Н. Гілевіч асэнсоўвае рух гісторыі, яе сацыяльны і духоўны вопыт, адчуваючы на сабе погляд бацькоў, абавязак перад імі. І тут таксама выяўляецца адна з асаблівасцей яго грамадзянскасці, якая складае маральна-эмацыянальны нерв яго паэзіі і ўсёй дзейнасці.
«У чалавека, — сцвярджае паэт, — заўсёды павінны быць у душы святыні, праз якія ён не можа пераступіць, не можа ігнараваць іх і апошліць» (Літаратура і мастацтва, 1979, 9 лютага).
Гэта — паэт нарастаючай сілы, якая жывіцца сокамі часаў. Звяртаючыся да вопыту гісторыі, ён хоча глыбей зразумець сучаснасць. Ён ведае, што пераўтварэнне свету — справа складаная і што вопыт гісторыі можа ў многім дапамагчы.
Гавораць, што ў вершах сучасных паэтаў паэзія думкі пераважае над паэзіяй пачуцця. Вершы Н. Гілевіча застаюцца эмацыянальна вельмі пераканальнымі. Мне даўно, напрыклад, падабаюцца вось гэтыя цудоўныя радкі (з кнігі «Перазовы»):
Замірае,
Сціхае
Мая залатая дуброва,
Асыпае,
Скідае на дол
Свой задумлівы ўбор.
Не звініць і не льецца
Раздольна-вячыстая мова,
Толькі шоргат сухі пад нагамі,
Як скарга-дакор…
У вершы адбіўся своеасаблівы антрапамарфізм сялянскага мыслення. Метафорыка паэзіі Н. Гілевіча звычайна вельмі канкрэтная, але ў працытаваных радках адчуваецца падтэкст, заклапочанасць паэта ўмацаваннем тых глыбінных сувязей, якія лучаць чалавека з роднай зямлёй, сучаснасцю і гісторыяй.
Здольнасць на вельмі эмацыянальнае суперажыванне дапамагла яму асвоіць жанр балады: «Апошняе спатканне з Веранікай», «Слёзы шчаслівага чалавека», «В’етнамская балада», «Неадкрытыя зоркі паэта», «Балада пра краіну ў чорным», «Сустрэчы ў снах» — гэтыя і многія іншыя выдатныя творы далі права Г. Бураўкіну — назваць яго «майстрам балады». Шырокі рэзананс меў яго своеасаблівы цыкл вершаў-балад «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», названы паэтам «патрыятычнай араторыяй». Стылёвы тон гэтаму твору і маштаб задала вядомая партызанская песня «Горит, горит село родное, горит вся Родина моя».
Пацвердзіліся даўнія сувязі з народным словам, яго вершу па-ранейшаму ўласціва афарыстычнасць думкі, эмацыянальная пераканальнасць, арыентацыя паэта на духоўныя каштоўнасці.
Мастацка-стылёвая шматстайнасць паэзіі Гілевіча нясе ў сабе сляды гістарычнага развіцця і традыцый, развіцця паскоранага, сціслага. Яе пранікаюць токі, што ідуць ад Ф. Багушэвіча праз творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, абумоўліваючы і ўзмацняючы яе сацыяльна-маральнае і эстэтычнае гучанне.
Словам, творчасць Н. Гілевіча актыўна ўключана ў літаратурны, працэс, тэндэнцыі якога выразна праглядваюцца ў яго паэзіі. Для яго, напрыклад, таксама ўсё больш характэрным з’яўляецца павышэнне цікавасці да індывідуальнага ў чалавеку, імкненне ўбачыць яго душу. Светапогляд паэта, яго эстэтычныя ідэалы, ваяўнічая грамадзянскасць знайшлі адлюстраванне ў такіх кнігах, як «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (1979) і інш. Тут знаходзім працяг роздуму паэта пра грамадзянскі абавязак чалавека, які павінен адчуваць час, у які ён жыве. Ніл Гілевіч да гэтага якраз імкнецца, ён паэтызуе жыццё, працу, святло Ленінскіх ідэй, вучыцца разумець дыялектычную ўзаемасувязь часаў.
Раскладайце, паліце купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся…
Паэт імкнецца асэнсаваць, «абжыць» новыя бакі і з’явы жыцця, павялічыць свае магчымасці мастацкага пазнання і абагульнення рэчаіснасці. Яго рост непарыўна звязаны з духоўным светам сучасніка, з тым, пра што добра сказаў Юрый Бондараў: «Задача мастацтва застаецца і непахісна вечнай, і непахісна новай: пазнанне чалавекам самога сябе як часцінкі прыроды, а значыць — зразуменне сэнсу жыцця».
Беларуская паэзія заўсёды адчувала непадзельную сувязь з лёсам народа, яна была і застаецца духоўна-эстэтычным эквівалентам грамадства, яна творыць, «збірае» чалавека, асвятляючы яго месца і ролю ў агульнай карціне сучаснага свету. Яна зандзіруе глыбіні яго духоўнага жыцця.
Такім шляхам рухаецца і аўтар «Бальшака».
Г. Бураўкін, які добра ведае і любіць паэзію Н. Гілевіча, адзначаў, што «адна з самых характэрных рыс яго паэзіі — спакойная засяроджанасць і абсалютны давер да народнага вопыту» (Полымя, 1969, № 10, с. 191).
Аналізуючы ўзаемадзеянне асобы і грамадства, паэт хоча дазнацца, як, у чым змяніўся сам чалавек, што каштоўнае ён набыў, што страціў і наколькі захаваў генетычную сувязь з часамі былымі, з народнымі вытокамі. У паэтычным характары Н. Гілевіча нам вельмі дарагі маштабны народны характар, абумоўлены рознымі бакамі грамадскага жыцця і працы, чалавек, якога не пакідае пачуццё адказнасці. Такі чалавек відаць у паэмах «Недзяленя» і «Крынічанка» (1970). Вельмі розныя паводле сваіх сюжэтаў і зместу, абедзве яны ўслаўляюць духоўны вопыт народа, пранесены ім праз вякі. Духоўны воблік лірычнага героя вызначаецца высокім узроўнем грамадзянскай свядомасці і творчай актыўнасці, вострым пачуццём адказнасці за тое, што адбываецца ў жыцці, любоўю да народных эстэтычных уяўленняў і мастацкіх каштоўнасцей. І гэта знайшло адбітак у індывідуальным стылі паэта з уласцівай для яго блізкасцю да народна-фальклорных сродкаў выяўлення, класічнай гарманізаванасцю верша, рэалістычнай яснасцю і празрыстасцю творчай манеры.
Читать дальше