Уражанні, якія ўзнікаюць, калі дачытваеш апошнюю старонку рамана, хочацца выказаць словамі самога ж Караткевіча: "Вось, здаецца, і нічога не здарылася, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі".
Хаця ў гэтай, першай рэцэнзіі на раман з празмернай сур'ёзнасцю даказвалася відочнае, хаця некаторыя папрокі сёння выглядаюць дробязнымі, але ўсё ж Уладзімір Караткевіч, відаць, застаўся задаволены ёю. Бо на пленуме (ці нейкім іншым сходзе) у Саюзе пісьменнікаў БССР (месціўся ён у будынку насупраць цяперашняга кінатэатра "Піянер") ён спытаў у Янкі Брыля: — А хто ды хто той рэцэнзент? Пазнаём мяне з ім.
Янка Брыль паклікаў мяне і прадставіў высокаму і плячыстаму мужчыну, амаль яшчэ юнаку. Ён прымружана і дапытліва глядзеў рознакаляровымі (адно шэраватае, а другое сіняватае) вачыма і шырока, крыху іранічна ўсміхаўся. Мы неяк збянтэжана паціснулі ўзаемна рукі. І Караткевіч тут жа, неяк вельмі натуральна перайшоўшы на "ты", запрапанаваў:
— То пасля ўсяго пойдзем да мяне, паседзімо. Згодзен?
І мы пайшлі ў кватэру, якую ён толькі што атрымаў у блочным, "хрушчоўскім", доме па вуліцы Чарнышэўскага пад нумарам 7. У доме жылі і іншыя пісьменнікі (на пятым паверсе, помніцца, Валодзя паказаў мне кватэру Адамчыкаў). Халасцяцкае жытло Караткевіча было на "Парнасе" — на пятым паверсе і складалася з аднаго пакоя і цеснай кухні. Пра адзін пакой згадваю спецыяльна, бо нядаўна ў цікавых успамінах Арсена Ліса напаткаў сцвярджэнне, нібы тая кватэра была двухпакаёвая. Аўтара ўспамінаў, відаць, падвяло тое, што потым, пасля пераезду з Оршы маці Валодзі, Надзеі Васільеўны, "хата" была перагароджана шафай з прыбітай да яе шырмай: злева, ля акна, месціўся "габінэт" з раскладным крэслам, справа, ад увахода — мікраскапічная спаленка з тахтой… Але тады, у нашу першую сустрэчу, пакой быў яшчэ не разгароджаны, не застаўлены кніжнымі паліцамі.
— Кнігі яшчэ засталіся ў Оршы, — тлумачыў гаспадар, паказваючы сціплую "хату". — Цеснавата тут.
Але я стаў супакойваць яго, параўноўваючы свой прыватны пакойчык на Сельгаспасёлку з ягоным "цывілізаваным" жыллём. Зрэшты, потым Валодзя не раз казаў, што нідзе яму не пісалася так хораша, як на Чарнышэўскага. Ды яшчэ ў Оршы.
У той вечар, аднак, мы не спыніліся ў пакоі, а пайшлі на кухню, "самае ўтульнае і зручнае месцейка", дзе Валодзя запарыў у "турцы" каву (гэта ён умеў рабіць як ніхто), выцягнуў з "затыркі" бутэльку сухога віна. І прасядзелі мы разам аж да трох гадзін ночы. Натуральна, я распытваў пра раман "Нельга забыць". Караткевіч прызнаў, што ён сапраўды вельмі аўтабіяграфічны. Ды і ў іншых герояў ёсць рэальныя прататыпы. Яніс — гэта, да прыкладу, цудоўны латышскі паэт Еранім Стулпан. Няўхвальна, з унутраным болем Валодзя гаварыў толькі пра М., маскоўскую даследчыцу гісторыі мастацтваў, выведзеную ў рамане пад прозвішчам Горавай, — здалося, з ёю былі звязаны сур'ёзныя пачуцці і няздзейсненыя надзеі… Без непатрэбнай сціпласці аўтар лічыў раман сваёй удачай і спадзяваўся хутка пабачыць яго ў выглядзе асобнай кніжкі.
