Агнястрэльная зброя, у той час, ужо не была вялікай рэдкасцю, і шляхцічы выкарыстоўвалi як халоднае ўзбраенне, і перш за ўсё шаблю, так і зручныя для кавалерыстаў пісталеты. Аднак бедныя прадстаўнікі шляхты часам не мелі нават каня. Напрыклад, пан Якук Кажэнеўскі быў на перапісе пешым, хоць і меў пры сабе шаблю.
Ваенная справа, безумоўна, займала асаблівае месца ў жыцці шляхецкага саслоўя ВКЛ, у тым ліку і гродзенскіх дваран.
Укаранёная ў асяроддзі шляхты, якраз у перыяд XVI – XVII стагоддзяў, ідэалогія сарматызму, якая абгрунтоўвае асаблівае паходжанне мясцовай эліты, нібы адрознай па крыві ад сялян, была прасякнута культам сілы і вайсковай доблесці. Шляхціц-сармат павінен быў быць сапраўдным рыцарам, абаронцам айчыны і сваёй веры.
Прадэманстраваць свае баявыя навыкі высакародны воін мог падчас паспалітага рушэння, то бок, усеагульнай ваеннай мабілізацыі шляхты.
Цікава, што сарматызм, у значнай ступені, арыентаваўся на ўсходнюю культуру, і перш за ўсё гэта выяўлялася ва ўзорах адзення і ўзбраення.
Наплечнік гусара Рэчы Паспалітай ХVІІ стагоддзя. Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Адной з прыкметных праяў сармацкай культуры, і яе своеасаблівым сімвалам, з'яўляецца цяпер так званы сармацкі партрэт, а адным з лепшых прыкладаў такога мастацтва – выява Кшыштафа Весялоўскага, маршалка ВКЛ, заснавальніка гродзенскага кляштара брыгітак, дзе гэты ўплывовы саноўнік быў пахаваны.
Кшыштаф намаляваны ў палацавым інтэр'еры. На магнаце досыць строгае, але багатае адзенне. На стале ляжыць шапачка з каштоўным упрыгожаннем. У правай руцэ Кшыштафа жазло – сімвал улады маршалка. Жазло ўпрыгожвае каралеўская манаграма Жыгімонта Вазы. Левая рука на шаблі. Значэнне гэтага віду зброі ўвогуле было надзвычайным, бо шабля з'яўлялася адным з абавязковых атрыбутаў шляхціца, знакам яго высакароднага паходжання.
Кшыштаф Весялоўскі. Партрэт з манастыра брыгітак у Гродне, 1636 год. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Тут дарэчы ўспомніць, што англійскі падарожнік Уільям Кокс, які наведваў Гродна і іншыя гарады рэгіёну ў другой палове XVIII стагоддзя, атрымаў ад мясцовага двараніна параду насіць зброю, калі падарожнікі сапраўды належаць да дваранскага саслоўя. Сарматызм усё яшчэ квітнеў у мясцовай культуры і кантраст ментальнасці літоўскіх шляхцічаў з ментальнасцю адукаванага англійскага джэнтльмена, ці нават караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста, можна заўважыць і ў мемуарах Кокса, і ва ўспамінах апошняга манарха.
Шабля караля Станіслава Ляшчынскага, XVIII стагоддзе. Нацыянальны музей у Кракаве.
Тут варта яшчэ адзначыць важны элемент сарматызму – веру ў рэспубліканскі лад, і жаданне абмежаваць уладу караля. Падобныя ідэалы могуць выглядаць надзвычай прагрэсіўнымі, у межах перыяду існавання Рэчы Паспалітай, аднак менавіта шляхецкая вольніца, у выніку, і загубіла гэтую магутную еўрапейскую дзяржаву.
Акрамя мілітарызму, у падмурку ідэалогіі мясцовай шляхты ляжаў яшчэ адзін найважнейшы элемент. Асновай светапогляду літвінскага дваранства была вера, і нягледзячы на рэлігійную талерантнасць, наяўнасць у краіне шляхты праваслаўнага, пратэстанцкага, уніяцкага веравызнання, усё ж найбольш зручным для прасоўвання па кар'ернай лесвіцы, у перыяд XVII—XVIII стагоддзяў, быў менавіта каталіцызм. Не выпадкова таму, што гарадзенскі стараста Фрэдэрык Сапега, які жыў у першай палове XVII стагоддзя, перайшоў у каталіцтва, перастаўшы быць «схізматыкам», і нават заснаваў у Гродне кляштар дамініканаў, як бы дэманструючы сваю актыўную падтрымку каталіцкай веры.
Варта тут адзначыць і магутны гродзенскі род Валовічаў, радавой пахавальняй якіх была старадаўняя Прачысценская царква, пабудаваная яшчэ ў XII стагоддзі.
Але ў XVII стагоддзі ўсе заўважныя прадстаўнікі гэтага дома з'яўляюцца каталікамі, і ў іх шэрагах знаходзіцца нават кіраўнік каталіцкай царквы ВКЛ, віленскі біскуп Яўстафій Валовіч.
Спроба шэрагу магнатаў XVI стагоддзя, такіх як Астафiй Валовіч, прасоўваць у ВКЛ пратэстантызм, увогуле была няўдалай.
Читать дальше