Адзначыў Сержпутоўскі ў сваёй справаздачы і працэс рассялення па хутарах, які пачаўся ў Холмскай Русі. Сяляне разбуралі свае старажытныя пабудовы і ўзводзілі на хутарах новыя. Вучонаму тым не менш удалося зрабіць планы, чарцяжы і малюнкі старажытных пабудоў, сфатаграфаваць іх.
У пісьме сакратару савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея ад 9 чэрвеня 1913 г. Сержпутоўскі ўказвае на імклівую змену моды, што прывяло да знікнення ў вёсцы адзення старажытных узораў. «Пабываў я ў трох паветах – Дзмітраўскім, Бронніцкім і Каломенскім, – пісаў ён, – і амаль усюды адно і тое ж: былога адзення няма, у хатнім ужытку ўсе прадметы гарадскога паходжання. Пакуль удалося сабраць каля 200 прадметаў, у тым ліку адзін мужчынскі касцюм з набіўнога льну і тры жаночыя. Паспрабую паспытаць шчасця ў старавераў, хаця кажуць, што яны могуць не пусціць у сваю вёску» [41] Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 578, с. 66.
.
Цяжка сказаць, чым закончылася паездка Сержпутоўскага да старавераў (пра гэта ў справаздачы не гаворыцца), але калі ацэньваць у цэлым яго экспедыцыі ў Маскоўскую і Пермскую губерні, то можна назваць іх вельмі ўдалымі. Этнограф прывёз адтуль 437 прадметаў хатняга ўжытку, 125 фотаздымкаў, на якіх засведчаны краявіды горада Дзмітрава і Дзмітраўскага павета, у тым ліку Благавешчанскі сабор, вуліцы, дамы, прылады працы.
Рэзультатыўнай была паездка Сержпутоўскага ў Віленскую і Віцебскую губерні. Калекцыя музея папоўнілася ўзорамі сялянскай вопраткі, самаробных тканін, шыцця, вязання, рэчамі гаспадарчага ўжытку. Набыў ён тут 115 назваў керамікі – міскі, гаршкі, сподкі і г. д.
I ўсё ж думка пра тое, што з сялянскага побыту пад уплывам горада знікаюць старажытныя вясковыя прадметы, не давала вучонаму спакою. У ліпені 1915 г., адмовіўшыся ад адпачынку, ён накіроўваецца ў Варонежскую, Разанскую, Белгародскую і Курскую губерні. Нягледзячы на халеру, якая забірала штодзень шмат чалавечых жыццяў, Сержпутоўскі працягваў сваю работу. У пасылках, якія ён рэгулярна пасылаў у адрас Рускага музея, былі такія каштоўныя экспанаты, як адзенне, абутак, рушнікі, хусткі, грабяні, нажы, прадметы рэлігійнага культу.
Як і раней, многія экспанаты этнограф купляў за ўласныя грошы і дарыў іх музею. 7 мая 1916 г. ён падарыў калекцыю старажытнага шклянога посуду, набытую ў вёсцы Асінаўка Аханскага павета Пермскай губерні, а таксама высокай мастацкай вартасці карзіну, сплеценую з лазы, саламяную хлебніцу, гліняныя кубкі, за што атрымаў пісьмовую падзяку ад кіраўніцтва музея.
У сваёй навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскі ўдзяляў шмат увагі ўнутрысямейным адносінам беларусаў. «Калі за сталом знаходзіліся госці, – пісаў ён, – жанчыны звычайна не садзіліся за стол. Выключэнне складалі вяселле, хрысціны, памінкі, Дзяды і іншыя адметныя рэлігійныя святы». Прычыну гэтага вучоны бачыць не ў нейкай няроўнасці паміж мужам і жонкай, а ў гасціннасці беларускай жанчыны, яе імкненні лепш абслужыць гасцей.
У розных месцах Беларусі ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі былі рознымі. У шэрагу вёсак Слуцкага павета дарослыя не здароваліся з дзецьмі, не звярталі на іх увагі. Рэдка нехта заўважаў, што дзеці выраслі. Калі ў хаце былі госці, дзяцей стараліся выправадзіць на вуліцу. Рабілася гэта, на думку Сержпутоўскага, для таго, каб дзеці выпадкова не прагаварыліся пра тое, як адзываюцца пра гасцей іх бацькі за вочы.
У вёсках Чудзін, Вялікі Рожан, Малы Рожан, другіх населеных пунктах Слуцкага павета даследчык назіраў іншую карціну. Пры дзецях дарослыя гаварылі літаральна на ўсе тэмы без выключэння, у тым ліку і пра любоўныя прыгоды, роды, добрыя і кепскія ўчынкі.
Праўда, такія прыклады былі хутчэй выключэннем, чым правілам. У большасці сялянскіх сем’яў беларусаў дзеці раслі чулымі, паслухмянымі, працавітымі, дапамагалі бацькам выхоўваць малодшых дзяцей, весці гаспадарку. Ветліва адносіліся дзеці да суседзяў, асабліва старэйшых за сябе.
Наяўнасць у беларускіх сялян такіх высокіх маральных якасцей, як пачуцці калектывізму, таварыскасці, узаемадапамогі, яскрава пацвярджаюць нарысы А. К. Сержпутоўскага, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся на старонках «Живой старины», іншых навуковых выданняў Расіі пад рубрыкай «Очерки Белоруссии». Цікавая дэталь: усе гэтыя нарысы напісаны на рускай мове, а загалоўкі асобных з іх Сержпутоўскі дае на беларускай мове. Вучоны не тлумачыць, чым выклікана гэтая акалічнасць. Думаецца, што ён зыходзіў з таго, што беларуская мова на пачатку XX ст. ужо заявіла аб сабе ў поўны голас, заваявала сабе права стаяць поруч з рускай мовай, хоць афіцыйныя колы царскай Расіі ўсяляк перашкаджалі гэтаму.
Читать дальше