Хораша — ці не праўда?
Тут пакуль што няма яшчэ той унутранай духоўнай напружанасці, уласцівай для яго вершаў пазнейшай пары, але праўда пачуццяў, уменне ўбачыць прыгажосць свету былі. «Трэба паважаць натуральныя межы таленту», — сказаў ён у рэцэнзіі на адну з кніг своеасаблівага магілёўскага паэта В. Матэвушава (Полымя, 1973, № 9), але яе гэта натуральнасць бачыцца і ў самога Ю. Свіркі.
Другая кніга — «Вечнасць» (1963) — тэматычна паглыбіла першую, умацавала ў яго паэзіі такую рысу, як біяграфічнасць. Так, у яго лірыцы па-свойму, у сваім «павароце», знайшла адбітак духоўная біяграфія — яго і яго пакалення. Вясковы чалавек, ён рана стаў гараджанінам — і гэта спарадзіла новыя адценні ў светаўспрыманні, якое зафіксавалася ў вершы: «З кожным днём раблюся я чужым кветкам палявым, лугам і росам…» Такія прызнанні мала да чаго абавязвалі, магчыма, толькі абвастралі пачуццё роднага кутка, роднай прыроды, але значнай маральнай нагрузкі яны пакуль што не нясуць.
У другім зборніку знаходзім парасткі ўмоўна-асацыятыўнага мыслення:
Недапетая песня ляжыць ля магілы
Акрываўленым жвірам…
Паэт усё часцей звяртаецца да ўмоўнасці. Скажам, у падыходзе да тэмы космасу. Тады чалавек рабіў першыя крокі ў касмічную прастору, пачынаў інакш, чым раней, глядзець на Месяц і зоры. І гэта падзея не магла не адбіцца ў паэзіі: паэты імкнуцца па-новаму ўбачыць свет і асэнсаваць ролю чалавека ў ім. З чым толькі не параўноўваўся Месяц — з шабляю, бубнам, падковай, — Свірка знаходзіць свае словы:
…мне здаецца Месяц
Тонкай дужкаю,
Якой пабочны выдзяляюць сказ.
За гэтай дужкай —
Многа тайнаў месціцца,
Іх за адно жыццё не разгадаць.
І варта жыць,
Каб неба ўсё — ад Месяца
Да самых дробных зорак — прачытаць.
Пазней «касмізм» у яго набудзе нейкія новыя, вельмі зямныя, звычайныя рысы: «Не, зусім мне гэта не здалося: Саўгануўся ў высі Млечны шлях. Нібы лодка на пясчаным плёсе, мякка захісталася Зямля». Паэт раскажа пра сваю «захопленасць зорамі» і неадступную любоў да зямлі:
Перад ёю пакорна схіляюся.
Пазычаю святло у бяроз.
Я — атожылак долі сялянскай —
Ад яе, як ад маці, адрос…
«Схіляюся — сялянскі» — у асэнсаванні жыцця прымае ўдзел нават рыфма.
Аднак паэт імкнуўся не толькі «апісаць» свет, зарэгістраваць усё новае. Ён усё больш пераконваўся, што аснову індывідуальнасці складаюць сацыяльныя, маральныя рэсурсы, якія ў яго маюцца і якія неабходна выразіць у непаўторна-асабістай форме.
Трэцяя кніга — «Баравіна» (1967) — паказала, што ён хоча разабрацца ў складаных з’явах сучаснага жыцця, паяднаць у сваім разуменні свету сучаснасць і будучыню. Дзеля гэтага ізноў звяртаецца да ўмоўных сітуацый.
Хачу прачнуцца я
Праз сотні год,
Паслухаць траў і ветру шапаценне.
Хачу я толькі на адно імгненне
Паслухаць,
Як жывеш ты, мой народ…
Калі пачую:
Ты жывеш народ
(Па голасу пазнаю беларусаў),
Тады спакойна на пагост вярнуся
І зноў засну —
На сотні тысяч год.
Я не назваў бы гэты верш удалым: думка выказана наіўна і залішне прамалінейна, хаця і шчыра. Таксама штучна выглядае ўмоўнасць і ў вершы «Вячэрні эскіз»:
У грубцы дровы аж гудуць, гараць.
Я вечарам адзін сяджу ля грубкі.
Здаецца,
Што выходзіць з дроў зара
І на мяне глядзіць, як на парубшчыка.
Аднак і першы і другі вершы сведчаць, што ў паэта адбываецца працэс удакладнення, так сказаць, маральных каштоўнасцей.
А вось новая для Ю. Свіркі інтанацыя. Новая і, здаецца, адзіна магчымая ў гэтым вершы:
Я ў дарозе не падбіўся,
Заскрыпелі палазкі.
І адкуль вы узяліся,
Падвязіце, леснікі!
Можа, годы мы дагонім,
Маладзіцца чалавек!
Як жывое дзіва — коні
У стальны касмічны век.
У «Баравіне» ўзрушвае маральная вастрыня паэтычнага ўспрымання рачаіснасці, адчуванне адказнасці за сказанае слова, за «пасаду» паэта. Думка аб тым, што верш паэта — яго грамадзянскі ўчынак, не новая, але заўсёды надзённая. Для Ю. Свіркі яна становіцца прынцыповай і знаходзіць выяўленне ў лірыцы. Гаворачы пра сваю пашану да вёскі, ён знаходзіць тут свой «ракурс». Любоў павінна правярацца справай. Скажам, напіша паэт пра «маляўнічасць родных краявідаў», а нехта з землякоў спытае: «Навошта ж ты ад нас, сынок, паехаў, калі ў нас такая прыгажосць?»
Верш, інакш кажучы, абавязаны пераконваць і духоўна, і эстэтычна. Дзеля гэтага, відаць, павінна ўмацоўвацца філасофская, светапоглядная аснова паэзіі, трэба паглыбляць праўду жыцця.
Читать дальше