Выбіты быў з каляіны і я. У гэты час ужо вучыўся ў школе ў Міры. Да гэтага ж адзін год вучыўся ў пачатковай школе ў нашай вёсцы. Вучняў было мала. Вучыліся па два класы: 1 і 3, 2 і 4. Было два настаўнікі. У тыя галодныя, цяжкія гады пытанне ўкамплектаванасці класаў і школ не ўзнікала. Трэба было вучыць. У 3 класе, у які я прыйшоў, нас было тры вучні. Прайшло паўгода: дваіх перавялі ў 2 клас, мяне - у 4. Пасля заканчэння здаў экзамен і ў пяты клас пайшоў у Мірскую сярэднюю школу. Школа была драўляная, размяшчалася на ўсход ад замкавых валоў. Вучыліся ў дзве змены. У школу хадзілі пешшу - кіламетраў было з сем. Хадзілі ў любое надвор’е. Зімой выходзілі яшчэ цёмначы. Часта даводзілася ісці аднаму. Па дарозе былі відаць збоку толькі дзве хутарскія сядзібы. Аднаму было страшна. Але што зробіш: трэба было вучыцца. Па лясах яшчэ бадзяліся бандыты, было шмат ваўкоў. Ды, дзякуй Богу, нічога гэтага мне не давялося спаткаць. Вучыўся ахвотна. Асабліва падабалася руская літаратура. Настаўніца была ў нас выдатная (яна ж і дырэктар школы) - Марыя Паўлаўна Багамазава. Пазней ёй было нададзена ганаровае званне Заслужаная настаўніца БССР, узнагароджана ордэнам Леніна.. Яна была спакойная, вытрыманая, голасу не павышала. Расказвала цікава, даходліва, з унутраным хваляваннем. Слухалі яе ўважліва, стараліся добра рыхтаваць урокі. Заахвочвала да чытання. Помню, з якім хваляваннем чытаў я том са Збору твораў А. С. Пушкіна (яго паэмы), які настаўніца дала мне. Чытанне гэтай кнігі было сапраўдным святам. Яна яшчэ больш заахвоціла маё імкненне да чытання. Якраз у гэтыя гады з’явілася ў мяне нейкая сапраўдная прага да чытання. Кніг было мала і ў школьнай, і ў раённай бібліятэцы. Перачытаў я іх шмат. Вучоба з цягам часу стала справай звычайнай, штодзённай. Поспехі былі нядрэнныя - адзнакі ў асноўным 4 і 5. Усё больш пачынаў як бы прывыкаць да навакольнага свету, уваходзіць у гэты свет, пазнаваць яго. Часта перабіраліся праз вал, заходзілі ў замак. Ён быў увесь разбураны. Даху на вежах не было, вакон таксама. Знайшлі там прыстанішча 2 ці 3 сям’і, у каго згарэлі хаты. Лесвіц не было: высока падняцца нельга было. Расказвалі, што ў вайну ў замку немцы трымалі яўрэяў - было гета. Недалёка ад школы на ўсход, ля самай дарогі (гасцінца) на Стоўбцы знаходзілася вялікая яма, дзе былі пахаваны расстраляныя фашыстамі яўрэі. З даўніх часоў Мір быў вядомы як адзін з культурных і рэлігійных цэнтраў яўрэяў у гэтым рэгіёне. У гістарычных даведніках паведамляецца, што, напрыклад, у 1886 гозе тут было 7 сінагог. Зноў жа гістарычныя даведнікі сведчаць, што пад канец XVIII - пачатак ХІХ стагоддзя ў Міры было 76 крамаў. А крамы былі ў асноўным у руках яўрэяў. Была свая школа. Былі ў горадзе могілкі праваслаўныя, каталіцкія, яўрэйскія і татарскія. У тыя гады па плошчы, здавалася, яны былі дзесьці аднолькавых памераў. Этнічна, рэлігійна, напэўна, шмат у чым і побытава жылі вернікі па-рознаму, захоўваючы свае традыцыі і законы. Найбольш адносілася гэта да яўрэяў і татараў. Зноў жа, у ранейшыя гады была тут і мячэць. У той час, калі я вучыўся ў Міры, а гэта былі 1946-1952 гады, працавала Троіцкая царква, якая была заснавана яшчэ ў XVI стагоддзі. Мікалаеўскі касцёл, пабудаваны таксама ў XVI стагоддзі, быў напаўразбураны і прыстасаваны да нейкіх гаспадарчых патрэб. Недалёка ад замку ў парку знаходзілася высокая капліца - пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, пабудаваная недзе ў 1911 годзе. Яна ўражвала выдатным, вялікім вобразам Ісуса Хрыста. Здзіўляў парк. Здаецца, жылі мы ў лесе, розныя дрэвы бачылі. Але тут сустракаліся зусім нам не вядомыя. Усё гэта - і замак, і царква, і касцёл, і капліца, і пейзажны парк - узбуджала наша ўяўленне, абуджала фантазію, выклікала якуюсьці ўнутранную трывогу. Штурхала да роздуму, не пакідала месца для абыякавасці.
Як ужо зазначалася, калі згадваліся клады, Мір быў населены людзьмі рознай этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. Акрамя беларусаў было шмат яўрэяў, палякаў, татар, рускіх. Але, што характэрна: нацыянальныя ці то рэлігійныя адметнасці ў школе зусім не адчуваліся. Ды ў той час пра якіясьці рэлігійныя прыхільнасці асабліва ніхто не выказваўся. Мы, як прыехалі ў Бербашы, нейкі час хадзілі ў царкву ў Мір - бацька зноў спяваў у царкоўным хоры, маці ў святочныя дні абавязкова наведвала царкоўную службу. Мы, дзеці, хадзілі на ўсяночную. Аднойчы на Вялікдзень у царкве людзей было шмат, мяне так заціснулі, што я аж заплакаў. Дзесьці пасля гэтага больш і не стаў хадзіць. Тым больш, што пачаліся піянеры, камсамол. Усе сталі атэістамі...
Читать дальше