Але бульба ў нас была свая. Перад вайной прысядзібныя ўчасткі былі па 60 сотак, і мы іх звычайна засявалі бульбай. Я дакладна не ведаю памер падаткаў, якія здаваў мой бацька немцам, але добра памятаю, што для сябе заставалася значна больш, падаткі нельга было назваць рабаўніцкімі.
Памятаю, як аднойчы бацька запрэг каня, закінуў на павозку трох авечак, папярэдне звязаўшы ім ногі, і павёз іх здаваць у Докшыцы. Я вельмі абрадаваўся, калі ён мяне ўзяў з сабой. На прыёмным пункце нам выдалі квітанцыю і нават грошы за здадзеных авечак. Грошы мой бацька браць адмаўляўся, таму што гэта былі савецкія купюры. Ён палічыў, што над ім пажартавалі. Загадчык прыёмнага пункту запэўніваў, што савецкія грошы ў хаду нараўне з акупацыйнымі маркамі, і параіў нам зайсці ў краму. Насамрэч, мы купілі соль, цукар, крупы і штосьці яшчэ, неабходнае ў гаспадарцы. Усё гэта мы пагрузілі на воз і паехалі дадому. Пасля гэтага людзі сталі даставаць савецкія грошы са сваіх сховіш і смела імі карыстацца.
Яшчэ мы здавалі немцам па кабану ў год, але акрамя гэтага была магчымасць і для сябе гадаваць па аднаму-два кабаны. Трэба прызнаць, што нямецкая адміністрацыя не кантралявала, якое ў гаспадарцы гадуецца пагалоўе жывёлы. Акрамя каровы, цяля, свіней мы гадавалі 15–20 авечак. Калі да акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса толькі па вялікіх святах: на Каляды, Вялікдзень, Тройцу, Дзяды — то ва ўмовах акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса кожны дзень.
Немцы да нас у вёску амаль не наведваліся. Мы — дзеці — не адчувалі таго, што жывём пад акупацыяй. У вёсцы быў усяго адзін паліцай, 18-гадовы хлопец з мясцовых, бяскрыўдны. Калі немцы і прыязджалі ў вёску, то да старасты. Але такое здаралася не так і часта. У часы акупцыі нам, дзецям, для гульні заставалася менш часу: калі хочаш заможна жыць, трэба шмат працаваць. І мы, падлеткі, таксама ўключыліся ў працу. Бацька браў мяне ў поле. Я ў 7–8-гадовым узросце навучыўся ўпраўляцца з канём і нават умеў баранаваць ворыва. Таксама я збіраў камяні на сваіх палетках, утварылася цэлая крушня з тых камянёў.
Так мы адносна спакойна пражылі да канца 1941 года, увесь 1942 год. Ужо з канца 1942 года сталі распаўсюджвацца чуткі пра партызан, адна трывожней другой. Мы заставаліся ў сваёй вёсцы да жніўня 1943 года.
У снежаньскую ноч 1942 года мы пачулі грукат у шыбу, а затым у дзверы. Бацька запаліў лямпу, запытаў: «Хто там?», «Свае, адчыняй», — пачулася з вуліцы. У хату ўвайшло 10–12 чалавек, іх выгляд быў бандыцкі. Я напалохаўся і пачаў моцна плакаць. «Заткніце яму рот!» — закрычаў адзін з іх. Потым яны запыталіся, ці ёсць у вёсцы немцы. Бацька адказаў, што іх няма і не бывае, можа адзін-два разы на месяц прыедзе патруль у дзённы час і ўсё. Старэйшы сказаў: «Нам патрэбна адзенне, абутак, харч». Мама хутка падрыхтавала яешню, парэзала сала, каўбасу, хлеб, паставіла на стол салёныя грыбы, капусту — усё, што было. Ці то ў жарт, ці ўсур’ёз адзін запытаўся: «А дзе самагонка?» Але самагонкі ў нас не было. Пасля «трапезы» бацька аддаў ім боты, ватоўку, штосьці яшчэ. Але партызанам гэтага было мала: убачылі бацькаў кажух — забралі, сушыліся каля печкі валёнкі — забралі. Бацька ўпрошваў не забіраць кажух і валёнкі, селяніну без іх зімой вельмі цяжка пражыць. Старэйшы са злосцю прамовіў: «Зараз я цябе прыстрэлю, і не патрэбны табе будуць ні кажух, ні валёнкі».
Настрой у партызан сапсаваўся. «Дзе харчы?» — звярнуўся да мамы адзін з партызан. «Дык я ж вас пакарміла», — адказала яна. Пачуўшы гэты, як ім здалося, наіўны адказ, партызаны раз’юшыліся. Яны патрабавалі адчыніць клець, забралі сала, каўбасы, кумпякі — усё, што можна было несці і колькі можна было панесці. Гэта было звычайнае рабаўніцтва.
Нам пашчасціла, што ў іх не было транспарту і нават рэчавых мяшкоў. У нас засталося збожжа, бульба, у хляве стаяла жывёла. Пасля гэтага здарэння прадукты харчавання мы трымалі ў розных месцах, у тайніках. І вопратку на віду не трымалі. Мой бацька вельмі шкадаваў кажух і валёнкі.
Для параўнання хачу сказаць, што за ўвесь час акупацыі ў нашу хату ўсяго аднойчы зайшоў немец. Гэта было ў студзені 1942 года. Ён пераступіў парог і прамовіў: «Матка, яйка», — і чакаў, стоячы на палавіку ля дзвярэй. Са спалоху мама схапіла кошык з яйкамі і паднесла немцу. «Найн, найн», — сказаў ён і паказаў пяць пальцаў. Мама паклала на яго далонь 5 яек, ён сказаў: «Данке», — і выйшаў з хаты.
Праўда, у верасні 1941 года цераз нашу вёску ішла румынская часць. Яна прыпынілася на кароткі адпачынак. Румыны распалілі паходную кухню, але, відаць, у іх не было чаго закінуць у кацёл. Яны хадзілі па дварах і, не зважаючы ўвагі на гаспадароў, лавілі курэй. Курынае кудахтанне раздавалася па ўсёй вёсцы. Я і мая бабуля Наста сядзелі ў гэты час на прызбе сваёй хаты і назіралі за гэтым спектаклем. Бабуля ціха абуралася, а мне было смешна. Некалькі кур не далічыліся і мы.
Читать дальше