.А лета праляцела імгненна. Трэба было збірацца ў Сярагі. Хутка ў школу. Сэрца трывожна сціскалася. І хацелася прыехаць і ўцячы з дому, каб ніколі туды больш не вяртацца. Але бабуля Яніна супакойвала: «Хутка зноў лета. І мы цябе забяром да сябе. А хочаш, хадзі ад нас у Засульскую школу».
Толькі хто ж мяне адпусціць. Трэба рабіць выгляд, што ў сям’і ўсё добра. І я вяртаюся ў халодны і чужы для мяне родны дом.
А Татаршчына, верыцца мне, яшчэ не раз прыветна сустрэне і нас, і нашых дзяцей, і нашых сяброў. І, спадзяюся, нашых унукаў і праўнукаў. І назаўсёды застанецца для мяне найлепшай у свеце мясцінай — маёй радзімай.
* * *
Стаўбцоўшчына! Мой любы сэрцу край.
Яшчэ адзін куток у Беларусі,
Куды душой збалелаю імкнуся,
Дзе так прыветна стрэне шумны гай
І здыме стому ціхая Сула,
Як верная дачка сівога Нёмана.
І ногі панясуць мяне нястомна
Да некалі шматлюднага сяла.
...Жыццё гартае вечны каляндар.
Сыходзяць людзі — патухаюць зоры.
Спатоль тугу, мой дзедаўскі абшар.
Дай птушцы крылы лётаць на прыволлі.
Сяброўства са словам
Яшчэ ў першым класе я перачытала шмат кніг з дамашняй бібліятэкі і вельмі любіла ў той час творы Івана Шамякіна. Бацька, бачачы, што я чытаю кнігі не па ўзросце, аднойчы прынёс мне «Канька-гарбунка» Пятра Яршова. Я прачытала з цікавасцю. Але ўсё ж мне больш падабаліся сур’ёзныя мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў. (У свае сем гадоў я была надзвычай дарослая для казак. Парадаксальна, але захапленне імі прыйдзе да мяне значна пазней, калі сама стану мамаю.)
Яшчэ адной любоўю і на ўсё жыццё для мяне сталі творы Івана Мележа. Так атрымалася праз гады, што сваю дыпломную працу ў педуніверсітэце я пісала на тэму «Няўласна-простая мова ў творах Івана Мележа». Таму «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» вывучыла амаль на памяць.
А ў Сяражскай сярэдняй школе, дзе я правучылася 8 класаў (на той час базавая адукацыя), я з цікавасцю наведвала ўрокі беларускай літаратуры, тым больш што родную мову і літаратуру выкладаў у нашым класе мой бацька, Іван Паўлавіч Янучок.
Кожны з урокаў беларускай літаратуры нагадваў міні-спектакль. Іван Паўлавіч, які меў, акрамя філалагічнай, яшчэ адукацыю рэжысёра народнага драматычнага тэатра, выдатна дэкламаваў. Ведаў на памяць мноства вершаў беларускіх і рускіх паэтаў.
Усе захоплена слухалі настаўніка і нават некаторым школьным хуліганам сваволіць на ўроку не хацелася. Усім было цікава. Бацька не любіў ставіць двоек. Ён даваў тым, хто не вывучыў, дадатковае заданне дадому і абавязкова выклікаў вучня на наступны ўрок. Таму ўсе ведалі, што вывучыць давядзецца. Ну, а калі выходзіла да дошкі я, то ўсе маглі спакойна сядзець і слухаць, таму што амаль трыццаць хвілін Іван Паўлавіч «дапытваў» мяне. Задаваў дадатковыя пытанні, а ў канцы абавязкова пытаўся ў класа:
— Як думаеце, якую адзнаку заслугоўвае вучаніца?
— Пяцёрку! — чулася дружнае ў адказ.
Я вучылася на выдатна, і бацьку вельмі важна было, каб аднакласнікі бачылі, што адзнакі мае заслужаныя.
Вось так паступова і ўзнікала любоў да ўсяго беларускага і ў прыватнасці да роднай літаратуры. Стаўшы сама настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, я часта прыгадвала тыя бацькавы ўрокі і да сённяшняга дня ўдзячная яму за выхаваную любоў да роднага слова. Гэта былі першыя крокі. Затым вялікі ўплыў на маё прафесійнае станаўленне аказала сястра Ларыса Іванаўна Пшанічная, якая акрамя медыцынскай, мела яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі — настаўніка беларускай мовы і літаратуры і дэфектолага-лагапеда — і аддала педагагічнай працы трыццаць два гады.
Пройдзе час, і мы з Ларысай Іванаўнай будзем працаваць разам настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў слуцкай СШ № 10 імя С. Ф. Рубанава. Менавіта ў той школе, дзе наш бацька ў 1948 годзе быў на педагагічнай практыцы.
А пакуль што любоў да кнігі, чытання, цікавыя школьныя ўрокі, без сумневу, паўплывалі на тое, што ўжо ў першым класе я пачала, як некалі казаў незабыўны Алесь Пісьмянкоў, «думаць вершы». І гэтыя вершаваныя дзіцячыя радкі давалі надзею на маё далейшае сяброўства са словам.
Студэнцкае жыццё
Верасень 1980 года. Падчас вучобы на першым курсе Мінскага медыцынскага вучылішча № 2 жыву ў сям’і сястры Тамары, на вуліцы Галадзеда. І хоць самі яны на той час месціліся з маленькімі дзецьмі ў «палутарцы», знайшлося там месца і мне. Родныя вырашылі прыгледзець за мною, пятнаццацігадовай, дапамагчы на першым часе адаптавацца ў вялікім горадзе, за што я ім вельмі ўдзячная.
Читать дальше