамі — змагацца, а другіх — цёмных — усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючьг гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова.
— Што сталася-б, каб мы забыліся свае роднае мовы?
— Калі-б мы нашую родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па усіх нас і сьлед загінуў-бы на зямлі.
Наш паэта Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) у прадмове да «Беларускай Дудкі» кажа: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займае, пасьля і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі! Пазнаюць людзі людзей па абліччу ці па адзежы, якую хто носіць. Вось-жа мова — гэта ёсьць аблічча і адзежа душы людзкой».
Читать дальше