Самымі значнымі фігурамі ў музычным жыцці тагачаснай Беларусі былі Міхал Агінскі, Станіслаў Манюшка і Антон Абрамовіч. Па-рознаму яны ставіліся да беларускага народнага меласу, па-рознаму яго выкарыстоўвалі. Жывучы ў Беларусі, Міхал Агінскі тым не менш заставаўся выключна польскім кампазітарам. Але ён ужо праяўляў цікавасць да беларускай песні (мінскі мастацтвазнаўца Л. Фёдараў сцвярджае, што водгукі беларускіх жніўных песень чуваць у вядомым паланезе «Развітанне з радзімай»). Яшчэ больш цікавіўся беларускімі мелодыямі Станіслаў Манюшка. Яны выкарыстаны ў многіх яго песнях, оперных арыях і інструментальных творах. Урэшце Антон Абрамовіч ужо свядома лічыў сябе беларускім кампазітарам. Некаторыя яго інструментальныя і вакальныя творы цалкам заснаваны на беларускім матэрыяле.
МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ
...Аднойчы, год дзесяць назад, выпадковасць прывяла мяне на невялікую чыгуначную станцыю Залессе, якая знаходзіцца паміж Маладзечна і Смаргонню. Цягнік пазніўся — і пасажыры стоўпіліся вакол танклявага юнака з рэдкім тады яшчэ партатыўным радыёпрыёмнікам у руках. Перадавалі канцэрт па заяўках, а ў ім — абавязковыя частушкі, «Падмаскоўныя вечары»... І раптам загучаў элегічны паланез Агінскага. Бадай, усе прысутныя да драбніц ведалі гэту празрыстую лірычную мелодыю, у якой зліваецца ў адно непаўторнае цэлае і горыч паражэння, і сум расставання з усім, што бясконца блізкае і роднае, і адначасова — фанфарны заклік, «пабудка» ісці ўперад, да перамогі. Творы сапраўднага мастацтва — а паланез «Развітанне з радзімай» адносіцца да іх — не старэюць таму, што кожная сустрэча з імі адкрывае нешта новае, сугучнае нашым думкам і пачуццям... Вось чаму ўсе пасажыры, якія былі на пероне, студэнты і чыгуначнікі, служачыя і калгаснікі, слухалі, бы зачараваныя і прыварожаныя да месца.
Скончыўся канцэрт. Адышоў кудысьці юнак — а ўсе маўчалі.
Першы парушыў цішыню пажылы ваенны.
— Кажуць,— уздыхнуў ён,— гэты самы Агінскі застрэліўся. Закахаўся без узаемнасці ў арыстакратку — і пакончыў жыццё самагубствам. Каля яго трупа знайшлі шматок паперы, спісаны нотамі...
— А я чуў,— перапыніў ваеннага сусед пенсіённага ўзросту,— што за рэвалюцыйную дзейнасць цар загадаў пасадзіць Агінскага ў каземат. У ноч перад расстрэлам вязень развярэдзіў сабе палец і ўласнай крывёю напісаў на сцяне паланез. Таму і называецца ён «Развітанне з радзімай»...
У гутарку ўмешваліся ўсё новыя і новыя людзі, пачаліся спрэчкі. Хтосьці з жанчын успомніў радыёперадачу, у якой расказвалася пра тое, што ў час паўстання 1794 года Агінскі безнадзейна закахаўся ў панну Ядвігу, якая памагла яму ўцячы за граніцу, выратаваўшы ад расправы царскіх улад. Нехта прыгадаў, што на поўдні Беларусі ёсць канал, які носіць імя Агінскага. І ніхто з прысутных не звяртаў увагі на старога калгасніка, які ўвесь час імкнуўся нешта сказаць. Толькі тады, калі падышоў цягнік і ўсе кінуліся да вагонаў, ён звярнуўся да мяне:
— Людзі кажуць, што калісьці ў Залессі жыў пан па прозвішчу Агінскі. Добры, справядлівы быў чалавек. Любіў ён слухаць вясковых музыкаў. Вунь той парк, тыя прысады, што цягнуцца да Віліі,— усё гэта сляды ягонай бытнасці.
У цягніку я доўга думаў над словамі старога. Перад гэтым мне прыйшлося працаваць у адным з вільнюскіх архіваў. Там у рукі трапіўся пажоўклы дакумент, пад якім стаяў подпіс: «Міхал Клеафас Агінскі». І дата: «14 мая 1820 года, Залессе». Міжвольна ўзнікла думка, а што, калі гэта — адзін і той жа Агінскі і адно і тое ж Залессе?!
Усхваляваны, я вярнуўся дамоў і пачаў гартаць старонкі энцыклапедый, кнігу Ігара Бэлзы «Гісторыя польскай музычнай культуры». Там былі партрэты Агінскага. Са старонак кніг дапытлівым, праніклівым позіркам глядзеў на мяне чалавек з вытанчанымі рысамі твару, у модным тады парыку.
З энцыклапедый і даследаванняў Ігара Бэлзы я даведаўся, што Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў маёнтку Гузава (непадалёку ад Варшавы). Яго бацька паходзіў са старадаўняга роду, пачатак якому паклаў, атрымаўшы маёнтак Агінты, беларускі шляхціц Дзмітрый Глушонак. Дзяцінства будучага кампазітара праходзіла пераважна ў Слоніме, у доме дзядзькі, вялікага літоўскага гетмана Міхала Агінскага, па ініцыятыве якога, дарэчы, і быў пракапаны вядомы канал. У той час Слонім з'яўляўся буйным культурным цэнтрам. З прыгонных сялян гетман арганізаваў сімфанічны аркестр і тэатральную трупу, якая ставіла драмы, оперы і балеты. Будучага кампазітара ў Слоніме вучыў музыцы лепшы тагачасны выкладчык Казлоўскі. Пад яго кіраўніцтвам Агінскі напісаў некалькі фартэпіянных п'ес. Юнак пачаў марыць пра тое, каб стаць кампазітарам.
Читать дальше