Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзьве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зельле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе… Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, Ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэет. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім ня ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі [12] Ліцытацыя (польск. licytacja ) — аўкцыён.
, дзівосныя аплаты за ўсё й сьлёзы, сьлёзы маіх бацькоў… «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж…» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасьць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага ня сьмеў змусіць… Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць сваяго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць…» Тады стары тата маяго мужа працягнуў рукі да мяне. абняў мяне й сказаў: «Я шчасьлівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі ня можаш ты скрыўдзіць сваіх баць коў, дык ніколі ня скрыўдзіш маяго сына…» Я заплакала. А харошы стары Петр Станіслававіч Геніюш прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной… Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасьці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасьці… I памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, бяз нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. I гэта ёсьць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й ня выракліся народу сваяго й таго, што яму, як усім іншым народам на сьвеце, належыць!
Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасьцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасьць, але пасьля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасьцей… Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасьцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаваньне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя сьвяточныя абеды, так я навучылася прымаць гасьцей. Я сваіх кватэрантаў частавала, як сваіх гасьцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасьля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаваньняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасьць і духовая сіла ўсё перанесвді. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватэрантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’яжджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. I так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.
Бліжыліся польскія выбары, гдзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасьці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасьць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, ня лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апэляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.
Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам ня хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае… Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае зьдзіўленьне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары… Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасьць усюды. Усё цяпер гэта было сьмешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсьць у бацькі 6 гэкт. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі… Ад такой нагласьці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі зьвярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасьці. Вялікая заля, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. I вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсьць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бясьсільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу маяму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы… Цікава… Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У гэты час пануе страшная нянавісьць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зьневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. I так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.
Читать дальше