— А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў — пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку… Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне — суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч — уласных дзяцей… Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. І што я мог ім адказаць?!
Мы бачылі, што пасля баталій вакол рамана 1965–1967 гадоў Караткевіч паастыг у дачыненні да "Каласоў…". Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданні (накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць "Зброя", якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самстойным "адгалінаваннем". Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзесятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа.
Аднак вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг "Каласоў…". Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай "Мёртвых душ". Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. Не знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці "У снягах драмае вясна", хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд… Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка — кніг, архіва, памятак — не мелі доступу пабочныя асобы.
Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля "Званоў Віцебска" і "Кастуся Каліноўскага" збіраўся паставіць "Маці ўрагану". Караткевіч вылецеў туды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п'есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:
— Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!
Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі:
— Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы… З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.
У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут "класныя спецыялісты", што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны "Каласоў…"). Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне "Каласоў…" як пра нешта рэальнае.
Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта.
Аднак вернемся зноў у другую палову шасцідзесятых гадоў. Абмеркаванне "Каласоў…" у Саюзе пісьменнікаў БССР, галасы грамадскасці ўсё ж зрабілі сваю добрую справу. Алесь Адамовіч прайграў бы заклад, бо асобнае кніжнае выданне рамана пабачыла свет не праз пяць гадоў, а хутчэй — у 1968 годзе. На гэты раз Герцовіч змаўчаў (скардзіўся толькі на адной высокай нарадзе, што ў сувязі з яго артыкулам пра Караткевіча нават "Звязда" патрабуе, каб ён падпісваўся псеўданімам, на што Адамовіч падаў рэпліку: "Гэта робіць гонар "Звяздзе"). Затое "левая" і "ўмераная" крытыка (С. Андраюк, М. Ермаловіч, Г. Кісялёў) сустрэла кніжны варыянт рамана як творчую ўдачу аўтара, дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. І сапраўды, "Каласы пад сярпом тваім", няхай і не закончаныя, з'явіліся адным з першых нашых гістарычных раманаў у поўным сэнсе гэтага слова. Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў ХІХ стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алойза Ірасека. Не з'явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо "Салавей" З. Бядулі, "Спрадвечнае" Б. Мікуліча або "На шляху з варагаў у грэкі" Я. Дылы — гэта толькі першыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай "пустаты", пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. І ён прыйшоў у асобе Уладзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы "Каласам…". Яны — не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі фарміравання самой літаратуры. У "Каласах…" нас здзіўляе ўменне пісьменніка пранікнуць у сутнасць, дух эпохі, аддаленай ад нас больш чым на стагоддзе, узнавіць колішняе жыццё, асэнсаваць яго, не мадэрнізуючы, — і адначасова з пазіцый сённяшняга дня. Для гэтага патрэбны былі не толькі глыбокія і разнастайныя веды, але і творчая інтуіцыя. Патрэбен быў вялікі талент.
Читать дальше