Пасля паўторнага арышту Юльяна Бакшанскага быў зроблены старанны вобыск у доме Бакшанскіх у Тупальшчыне. Пры вобыску жандары знайшлі дзённік пятнаццацігадовай сястры рэвалюцыянера, Анелі Бакшанскай. Кожны радок дзённіка «палаў незвычайнай нянавісцю да ўрада». Маладую патрыётку аддалі за гэта пад строгі паліцэйскі нагляд.
Які ж далейшы лёс смелага рэвалюцыянера? Улічваючы, што Бакшанскі абвінавачваўся ў антыўрадавай дзейнасці ўжо другі раз, віленскі ваенны суд прыгаварыў яго да бестэрміновай катаргі. Потым кара была зменшана да дванаццаці год катаргі. Адбываў яе Бакшанскі ў Забайкальскай акрузе. Пасля амністыі вярнуўся ў 1858 годзе на радзіму.
Як бачна з мемуараў ураджэнца Валожыншчыны Яўгена Кавалеўскага, выдадзеных у пачатку XX стагоддзя ў віленскай друкарні М. Кухты, у 1863 годзе Бакшанскі разам са Святолдычам арганізаваў асобны паўстанцкі атрад з 20-25 чалавек. Але ў вёсцы Свечкі паміж Маладзечна і Гарадком царскія войскі разбілі паўстанцаў з дапамогай мясцовых сялян. Побач з іншымі ў баі загінуў і Бакшанскі. Яго цела пахавалі ля мястэчка Краснае, у Плябаніі.
У біяграфіі Юльяна Бакшанскага ёсць нямала загадак, якія яшчэ трэба высветліць савецкім і польскім даследчыкам. Аднак ужо і цяпер ясна, што гэта быў заступнік за народную справу, сапраўдны рэвалюцыйны дэмакрат.
НА КРЫЛЛЯХ НАРОДНАЙ ПЕСНІ
Да якога часу аднесці станаўленне беларускай нацыянальнай музыкі? Адказ на гэта пытанне адзіны: па-сапраўднаму яна пачала развівацца толькі пасля Кастрычніка. Але беларуская савецкая музыка ўзнікла не на голым месцы. Ужо былі даволі даўнія традыцыі. Ужо існавалі сотні запісаў і апрацовак беларускіх народных песень і танцаў, беларускія творы Грыневіча, Рагоўскага, Галкоўскага. У сваю чаргу ў іх таксама былі свае папярэднікі...
А між тым, калі чытаеш сёння працы некаторых даследчыкаў, узнікае ўражанне, нібы ў музычным жыцці Беларусі ў XIX стагоддзі быў суцэльны вакуум. Нібы тады мы не мелі сваіх кампазітараў і музыкантаў, сваіх імён, вартых памяці.
На самай справе ўсё выглядае інакш. Былі ў Беларусі кампазітары, пісаліся і выконваліся творы. На жаль, большасць з гэтых твораў загінула або яшчэ не знойдзена.
Амаль усе кампазітары, якія ў XIX стагоддзі нарадзіліся або жылі ў Беларусі, па гістарычнай традыцыі лічылі сябе палякамі. Але ўзраслі яны на беларускай глебе, натхняліся беларускай рэчаіснасцю, выкарыстоўвалі беларускія народныя мелодыі. І таму творы гэтых аўтараў стаяць ля вытокаў беларускай нацыянальнай музыкі.
Аб тым, што музычнае жыццё Беларусі было ў мінулым стагоддзі даволі інтэнсіўным, сведчаць наступныя звесткі, узятыя з розных даўніх крыніц.
Фларыян-Станіслаў Міладоўскі, кампазітар і піяніст (1819-1889). Нарадзіўся і доўгі час жыў у Мінску. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў ад бацькі. Потым вучыўся ў Мендэльсона ў Берліне. У 1861 годзе дырыжыраваў у Мінску сваёй аперэтай «Канкурэнты» (на словы Лапіцкага і Сыракомлі). Творы Міладоўскага друкаваліся ў самых розных гарадах Еўропы: у Вене — «Фартэпіянная саната для чатырох рук», у Парыжы — «Паланез для фартэпіяна», у Варшаве — тры «Мазуркі», у Вільні — два «Накцюрны». У Мінску, у друкарні Валіцкага, выдадзены «Паланез на чатыры рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў» і зборнік «Польскія песні». Творчасць Міладоўскага высока цаніў Ф. Ліст, з якім ён быў знаёмы асабіста. Напярэдадні паўстання 1863 года кампазітар апынуўся ў Францыі, у выгнанні. Там і памёр.
Міхал Ельскі, брат беларускага пісьменніка Аляксандра Ельскага, кампазітар, скрыпач і літаратар. Нарадзіўся 8 кастрычніка 1831 года на Міншчыне, у Лядах. Музычную адукацыю атрымаў у мінскага педагога і кампазітара Канстанціна Кржыжаноўскага. Пасля 1875 года асеў у сваім маёнтку Дудзічы ля Мінска. Выступаў з канцэртамі ў Кракаве і Франкфурце-на-Майне. Пісаў танцы і інструментальныя мініяцюры, якія ўбачылі свет у Кіеве ў 1852 годзе. У 1899 годзе выдаў у Мінску кнігу на польскай мове «Музычныя даследаванні». У часопісе «Эхо музычнэ» надрукаваў успаміны аб музычным жыцці ў Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Запісваў ноты беларускіх народных песень і танцаў. Памёр у 1904 годзе.
Іяахім Глінскі, спявак, арганіст і кампазітар. Нарадзіўся ў 1853 годзе ў Будславе, памёр 16 сакавіка 1898 года. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў. Працаваў у Гродне арганістам. Пісаў музыку ка словы Міцкевіча, танцы і маршы. Пачаў оперу «Паята» па сюжэт з літоўска-беларускай гісторыі.
Читать дальше