У канцы красавіка ўсіх мясцовых паноў агарнула трывога. Шляхціц Аляксандр Букаты, які пазнаёміўся з адозвай у кватэры Банькоўскага, паспешна вярнуўся ў свой маёнтак і прыняў меры, каб «адозва не трапіла ў народныя рукі». Калі ў доме пана Козела група яго суседзяў чытала копію, знятую з адозвы, гаспадар «асабіста закрыў усе дзверы, каб не чулі лакеі». Шляхціц Струміла з-пад Смаргоні хутчэй выехаў у Вільню, бо не быў перакананы, ці «прабыванне на вёсцы не пагражае небяспекай».
Неўзабаве ў Смаргонь асабіста выехаў генерал-губернатар Мірковіч і шэф жандараў Буксгэўдан. Была створана спецыяльная камісія па канфіскацыі ўсіх копій адозвы. У цэлым па Літве і Беларусі было выяўлена некалькі дзесяткаў копій, зробленых рознымі асобамі.
Па сургучнай пячатцы на канверце паліцыі ўдалося знайсці і аўтара таямнічай адозвы. Ім аказаўся дробны шляхціц Юльян Бакшанскі, чалавек з гераічнай біяграфіяй. Бацька яго меў невялікі маёнтак Тупалтшчына і адначасова працаваў аканомам у Смаргоні. Да паўстання 1831 года смаргонскі маёнтак належаў графу Пшэздзецкаму, а пасля быў канфіскаваны і перайшоў у рукі царскай дзяржавы. Становішча смаргонскіх прыгонных мала чым адрознівалася ад становішча ўсіх тагачасных сялян у Расійскай імперыі: яны ўвесь час дабіваліся павелічэння надзелаў і змяншэння падаткаў. У 40-я гады прыгонных прымушалі працаваць, выклікаючы войска і паліцыю. Дзеля гэтага ў мястэчку заўсёды знаходзіўся батальён салдат. Каб навесці парадак, з Пецярбурга прыбылі чыноўнікі па спецыяльных даручэннях.
Усё гэта бачыў у дзяцінстве і юнацтве Юльян Бакшанскі. Яго сэрца напаўнялася спачуваннем да паднявольных сялян і нянавісцю да іх прыгнятальнікаў. Стаўшы ў 1838 годзе вучнем Віленскай гімназіі, ён чытаў забароненыя вершы, удзельнічаў у рабоце тайных згуртаванняў. У 1841 годзе пятнаццацігадовага юнака арыштавалі і саслалі ў Разань, дзе ён бясплатна працаваў у губернскім праўленні па 14 гадзін у суткі. Бакшанскага пазбавілі нават права: выходзіць за горад і перапісвацца са сваякамі. Аднойчы ён спрабаваў расказаць аб сваім становішчы губернатару, але той цынічна адказаў, што ...дазваляе закончыць жыццё самагубствам. Даведзены да адчаю, Бакшанскі спрабаваў застрэліцца. Калі пасля выхаду з бальніцы ён напісаў скаргу на імя цара, яго на год кінулі ў турму.
У пачатку 1846 года Бакшанскага адпусцілі на волю. Але па-ранейшаму ён быў гатовы да любога самаахвярнага кроку ў імя свайго народа. Пазней Бакшанскі прызнаўся пры допыце, што яго фантазію распальвалі «паўстанні ў Аўстрыі і ў Кракаве, а таксама арышты людзей за палітычныя справы — ва мне гарэла нянавісць да ўлады, і, будучы патрыётам, я шукаў выпадку, каб адпомсціць».
Як бачна са следчых матэрыялаў, адозва «Да смаргонскіх сялян» была толькі першапачатковым этапам запланаванага сялянскага паўстання. Са слоў Бакшанскага відаць, што ён спецыяльна заключыў дагавор з кампаніяй па будаўніцтву маскоўскай чыгункі, каб бесперашкодна раз'язджаць па Смаргоншчыне і Ашмяншчыне і такім чынам весці рэвалюцыйную агітацыю сярод беларускіх сялян. Паўстаўшы, яны павінны былі накіравацца ў Вільню і ўзяць горад.
Адозва «Да смаргонскіх сялян» дазваляе зрабіць вывад, што яе аўтар па сваіх перакананнях быў рэвалюцыйным дэмакратам. Бакшанскі пераконвае сялян, што яны з'яўляюцца асноўнай вытворчай сілай грамадства, што прыгоннае права, прыгнёт чалавека чалавекам трэба знішчыць, бо ўсе людзі маюць аднолькавае права на свабоду і шчасце. Аўтар апраўдвае класавую нянавісць сялян да паноў і кліча сялян расправіцца са сваімі прыгнятальнікамі ўзброеным шляхам. Для гэтага трэба аб'яднацца з салдатамі, якіх таксама прыгнятаюць афіцэры. Знамянальна, што, як і Сыракомля ў «Добрых весцях», Бакшанскі спасылаецца на нядаўнія падзеі ў Галіцыі, дзе польскія і ўкраінскія сяляне рашуча распраўляліся са сваімі класавымі ворагамі. Але, адмаўляючы тагачасную рэчаіснасць, Бакшанскі не дае станоўчай праграмы, нічога не піша пра тое, якім павінен быць грамадскі лад пасля перамогі ўзброеных сялян.
Як сведчыць сучасны польскі гісторык Д. Файнгауз, апрача адозвы «Да смаргонскіх сялян», Бакшанскаму належыць таксама адозва да інтэлігенцыі, якую рэвалюцыянер збіраўся разаслаць ад імя тайнага Саюза сяброў чалавецтва. У гэтай адозве выразна гучаць патрыятычныя нацыянальна-вызваленчыя матывы. «Мы жывём у гістарычны час,— пісаў Бакшанскі.— Кожны дзень мы можам спадзявацца, што пачнуцца хваляванні ва ўсёй Еўропе, пачнецца вайна з агульным дэспатам. Кожны дзень мы можам спадзявацца смерці або доўгай і трывалай свабоды — для нас і нашых дзяцей».
Читать дальше