З другога боку ад вёскі быў лес. У ім часта бывалі партызаны з атрада «За Радзіму». Я пазнаёміўся з імі, калі хадзіў у ягады. Камандзір атрада Ганчароў, убачыўшы мяне першы раз, падрабязна распытаў, хто я такі і адкуль. Я расказаў, што сірата, жыву ў цёткі Пелагеі, а цяпер прыйшоў у ягады. Ён уважліва выслухаў мяне і спытаў, ці ёсць у вёсцы немцы.
— Няма,— адказаў я.— Толькі два на вышцы сядзяць.
— А зброя ў цябе ёсць?
— У мяне няма, але знайсці можна.
Тады ён папрасіў, каб я сабраў для яго людзей што трапіцца — патроны, вінтоўкі, гранаты. Я паабяцаў зрабіць гэта.
Мы ў лесе часта знаходзілі схаваную зброю. Некаторыя хлопцы бралі сабе, некаторыя проста ведалі, дзе яна ляжыць. Калі я перадаў ім просьбу камандзіра, яны дапамаглі мне сабраць каля сотні гранат, трыццаць вінтовак і ручны кулямёт Дзегцярова. Калі я ўсё гэта перадаў камандзіру, ён ласкава сказаў:
— Дзякую, Віця, за дапамогу.
Мне вельмі радасна было пачуць пахвалу ад самога камандзіра.
Немцы часцей сталі наязджаць у вёску. Яны забіралі збожжа, вопратку, сала, курэй, дашчэнту спалілі вёскі Рыбцы разам з людзьмі, Луцішчы, Зазерку і іншыя. Немцы забілі нашых суседзяў Лук'янавых. Помню, калі я ўвайшоў у хату, яны ляжалі, распластаўшыся на падлозе. Упершыню ў жыцці бачыў я забітых людзей. Мне зрабілася страшна, і па спіне папаўзлі халодныя мурашкі.
Я хуценька выбег з хаты.
Ноччу людзі ўцяклі ў лес, да партызан. Я так сама парашыў пайсці.
Камандзір узвода Валодзя Осіпчык, малады хлопец, спытаў мяне:
— Колькі табе гадоў?
— Дванаццаць,— адказаў я.
— Ты яшчэ малы.
Я пачаў прасіцца. Ён і кажа:
— Ці не мог бы ты дапамагчы нам узарваць вышку? Падумай. Пастарайся пазнаёміцца з немцамі, а потым прыходзь.
Я пайшоў дадому і стаў абдумваць, як гэта зрабіць. Потым узяў некалькі яек і пайшоў да немцаў. Малых дзяцей яны не баяліся і падпускалі да сябе. Я ўзабраўся на вышку і папрасіў:
— Пан, дай цыгарэту!
— Дай яйка,— сказалі яны ў адзін голас.
Я дастаў з кішэні яйкі і падаў немцам. Яны ўзрадаваліся, нешта залапаталі па-свойму і далі мне чатыры цыгарэты. Я тут жа закурыў. Адзін з іх паглядзеў на мяне, усміхнуўся і сказаў:
— Гут, кіндэр!
На вышцы я ўбачыў ложак, чыгунную печку і ручны кулямёт. Стаяла восень. Надвор'е было хмурнае, халоднае. Немцы баяліся сцюжы і бесперапынку палілі печку.
На наступны дзень я зноў прыйшоў да іх. Маладзейшы стаяў каля кулямёта, а старэйшы корпаўся каля печкі. Я папрасіў закурыць. Старэйшы дастаў цыгарэту і на ламанай рускай мове сказаў, каб я прынёс яму дроў.
Я злез з вышкі, назбіраў кавалкаў дошак, што валяліся навокал, і прынёс ім.
— Гут! — сказаў старэйшы.
Праз некалькі часу яны да мяне прывыклі, і я мог свабодна заходзіць да іх на вышку. Пасля гэтага я зноў пайшоў у атрад і расказаў аб усім Осіпчыку.
— Прыдумана нядрэнна,— сказаў ён.
Цяпер яны далі мне толу і навучылі, як ім карыстацца. Тол быў загорнуты ў анучку і абвязаны ніткамі. Я палажыў скрутак у кішэню.
— А цяпер ідзі. Выканаеш заданне — бяжы да нас,— сказаў Осіпчык і паведаміў, дзе яны будуць чакаць мяне.
Я пайшоў. Дзень выдаўся сонечны. Людзі выбіралі бульбу. У галаву мне лезлі розныя думкі. Часам здавалася, што немцы здагадаюцца аб маім намеры, схопяць і павесяць. Але я стараўся адагнаць такія думкі ад сябе. «Немцы ведаюць мяне і нават не падумаюць, што я адважыўся ўзарваць іх»,— супакойваў я сам сябе.
Я падышоў да чыгункі. Тут знайшоў кавалак дроту і зрабіў з яго кручок. Назбіраўшы дроў, стаў паднімацца на вышку. На адным слупе я заўважыў шчыліну, хутка ўткнуў у яе кручок і замацаваў так, каб ён не вываліўся. Затым я ўзнёс дровы і кінуў іх каля печкі. Немцы ўзрадаваліся і далі цыгарэту. Закурыўшы, я пачаў спускацца. Сэрца маё моцна калацілася, але я стараўся трымаць сябе ў руках. Параўняўшыся з кручком, я хуценька падвесіў тол і нямецкай цыгарэтай падпаліў шнур. Уніз спускаўся хутка, бо баяўся, каб тол не ўзарваўся раней, чым я паспею сысці з вышкі.
Апынуўшыся на зямлі, я пайшоў хуткім крокам, а потым не выцерпеў і кінуўся подбегам. Бег і думаў: «А што, калі не ўзарвецца?» Але не паспеў я адбегчы і гоні, як раздаўся страшэнны выбух. Я азірнуўся і ўбачыў, як угору ўзняліся слуп чорнага дыму і кавалкі дрэва. Мяне ахапіў яшчэ большы страх, і я з усіх сіл памчаўся ў лес. Адтуль пайшоў у пасёлак Баравыя, кіламетраў за пяць ад чыгункі, дзе чакалі партызаны. Убачыўшы мяне, запыханага і ўсхваляванага, Осіпчык спытаў:
— Узарваў вышку?
Читать дальше