Празаймаўшыся месяц на ўстановачнай сесіі завочнікаў, я паехаў на працу ў Іванаўскі раён. Тады ён уваходзіў у склад Пінскай вобласці, а накіраванне ў мяне было ў Брэсцкую. Але брат Яфім, які працаваў у Іванаве і як доктар-венеролаг меў добрыя адносіны з мясцовым начальствам, запрасіў у свой раён, паабяцаўшы, што тут мяне ўладкуюць і без накіравання, хаця па правілах гэта рабіць забаранялася. На правілы, вядома, махнулі рукой. I я апынуўся ў Крытышынскай сямігодцы, за дзесяць кіламетраў ад райцэнтра.
Атрымаў трэці клас і аклад у 520 рублёў, «чыстымі» — рублёў чатырыста. Але і на гэтыя грошы ў Заходняй Беларусі тады можна было пражыць, бо за кватэру з харчаваннем я плаціў трыста рублёў. Значыць, сотня яшчэ заставалася на адзенне, абутак і іншыя патрэбы. Нягуста, канечне, але ўвогуле цярпіма. Бо былі яшчэ і невялікія падработкі: я вёў з моладдзю, якая даўно выйшла са школьнага ўзросту, вячэрнія заняткі па ліквідацыі непісьменнасці і нечакана для сябе атрымаў за гэтую працу агулам ажно 500 дадатковых рублёў.
Потым замяняў выкладчыка старажытнай гісторыі (яго ў сярэдзіне навучальнага года прызвалі ў армію, а новага гісторыка прыслалі не адразу — настаўнікаў тады не хапала). Пазней звольнілася выкладчыца батанікі і заалогіі. Дык я і яе прадметы пэўны час выкладаў. Словам, па маладой самаўпэўненасці браўся за ўсё, што давалі. Рыхтаваўся ў асноўным па школьных падручніках. Але так рабілі і іншыя выкладчыкі, а некаторыя і падручнікі не вельмі старанна штудзіравалі. Так што нараканняў на мяне не было. З праграмай жа свайго трэцяга класа я спраўляўся зусім лёгка, калі не лічыць урокаў па спевах і маляванню, якія мне даваліся найцяжэй.
Увогуле, Крытышынская школа лічылася не горшай у раёне. Наш дырэктар з казачным прозвішчам (яго звалі Іван Данілавіч Рымша) быў патрабавальным, але па дробязях асабліва не прыдзіраўся, хоць папалохаць часам любіў: мог пасля ўчарашняга агульнага застолля прыйсці на ўрок і патрабаваць яго пісаны план. Ды планы пісаліся па пэўным стандарце, засвоеным у педвучылішчы, і багата часу не адбіралі.
Рымша ж быў і сакратаром партарганізацыі ў школе і, мусіць, у вёсцы. А таму ў сябе на кватэры ён трымаў пад матрасам дзесяцізарадную вінтоўку — на выпадак начнога візіту няпрошаных гасцей. Гутарка ідзе пра ўдзельнікаў антысавецкага падполля, якіх называлі бульбашамі і бандэраўцамі. Яны дзейнічалі да пачатку 1950-х гадоў, забівалі партыйных актывістаў і адказных савецкіх работнікаў, рабавалі касіраў. Звычайных настаўнікаў не чапалі, а маладых настаўніц часам гвалцілі. Запалоханыя дзяўчаты пра сваю бяду лічылі за лепшае нікому не гаварыць. Але захаваць крыўдную таямніцу ў вёсцы не заўсёды ўдавалася.
Словам, абставіны былі няпростыя. Але па агульным узроўні жыцця Заходняя Беларусь тады яшчэ пераўзыходзіла нашы ўсходнія раёны з іхняй калгаснай абдзіралаўкай. У нас на Магілёўшчыне, напрыклад, многія юнакі лічылі за шчасце трапіць у школы ФЗН, дзе кармілі і апраналі за казённы кошт. А ў Крытышыне расказвалі, што ў іх у гэтыя школы набіралі хлопцаў з прымяненнем сілы: незгаворлівых будучых рабочых міліцыя хапала і везла ў горад, самых непакорлівых і ў звязаным выглядзе.
Чарговы паварот у маім лёсе наступіў у 1949 годзе. На сваё здзіўленне, я паздаваў усе экзамены за першы курс філфака на выдатна. Гэта было заўважана дэканам М. Д. Рыбачкіным, які чытаў у нас курс рускай мовы. Ён і прапанаваў перавесціся на стацыянар. Я, вядома, з радасцю ўхапіўся за гэтую прапанову, бо мне ўжо і самому страшэнна хацелася далучыцца да гаманкой стацыянарскай вольніцы, да тых чароўных дзяўчат, што запаўнялі інстытуцкія калідоры ў час перазменак. Здавалася, гатовы быў ісці хоць вуліцы падмятаць, але ў якасці сапраўднага студэнта.
Заставалася нямнога — даздаць некалькі прадметаў, каб выраўняцца са стацыянарнікамі другога курса (завочнікі тады вучыліся ў педінстытуце пяць гадоў, а дзённае аддзяленне асвойвала праграму за чатыры гады).
А яшчэ абавязкова трэба было атрымаць стыпендыю. З ёю і выйшла закавыка. Стыпендыяльны фонд быў размеркаваны яшчэ недзе ў чэрвені. I для мяне свабодных грошай ужо не засталося. З горкім расчараваннем прыйшлося вяртацца на сваё Палессе. Але Рыбачкін усё ж неяк выбіў дадатковую стыпецдыю і нават месца ў інтэрнаце, на якое я ўвогуле не разлічваў. Новыя сябры, якім я пакінуў адрас, хуценька паведамілі пра гэтыя навіны. І я, не без цяжкасці здаўшы ўсе справы, як на крылах памчаўся ў Магілёў.
Читать дальше