Потым мы сталі ўзаемна расказваць, што было "да таго". Валодзя згадваў Оршу, дзе прайшлі яго дзяцінства і школьныя гады, ваеннае ліхалецце, калі ён аказаўся ў Арэнбургу (урэзаліся ў памяць вярблюды, якія, раззлаваўшыся, дужа пляваліся), разбураны пасляваенны Кіеў, дзе ён жыў у цёткі, вучобу ў Кіеўскім універсітэце, адкуль яго ледзь не выключылі за нацыяналізм… украінскі. Гэтаму універсітэту Караткевіч быў асабліва ўдзячны: там ён сустрэў верных сяброў, мудрых настаўнікаў накшталт прафесара Бялецкага, там, удалечыні ад Беларусі, зразумеў, што такое Радзіма.
— Калі б гэта ад мяне залежала, то кожнага вучня, дзесьці ў класе дзевятым, пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб адчуў тугу па сваім. Рос патрыётам.
Потым гаворка пайшла пра першыя крокі ў літаратуры. "Непісьменным" Валодзя сябе не памятаў. Рыфмаваць, дзеля забавы, пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Першы верш напісаў дзесьці год у чатырнаццаць ("але гэта было яшчэ дзеля смеху"). Сур'ёзна заняўся паэзіяй пасля універсітэта, калі працаваў настаўнікам у Тарашчы на Украіне, а потым у Оршы. З Оршы паслаў некалькі вершаў сябру (здаецца, Валянціну Краўцу, потым выкладчыку політэхнічнага інстытута) у Мінск, а той, без ведама аўтара, аднёс іх у "Полымя". Такім чынам у 1955 годзе пабачыў свет караткевічаўскі "Машэка". Амаль адначасна ў зборніку пра Янку Купалу былі апублікаваны ўражанні з паездкі ў Вязынку (Валодзя лічыў іх "сапраўдным дэбютам").
— Некалькі вершаў, — працягваў Караткевіч, — я неабачна аддаў у аршанскі "Ленінскі прызыў". Неабачна, бо не падумаў, як іх успрымуць дамарошчаныя "знаўцы". А яны, аказалася, дыхалі яшчэ сталінскім духам. Вядома, былі там і слабаватыя вершы. Але мне папала за іншае — за безнадзейнасць, чорную меланхолію, захапленне гісторыяй. Адным словам — за безыдэйнасць. Супрацоўнік рэдакцыі Высоцкі напісаў (мусіць, яму "падказалі") супраць мяне разносны артыкул "Не ў нагу з жыццём". Гэта ён — у нагу, заўсёды ў нагу, паводле загада, як былы вайсковец, а я — не… Найбольш лаяў ён верш "Вадарод" — нібы я прадракаю там пагібель нашай краіны. А я ж толькі хацеў папярэдзіць: атам — магутная, карысная, але і небяспечная сіла. Дураксы, а дураксаў на свеце многа, могуць знішчыць зямлю… Што пасля таго артыкула пачалося! Арганізаваныя лісты ў рэдакцыю, спецыяльная канферэнцыя "абураных" чытачоў на льнозаводзе. Нават дайшло да таго, што аршанская газета пачала вучыць розуму самога Броўку: замест таго каб прызнаць крытыку "знізу" і паўшчуваць мяне за памылкі, ён сказаў на адным сходзе, што я падаю цікавы голас… У школе працаваць стала ну проста немагчыма. І тады я рашыў падацца ў Маскву — на Вышэйшыя літаратурныя курсы. А потым — сцэнарныя. Многа там спазнаў новага… Так што цяпер, выходзіць, я павінен нават дзякаваць таму салдафону Высоцкаму. Ворагаў мне ён прыдбаў, але — і сяброў. Пасыпаліся абураныя лісты ў Мінск, Глебка з Казекам выступілі ў маю абарону ў "Звяздзе". У Саюз мяне прынялі.
Читать дальше