Асабліва прыемнымi зносіны маглі быць падчас сяброўскіх пасядзелак.
Вядома, што застоллі былі звычайнай справай для мясцовых дваран. Падчас баляванняў госці і гаспадары банкетаў, канешне ж, часцяком ужывалі гарачыльныя напоі.
У Гродне былі даўнія традыцыі піваварства, многія бровары размяшчаліся, да прыкладу, у даліне Гараднічанкі.
Карысталіся папулярнасцю і імпартныя віны, сярод іншых, венгерскія. Шляхцічы ведалі таксама гарэлку, якая нават была ходкiм напоем.
Як і людзі ХХІ стагоддзя, шляхта часоў Рэчы Паспалітай далёка не заўсёды прытрымлівалася ўмеранасці.
Напрыклад, апiсана тыднёвая гарадзенская папойка знакамітага Караля Радзівіла па мянушцы «Пане Каханку», які купіў у Гродне венгерскага віна на велізарную суму, а затым паехаў, з гэтым віном, далей, працягваючы сваволiць у мястэчках, якія трапляліся па дарозе.
Рацыён шляхціца, як не цяжка здагадацца, моцна залежаў ад яго фінансавых магчымасцей.
Вышэйшая праслойка арыстакратаў магла дазволіць сабе атрымліваць асалоду ад самых дзіўных прысмакаў.
Напрыклад, на дне нараджэння караля Аўгуста III, калі манарх святкаваў у Гродне, у 1752 годзе, на дэсерт, як паведамляе Вільгельм Шлемюлер, былі прынесены асаблівыя прысмакі:
«Тры гадзіны доўжылася бяседа. У канцы ўнеслі дэсерты, а яны былі такія цудоўныя, што сапраўды вартыя каралеўскага стала. Перш за ўсё звярталі на сябе ўвагу дзве святыні, вельмі ўмела зробленыя: усіх добрых якасцяў і славы, як пра гэта казалі надпісы. А ў сярэдзіне трыўмфальная арка, на якой уяўная Постаць Славы. У адной руцэ яна трымала трубу, а ў другой надпіс наступнага зместу: [Аўгуст II кароль, народжаны ў 1696 годзе.] Ну а далей вялікія, па-майстэрску выкананыя, сады, лаўкi, і ўсё гэта дзіўна прыгожае і вельмі каштоўнае».
Беззямельны шляхціц мог толькі памарыць пра такія рэчы, бо яго рацыён больш-менш адпавядаў рацыёну сялян і звычайна ўключаў розныя злакi, гарох і саланіну.
Сярэдняя і багатая шляхта ела шмат мясных страваў: ялавічыну, свініну, розную дзічыну.
Станіслаў Панятоўскі, будучы ўладар ВКЛ, назіраў у гродзенскім палацы Міхаіла Радзівіла Рыбанькі, у 1752 годзе, страву з мясам і шпінатам, якая, зрэшты, не здалася госцю апетытнай.
У модзе былі заправы, напрыклад, перац ды шафран, якія часта выкарыстоўвалі ў вялікіх колькасцях.
Траплялася на столе і рыба, бо, як сказана вышэй, нават магнаты не цураліся рыбалкі.
У вялікай пашане быў бігас, гэта значыць, страва з капусты і мяса.
Кашы, салаты і супы, а таксама садавіна і гародніна, былі жаданымі гасцямі на сталах дваран.
Ва ўжытку XVI—XVII стагоддзяў за сталом часцяком выкарыстоўвалі практычны посуд з металу.
Сярэбраная лыжка XVI – XVII стагоддзяў, з польскім рыфмаваным надпісам «Ты запомні чалавек, у цябе нядоўгі век» (пераклад Я.А.). Нацыянальны музей у Кракаве.
Ужывалi таксама гліняны, шкляны і драўляны.
Зразумела, забяспечаная шляхта магла сабе дазволіць сярэбраныя вырабы, а вось бяднейшая, часам абыходзілася посудам з некаштоўных металаў.
У Стэфана Баторыя, які жыў у гродзенскім замку, меліся нават залатыя сталовыя прыборы.
У другой палове XVIII стагоддзя, дастаткова шырокае распаўсюджанне атрымалі фарфор і крышталь, прычым апошні выдатна рабілі і ў гродзенскім рэгіёне, напрыклад, у Налібоцкай мануфактуры. Падобная вытворчасць шкла мелася і ў самім Гродне.
Імпарт, вядома ж, быў прадстаўлены вырабамі з усяго свету.
Ян Ахоцкі назіраў, у 1793 годзе, у сваіх сяброў у Гродне, не толькі еўрапейскі, але і японскі, і кітайскі фарфор.
Зроблены на замову посуд багатай шляхты і манархаў нярэдка ўпрыгожваўся радавымі гербамі.
Келіх з гербавым арлом Радзівілаў, які, як мяркуецца, належаў Міхалу Радзівілу Рыбаньку. Нацыянальны музей у Кракаве.
Пасля застолляў надыходзіла пара танцаў і розных азартных гульняў. Хоць, часам шляхціцы абмяжоўваліся душэўнай гутаркай.
У многіх выпадках, амаль паўсядзённай справай для мясцовых дваран былі суды, прычым нярэдка судзілася нават з самымі блізкімі сваякамі. Тут шляхце, вядома ж, была прыдатнай разгалінаваная, хоць і не самая лепшая, судовая сістэма Рэчы Паспалітай, пра якую была гаворка вышэй.
Читать дальше