Новае папаўненне (a ў ім былі вельмі вядомыя на той час у Мінску людзі, скажам, былы галава гарадской думы) ва ўмовах, што склаліся, спакваля пачало прыбіраць беларускі рух у свае рукi, асабліва эсэры. Якраз яно перад наступлением Доўбар-Мусніцкага i немцаў склала спіс Народнага сакратарыята Беларусі — па яго словах, "урада, які цяпер мусіць абараняць інтарэсы дэмакратыі". Задумалі мець у гэтым урадзе 20 міністэрскіх пасад, але ў спрэчках зацвердзілі толькі 15 ад розных партый. 5 асоб самі ўхіліліся ад гэтай справы, лічачы за лепшае ціха перачакаць такі няясны час. Народны сакратарыят прыняў рэзалюцыю: "Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самаазначэнне, а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але i да склікання Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы камітэт Рады першага Усебеларускага з'езду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцяў, здзяйсняючы мэты з'езду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіравання краем i склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага i прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічачыся з нацыянальнасцю, вызнаннем i родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону i зацверджанне заваяванняў рэвалюцыі, будзе здзяйсняць створаны намі Народны сакратарыят Беларусь, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад сакратарыяту будзе апублікаваны пасля".
Як бачым, гэтая рэзалюцыя мела агульны характар, але не можа сёння не кінуцца ў вочы: зноў жа, як i на Усебеларускім з'ездзе, у ёй няма ніякага "национализма", тым больш "буржуазного", па-другое, у ёй — як асуджэнне (даволі мяккае) савецкіх улад, што з-за сваёй палітыкі кінулі Беларусь пад ногі кайзеру, так i непрыняцце (выразна негатыўнае) хуткай нямецкай акупацыі. Апошняе насцярожыла некаторых, найперш з папаўнення: не трэба злаваць i немцаў, i ДоўбарМусніцкага, варта пачакаць, паглядзець, як тыя тут павядуцца.
Мяснікоўцы, страціўшы моц без браневікоў i штыкоў, a з ёй i ўладу, у гэты час вылучылі для сябе дзве галоўныя задачы: любой цаною выжыць найперш самім i мець шанец на ўладу тут у будучым. Для гэтага яны намерыліся ўпотай расстраляць самых страшных для сябе — у палітычным плане — сапернікаў: найперш арыштаваны i зняволены імі прэзідыум снежаньскага Усебеларускага з'езда, ды зняволеныя (а сярод ix былі загартаваныя катаржане i афіцэры) адчулі гэты вераломны намер, у спрыяльную хвіліну, за нейкі міг да смерці, абяззброілі ўжо малалікі i разгублены савецкі канвой i ўцяклі з турмы. Адзін з выратаваных, капітан Езавітаў, амаль тут жа стане ваенным камендантам Мінска i адыграе ў ягоным лёсе немалую ролю.
Мінск чарговы раз стаў у цэнтры ўвагі не толькі расійскай, але i еўрапейскай грамадскасці: сюды накіраваліся немцы, сюды заспяшаўся Доўбар-Мусніцкі, каб першым уварвацца ў горад i падаць яго немцам як даўняе польскае "място", адпаведна адразу ж вылучыўшы i тут польскае пытанне. Ён, сапраўды, здолеў апярэдзіць, захапіў шмат скарбу, але, бадай, зусім нечакана для сябе сустрэў заслону з беларускіх сіл, што да гэтага часу ўжо занялі былы губернатарскі дом i афіцыйна заявілі сваё законнае права на гаспадарства ва ўмовах безуладдзя. Доўбар-Мусніцкі меў перавагу i значную, але не рызыкнуў спажыЦь яе перад носам у немцаў, якія адносіліся да яго падазрона, мусіў лічыцца з Народным сакратарыятам, падзяліўшы з ім горад на сферы ўплыву. Гэты факт сёння дае падставу не здзекавацца, як раней, з "бумажностй" ўлады "националистов", а прызнаць поспехі тагачасных свядомых беларусаў i іхніх саюзнікаў з іншых нацыянальнасцяў, што не на словах, а на справе дбалі пра народ. Кал i мы хочам праўды, то пэўныя рэчы несумленна, фальсіфікацыйна як перабольшваць i захвальваць, так i заніжаць ды абражаць.
Мяснікоўцы, што паспелі, прыхапілі з дзяржаўных сейфаў, нашкрэблі 200 чалавек аховы i нацэліліся ў класных вагонах (паспелі ўжо стаць элітай!) даць драла на Смаленск; мінскія дэпоўцы, найперш беларускія i польскія дзеячы, запатрабавалі: вярніце грошы, нам жа, Мінску i ўсёй Беларусі, трэба ж за нешта жыць! Дзеля гэтага не давалі ўцекачам-рабаўнікам паравоза, каб пацягнуць напакаваныя дабром i зброяй вагоны. Мяснікоўцы, людзі адчайныя i бязлітасныя, спачатку расстралялі начальніка станцыі, таго-сяго з дэпо, а пасля Народнаму сакратарыяту паставілі ультыматум: не выпусціце — бабахнем з усіх гармат i кулямётаў па Мінску!
Читать дальше